You are here

Бабры, чомгі, андатры і іншыя прадстаўнікі фауны прапісаліся ў Мінску


Бабёр здзіраў лапамі лісце вярбы, галінкі якой нахіліліся да самай вады. Часам грызун, знаходзячыся ў вертыкальным становішчы, перамяшчаючыся, перакідваў свой плоскі хвост, які служыў яму апорай. (Такую функцыю хвост выконвае і пры падгрызе бабром дрэва). Трапезнічала паўводная жывёла ў метрах 10-15 ад набярэжнай парку «Курасоўшчына», дзе здзяйснялі вячэрнюю пешаходную і веласіпедную прагулку жыхары Кастрычніцкага раёна Мінска. Аднак, некалькі разоў грызун акунаўся і, трымаючы галаву над вадой, вёў разведку. Вочкі-пацеркі і невялікая мыска нагадвала лычык медзведзяняці. Ён зноў падплываў да разлапістай вярбы. Бобр-гарадскі, адаптаваны і таму — смелы.


Эксклюзіўнымі істотамі Курасоўшчынскага вадаёма з’яўляюцца цікавыя вадаплаўныя — чубатыя чомгі або паганкі. Сям’я з паласатымі птушанятамі (калі яны зусім маленькія, бацькі іх возяць на сабе) чакала бацьку-карміцеля. Той старанна ныраў ля берага пакуль у дзюбе не заблішчала рыбка. Каб ніхто не адабраў здабычу, пачаў раз-пораз занырваць, дабіраючыся да сям’і пад вадой. Рыбку пры гэтым не з’еў і не страціў! Другая вылазка аказалася не такой удалай — самец ныраў доўга. Чомга стала паціху да яго падплываць, і пакінуўшы птушанят на бяспечнай адлегласці, пачала здзяйсняць нырцы, дапамагаць самцу. Дзеці парасплываліся, тады мама вярнулася іх збіраць, як кажуць, да кучы. Самец злавіў-такі рыбку, але ўжо без заныранняў панёс сваім дамачадцам, таму што стаміўся. Кормяць дарослыя малодшых па чарзе, ніякіх разборак за ежу ў сямействе чомг не назіраецца.

На другім Курасоўшчынскім вадаёме, што размешчаны на баку чыгункі, бабры таксама пражываюць, чомгі- не, там больш балоцістая лакацыя і вада бруднаватая. Затое чайкі-рагатухі, асобы досыць агрэсіўныя, тут лётаюць і гарлапаняць дзікім смехам у сваё поўнае задавальненне. У гэтых птушак і ў сябрах, і ў ворагах кракадзіл і чапля вялікая- металічныя кампазіцыі для ўпрыгожвання месца адпачынку гараджан. Пакуль людзі да скульптур дабяруцца, чайкі і пабіцца, і адпачыць паспеюць на кракадзіле і чапле.

За чыгункай пачынаецца Маскоўскі раён сталіцы. У раёне вуліцы Сямашкі каля ракі Лошыцы ёсць экасцежка, дзе пасяліліся вадаплаўныя птушкі- крыжанкі, лысухі. Часам прылятаюць лебедзі і чаплі. Амаль ручнымі тут сталі андатры, іх падкормліваюць рыбакі і моладзь, гуляючая часцей парамі. Тут экалагічны адпачынак суседнічае, як і ў Курасоўшчыне, з паркавым, дзе ёсць гульнявыя дзіцячыя і спартыўныя пляцоўкі і шмат лавак, для сядзення з медітаціямі. Бабры вакол азярца на Сямашку за апошнія пару гадоў пакінулі нямала паваленых дрэў. Іх старанна прыбіраюць працаўнікі Зеленбуда Маскоўскага раёна. Людзі ж адказныя за тых, каго амаль прыручылі.

Аляксандр ГРЫГОР’ЕЎ

Фота аўтара