Яна стала лаўрэатам абласной літаратурнай прэміі імя Петруся Броўкі ў намінацыі «Паэзія» за выдадзеную ў мінулым годзе кнігу лірыкі «Санеты» (раней такім жа званнем паэтэса была ўганаравана за кнігу «Бераг зарападаў» (2020г.)).
Напрыканцы 2024 года выйшла яшчэ адна яе кніга «Жывуць у Полацку стагоддзі», якая прысвечана Полацку і тым, хто пакінуў след у жыцці горада і станаўленні нашай дзяржаўнасці. Новыя выданні працягваюць творчыя кірункі паэтэсы, вызначаныя ў ранейшых кнігах «З далоняў сэрца» (2007), «Да зямлі прытуліцца» (2009), «З росаў святаянных» (2013), «У месяцовым перламутры» (2017).
На юбілейны вечар Галіны Загурскай «Шчыруе душа», які адбыўся ў Полацкім раённым Цэнтры рамёстваў і нацыянальных культур, прыйшлі літаратары з Полацка і Наваполацка, прыхільнікі яе творчасці, сябры-мастакі з народнага клуба «Белае палатно» Полацкага гарадскога Палаца культуры. Ладзілі вечарыну наддзвінцы, каб выказаць падзяку Галіне Загурскай, якая многа гадоў была рэдактарам найстарэйшай творчай суполкі Беларусі і сёння актыўна ўдзельнічае ў яе жыцці, дапамагае пачаткоўцам у выданні кніг. Пра гэта гаварыла вядучая вечара, кіраўнік народнага літаб’яднання «Наддзвінне» Валянціна Сопікава. Дырэктар цэнтра Алеся Ступакова ўручыла Галіне Загурскай ганаровую грамату аддзела культуры Полацкага райвыканкама.
Падчас вечарыны адбылася і прэзентацыя кнігі Галіны Загурскай «Жывуць у Полацку стагоддзі...».
Тамара ФІЛІМОНАВА