Удзельнікі Таварыства дружбы «Беларусь-Іран», прадстаўнікі пасольства Ірана ў Беларусі і грамадскасці сталіцы, студэнты і выкладчыкі мінскіх навучальных устаноў сустрэліся ў Доме дружбы, урачыстую залу якога ўпрыгожылі Дзяржаўныя сцягі абодвух краін.
Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Ісламскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Алірэза Санэі распавёў перад прысутнымі пра шлях свайго народа да перамогі Ісламскай рэвалюцыі ў краіне, яе самастойнасці і незалежнасці.
Цікавым аналізам падзей былі напонены выступленне Аляксандра Шпакоўскага — члена Пастаяннай камісіі Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па міжнародных справах, члена рабочай групы па супрацоўніцтву з Парламентам Ісламскай Рэспублікі Іран, Пятра Віцязя — акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Алега Перзашкевіча — дацэнта гістарычнага факультэта Белдзяржуніверсітэта.
Падарункі да ўрачыстаці падрыхтавалі майстры мастацтваў. Выкладчык музыкі Аляксандр Баравік віртуозна выканаў творы для скрыпкі, а беларускі паэт, старшыня секцыі перакладаў Саюза пісьменнікаў Беларусі Рагнед Малахоўскі пазнаёміў з творчасцю ўсходніх паэтаў.
Прыгажосць прыроды Ірана, узоры яго старажытнай і сучаснай архітэктуры дэманстравалі відэафільмы на вялікім экране, а экспазіцыя унікальных твораў народных майстроў увачавідку сведчыла пра пераемнасць імі мастацкіх традыцый і захаванне духоўных каштоўнасцей.
Яўген ПЯСЕЦКІ
фота аўтара