На факультэце журналістыкі БДУ адкрыўся VII Форум маладых журналістаў «Развіццё айчыннай журналістыкі на сучасным этапе і яе адказнасць перад грамадствам».
Падчас пленарнага паседжання намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Андрэй Кунцэвіч адзначыў [4], што дзяржаўная інфармацыйная палітыка - гэта не замоўчванне праблем, а іх рашэнне ў канструктыўным дыялогу з людзьмі.
Ён акрэсліў, што СМІ павінны быць актыўнымі медыятарамі паміж дзяржаўнымі органамі ўлады і грамадствам, асабліва гэта тычыцца рэгіянальнай прэсы. Яшчэ некалькі гадоў таму было цяжка ўявіць, што YouТube складзе канкурэнцыю тэлебачанню, а блогі будуць фармаваць інфармацыйны парадак дня рэгіёнаў. Пры гэтым галоўнае адрозненне прафесійнага журналіста - адказнасць перад грамадствам.
Намеснік міністра інфармацыі Ігар Бузоўскі дадаў, што грамадства павінна актыўна ўдзельнічаць у фарміраванні каштоўнасцяў і традыцый.
— Адна з вузлавых і найбольш складаных задач дзяржавы і сродкаў масавай інфармацыі звязана з фарміраваннем ў розных груп насельніцтва цэласнай і здаровай сістэмы грамадскага развіцця, — сказаў ён. — Каштоўнасці немагчыма навязаць, гэта — індывідуальны шлях кожнага. У той жа час грамадства павінна актыўна ўдзельнічаць у фарміраванні жыццёвых сэнсаў, светапоглядных культурных установак, пераемнасці традыцый.
«Ва ўмовах глабальнай інфарматызацыі грамадства, нарастаючай дынаміцы ўсіх сацыяльных працэсаў асноўная роля ў фарміраванні каштоўнасных арыентацый асобы і грамадства пераходзіць да медыякультура», - адзначыў намеснік міністра.
Дырэктар-галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда» Павел Сухарукаў падкрэсліў, што ў пагоні за сучаснымі тэхнічнымі магчымасцямі варта не забываць пра тое, што галоўнае ў прафесіі журналіста — гэта Слова. Інтэрнэт — усяго толькі сродак.
«На мой погляд, па-першае, галоўнае — гэта змест, ці моднае зараз слова кантэнт, — сказаў ён. — Калі гэта змястоўна, цікава, модна, сучасна, то гэта мае свайго гледача, слухача, чытача». Паводле слоў кіраўніка Выдавецкага дома «Звязда», вельмі важна, каб журфак рыхтаваў «не проста "пісак"», а людзей неабыякавых да сучаснасці, грамадства, нашай дзяржавы. «Тых, хто будзе фарміраваць інфармацыйную палітыку заўтра, паслязаўтра і на гады»,— падкрэсліў ён.
Гасцей форуму вітала дэкан факультэта журналістыкі БДУ Вольга Самусевіч. На адкрыцці пленарнага пасяджэння яна адзначыла, што ў гэтым годзе факультэт адсвяткаваў 75-годдзе. За гэты час ён падрыхтаваў больш за 10 тысяч высокакваліфікаваных спецыялістаў.
Таксама дыпломы атрымалі пераможцы рэспубліканскага конкурсу маладых журналістаў «Дэбют». Журы вызначала лепшага рэпарцёра, аглядальніка, вядучага радыё- і тэлепраграмы, фотакарэспандэнта. Усяго на конкурс было даслана больш за 30 работ.
Сёлета былі ўведзены новыя намінацыі: канвергентная, мультымедыйная журналістыка, праекты, звязаныя з радыё і тэлебачаннем, трансфармацыяй кантэнту друкаваных выданняў у Інтэрнэце. У журы былі прадстаўнікі вядучых СМІ, выкладчыкі журфака.
– Мы атрымалі добры водгук з рэгіёнаў і нават былі здзіўлены, бо здавалася, што перадавымі з'яўляюцца рэспубліканскія медыя, –адзначыў старшыня камісіі па этыцы конкурса Дзмітрый Партон. – Насамрэч, ёсць вельмі яркія рэгіянальныя праекты, дзе маладая дзяўчына паспяхова вядзе YouTube-канал, ці хлопец развівае сацыяльную сетку.
- Лепшы праект аўтарскай канвергентнай журналістыкі — рэдактар інтэрнэт-рэсурсу раённай газеты «Веснік Магілёва» Анастасія Камкова.
- Лепшы рэпарцёр — спецыяльны карэспандэнт газеты «СБ. Беларусь сегодня» Таццяна Пастушэнка, спецыяльны карэспандэнт агенцтва «Мінск-Навіны» Вікторыя Дарэўская;
- Лепшы аглядальнік — рэдактар аддзела прамысловасці газеты «Жыццё Палесся» (г. Мазыр) Вольга Ардашава, карэспандэнт грамадска-палітычнага жыцця і права газеты «Гомельская праўда» Анастасія Макеева;
- Лепшы аўтар рэгіянальных і карпаратыўных СМІ — загадчык аддзела сельскай гаспадаркі і прамысловасці газеты «Міёрскія навіны» Ігар Матэлёнак, рэдактар інфармацыйна-аналітычнага аддзела газеты «Гродзенская праўда» Кацярына Мацевіч, карэспандэнт газеты «Івацэвіцкі веснік» Ганна Ільяшэвіч;
- Лепшы фотакарэспандэнт, відэааператар, дызайнер, мастак — фотакарэспандэнт БелТА Ягор Паўлюшчык, відэааператар раённай газеты «Аставецкая праўда» Рыгор Равака;
- Лепшы вядучы телепраграмы — вядучы праграмы «Раніца са знакам плюс» на тэлеканале «Гродна плюс» Павел Радзюк;
- Лепшы вядучы радыёпраграмы — рэдактар службы інфармацыйна-аналітычных праектаў «Мінская хваля» Наталля Стрыжак.
На форуме прысутнічалі каля 200 журналістаў рэспубліканскіх і рэгіянальных СМІ, студэнтаў і выкладчыкаў журфака. Яны абмеркавалі, як будзе развівацца журналістыка. Мэтай яго правядзення з'яўляецца павышэнне прафесійных навыкаў у маладых журналістаў.
Арганізатарамі маладзёжнага форуму выступілі БДУ, Міністэрства інфармацыі Беларусі, Беларускі саюз журналістаў і БРСМ.
Прэв'ю: mediakritika.by
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/yuliya-adamovich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/medyya
[4] http://www.zviazda.by/be/news/20191129/1575045574-na-zhurfaku-bdu-prayshou-vii-forum-maladyh-zhurnalistau
[5] https://zviazda.by/be/tags/medyya