Творчая грамадскасць Казахстана правяла круглы стол, прысвечаны тэме зносін паміж беларускай і казахскай літаратурай, тэме ўдзелу этнічных беларусаў, якія жылі альбо цяпер жывуць у Алматы, Астане, іншых куточках багатай на гісторыю азіяцкай краіны, у стварэнні шырокага мастацкага палатна, якое адлюстроўвае жыццё ў самых розных праявах. Сярод удзельнікаў круглага стала — беларуска народны пісьменнік Казахстана Любоў Шашкова, літаратуразнаўца, публіцыст, грамадскі дзеяч Святлана Ананьева, празаік і журналіст Васіль Шупейкін і іншыя пісьменнікі і даследчыкі.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў звярнуўся старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Карлюкевіч. У прыватнасці, ён звярнуў увагу, што мерапрыемства праходзіць у пярэдадзень чарговага, ужо адзінаццатага па ліку, Міжнароднага сімпозіума літаратараў «Пісьменнік і час», да ўдзелу ў якім па традыцыі запрошаны і прадстаўнікі Казахстана. Дарэчы, у 2024 годзе Любоў Шашкову і Святлану Ананьеву прынялі ў Саюз пісьменнікаў Беларусі.
— Круглы стол нагадаў нам, — падзялілася з беларускімі чытачамі сваімі развагамі Святлана Ананьева, — што ў Беларусі і Казахстана гістарычна склаліся трывалыя гуманітарныя, культурныя і літаратурныя сувязі. Мы ведаем пра кніжныя выданні твораў Абая, Мухтара Аўэзава, Немата Келімбетава ў перакладзе на беларускую мову ўжо ў XXI стагоддзі. Мы ўдзячны светлай памяці Міколу Мятліцкаму, а яшчэ Міхасю Пазнякову, Віктару Шніпу, Рагнеду Малахоўскаму за сістэмную ўвагу да казахскай літаратуры, за перакладчыцкія памкненні паказаць мастацкі свет нашага народа.
У апошнія гады ў Беларусі пабывалі многія пісьменнікі, літаратуразнаўцы, перакладчыкі з Казахстана: Герой Працы, народны пісьменнік Казахстана Алжас Сулейменаў, Любоў Шашкова, Святлана Ананьева, Серык Тахан, Нурдаўлет Акыш, Бахытжан Канап’янаў, Кайрат Бакбергенаў, Васіль Шупейкін і іншыя. Кожны з гэтых мастакоў слова зрабіў свой творчы ўнёсак у развіццё і ўмацаванне беларуска-казахстанскага творчага сяброўства.
Раман СЭРВАЧ