You are here

У Чыжоўцы шмат цікавых лакацый для адпачынку і прагулак


У Чыжоўцы шмат цікавых лакацый для адпачынку і прагулак. Карэспандэнт «Звязды» пачаў з незвычайнага — пошуку невядомага парку.Нават мясцовае Чыжоўскае насельніцтва толкам не ведала, дзе ў іх знаходзіцца парк Чырвоная Слабада. «За дзесятай бальніцай і будынкам, дзе на лётчыкаў вучаць, лес, там пашукайце» — параіла пара пенсіянераў.


Людзі не памыліліся — на карце гэтая лакацыя таксама была адзначана як парк Чырвоная Слабада. Вузкая сцяжынка ідзе ўздоўж тылавой, дваровай тэрыторыі акадэміі авіяцыі. Вялікі цёмны лес, унізе срэбнай стужкай цячэ Свіслач — такі пейзаж больш падобны на артадаксальны з таямнічай казкі, чым на паркавы. Падобны яр, але менш круты і высокі, ёсць у Лошыцкім парку. Пра той гісторыкі расказваюць, што ў пачатку ХХ стагоддзя з яго скокнула ў Свіслач пані Ядвіга, якая здрадзіла мужу — графу Яўстафію Любанскаму з губернатарам Мінска, таксама графам, Мусіным-Пушкіным. Яр парку Чырвоная Слабада круцейшы і на вузкай сцяжынцы трэба быць уважлівым, каб не спатыкнуцца і не апынуцца ў «хісткім становішчы» без усялякай псіхалагічнай падаплёкі. Маю боязь развеялі... старыя брэндавыя самалёты грамадзянскай авіяцыі СССР, якія можна было разгледзець праз металічную агароджу. 

Нічога дзіўнага — Беларуская Дзяржаўная акадэмія авіяцыі (БДАА) была створана 1 кастрычніка 1974 года. Тады гэта было Мінскае авіяцыйнае тэхнічнае вучылішча грамадзянскай авіяцыі — знакамітая МАТУГА. (Сам мікрараён пачаў будавацца на месцы вёскі Чыжоўка з 1964 года). Наяўнасць рарытэтнай тэхнікі — гісторыя Мінскіх авіятараў.

Адносна Чырвонай Слабады, дык гэтая мясціна, размешчаная ў пойме Свіслачы паміж вуліцай Галадзеда і МКАД, атрымала сваю назву ад старой вёскі, якая да 1923 года называлася — Архіерэйская Слабада. З вясны гэтага года прыйшла добрая навіна: у Мінску ўзялі пад ахову рэдкі біятоп — лес плошчай 2,6767 га. Старарослая дуброва з ліпай, клёнам, ясенем, якія растуць у ярах і на схілах паўднёва-ўсходняй ускраіны парка Чырвоная Слабада і іншыя прадстаўнікі флоры, будуць расці зараз пад пільнай увагай прыродаахоўных структур.

Чыжоўка адносіцца да спальных раёнаў Мінска, але да вельмі зялёных і спрыяльных для пражывання, дзякуючы выгаднаму ландшафтна-прыроднаму размяшчэнню, рацэ Свіслач і вадасховішчу. Заапарк, напрыклад, даўно адносіцца да славутасцяў Заводскага раёна і сталіцы ў цэлым. Толькі тут гняздуюцца сталічныя буслы — дзве пары на ўвесь Мінск! Парк імя 900-годдзя Мінска, пракладзеныя і добраўпарадкаваныя экалагічныя сцежкі для прагулак і адпачынку сталі прыродным «зазямленнем» для ўрбанізаваных беларусаў. Моднай з’яўляецца таксама зона адпачынку «Спякота», куды прыходзяць за рэлаксам і дзяцей пацешыць жыхары бліжэйшых новабудоўляў вуліцы Карзюкі. Была такая вёска, на месцы якой, як прынята ў Чыжоўцы, зараз горад.

Па суседству са «Спякотай», бліжэй да Лошыцы знаходзіцца не менш цікавая лакацыя з птушынай назвай «Чомга-востраў». Адсюль таксама адкрываюцца сімпатычныя, чыжоўска-водныя пейзажы. А прайшоўшы праз два пешаходныя масткі, можна трапіць на тэрыторыю астраўной Серабранкі. І гэта, як аказалася, самы кароткі шлях, які злучае Завадскі і Ленінскі раёны, таму тут амаль заўсёды, асабліва па выходных, назіраецца людскі рух!


Аляксандр Грыгор’еў

Фота аўтара