Літаратурная імпрэза «Паэтычныя вобразы жанчыны» да Міжнароднага дня роднай мовы і Года беларускай жанчыны прайшла ў гісторыка-культурным комплексе «Лошыцкі»
Мерапрыемства стала добрай традыцыяй для Міністэрства замежных спраў, а свята — нагода для таго, каб разам ушанаваць роднае слова, падзяліцца любоўю да беларускай культуры і паэзіі. Усяго вечар аб’яднаў больш за 100 гасцей з 30 краін.
«Сёння мы сустрэліся з вамі з нагоды Міжнароднага дня роднай мовы — свята, якое на працягу ўжо многіх гадоў займае важнае месца ў міжнародным календары па ініцыятыве ЮНЕСКА», — адзначыў міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў, падкрэсліўшы, што гэты дзень нагадвае пра непаўторнасць і каштоўнасць кожнай мовы, яе ролю ў захаванні культурнай спадчыны і фарміраванні чалавека, грамадзяніна: «Родная мова дапамагае нам глыбей адчуць сувязь гісторыі, традыцыі і каштоўнасцяў свайго народа».
Беларуская мова, падкрэсліў ён, гучыць мякка, мілагучна, але ў гэтай мяккасці ёсць і ўнутраная сіла, і годнасць. І нядзіўна: яна нараджалася разам з народам, прайшла разам з ім праз выпрабаванні гісторыі і сёння гучыць ў незалежнай Беларусі. «Ваш удзел, паважаныя сябры, гэта сведчанне безумоўнай павагі да беларускай культуры і яскравы прыклад таго, як слова і таямнічая сіла паэзіі дапамагаюць будаваць трывалую сувязь, давер і узаемаразуменне нашых народаў», — звярнуўся міністр да ўдзельнікаў імпрэзы.
Сёлета сустрэча прайшла ў гісторыка-культурным комплексе «Лошыцкі», які быў адкрыты напрыканцы мінулага года. У гэтым месцы кожны ахвочы можа дакрануцца да багатай культурнай спадчыны Беларусі, адчуць дух гісторыі і прыгажосць спрадвечных народных традыцый. І менавіта тут кіраўнікі дыпламатычных місій з Індыі, Кітая, Кыргызстана, Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, Сербіі, Славакіі, Турцыі, Узбекістана, Вялікабрытаніі, Ізраіля і Сірыі прадэкламавалі творы класікаў беларускай літаратуры. Шмат радкоў былі прысвечаны беларускай жанчыне, адлюстроўваючы прыгажосць і характар нашых суайчынніц.
Дарэчы, гэта стала новаўвядзеннем вечара: упершыню кіраўнікі дыпмісій чыталі вершы не на сваіх мовах, а на беларускай. Раней склалася традыцыя, паводле якой госці знаёмілі публіку з паэзіяй сваіх краін. Але, калі замежныя госці прасякаюцца беларускім словам, пачынаюць адчуваць яго сутнасць, яны лепш разумеюць і саміх беларусаў. Свята стала яшчэ адной прыступкай на шляху да ўмацавання дружалюбных адносін і развіцця даверу паміж дзяржавамі.
Аміна НАЗАРАВА
Фота Лізаветы ГОЛАД