Top.Mail.Ru

Зіновій ПРЫГОДЗІЧ: «Наступныя пакаленні ўзбагацяць скарбніцу прыгожага пісьменства новымі таленавітымі творамі»

Аўтар: Наталля Святлова
28.11.2025 | 18:33

Дыханне пакалення адчуваецца ў серыях кніг пісьменніка, заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь Зіновія Прыгодзіча «Постаці», «Пра літаратуру і літаратараў», «Созидатели»... Праз жыццеапісанні выдатных асоб аўтар асэнсоўвае высокі творчы патэнцыял беларускай нацыі. Быць правадніком ідэалаў любові да Радзімы, бліжняга — гэта доўг пісьменніка ў эпоху раз’яднанасці пакаленняў, згасання каштоўнасных арыенціраў або натуральная праца таго, хто даследуе «сэрцабіццё мільёнаў» суайчыннікаў? Пра гэта — наша гутарка з Зіновіем Прыгодзічам.

— Вы бралі інтэрв’ю ў многіх вядомых дзеячаў культуры, людзей вельмі розных. Хто цяжка ішоў на кантакт, адмаўляўся, а хто, наадварот, лёгка згаджаўся?

— Вы правільна заўважылі: кожная мая гутарка складвалася па-свойму. І гэта зразумела, бо кожны чалавек мае свой характар, свае асаблівасці, калі хочаце, нават свае мілыя дзівацтвы. 

І гэта трэба абавязкова ўлічваць. У мяне праблем не было з тымі, каго я даўно ведаў, з кім не адзін год сябраваў. Праўда, на гутарку з мастацкім кіраўніком Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Міхасём Дрынеўскім рашыўся не адразу. Аказваецца, пра чалавека, якога даўно і добра ведаеш, пісаць не лягчэй, а можа, нават цяжэй. Таму што пра многае з ім ужо перагаворана, шмат абмеркавана, пытанні для яго трэба падбіраць новыя, арыгінальныя.

Ад сустрэчы не адмаўляўся ніхто. Згаджаліся ўсе: хто — больш ахвотна, хто — менш, хто — з некаторымі ўмовамі. Я вельмі хваляваўся, калі тэлефанаваў сусветна вядомаму балетмайстру, мастацкаму кіраўніку нашага Вялікага тэатра оперы і балета, народнаму артысту СССР Валянціну Елізар’еву. На дзіва, ён пагадзіўся адразу, прызначыў дзень і час сустрэчы. Больш за тое, мы сустракаліся з ім чатыры разы запар. І пры ўсёй сваёй занятасці Валянцін Мікалаевіч удзяляў мне па паўтары-дзве гадзіны кожны раз. Тое ж самае было з Аляксандрам Анісімавым, з якім мы сустракаліся ажно пяць разоў. Цяжэй было сустрэцца з вядомым беларускім літаратуразнаўцам, пісьменнікам Адамам Мальдзісам. Не, ён не адмаўляўся, але з гумарам гаварыў: «Калі вы мне надточыце суткі на некалькі гадзін, то гэты час я ахвотна аддам вам». Амаль паўгода мы ніяк не маглі вызначыцца з сустрэчай. Нарэшце ён прызнаўся, што больш цягнуць ужо няёмка, і прызначыў мне спатканне 2 студзеня, на другі дзень новага года, калі яшчэ на яго галаву не звалілася процьма неадкладных спраў і праблем. І мы прагаварылі з Адамам Восіпавічам з 9 гадзін раніцы да 6 гадзін вечара, з невялікімі перапынкамі на гарбату.

— Цікавасць да жанру інтэрв’ю з’явілася адразу пасля вучобы на факультэце журналістыкі БДУ ці ў выніку вашай асабістай апантанасці, увагі да жыцця, творцаў, літаратуры, калег? Што стала штуршком?

— Яшчэ падчас маёй працы загадчыкам кафедры сучаснай літаратуры ў Мінскай партыйнай школе па просьбе слухачоў напярэдадні 40-годдзя Вялікай Перамогі я арганізаваў сустрэчу з Васілём Быкавым, якая прайшла вельмі цікава. На шчасце, яе здагадаліся запісаць, а магнітафонную стужку з гэтым запісам аддалі мне на памяць. Праз пэўны час, ужо ў пачатку новага тысячагоддзя, я ўспомніў пра яе, паслухаў запіс і зразумеў, што ўсё, пра што гаварыў Быкаў, не страціла сваёй актуальнасці. І прапанаваў галоўнаму рэдактару часопіса «Полымя» Мікалаю Мятліцкаму надрукаваць адпаведную гутарку. «Прынось, — сказаў ён. — Калі будзе цікава, апублікуем». Матэрыял неўзабаве быў надрукаваны. Падпісваючы яго ў друк, Мікалай Міхайлавіч нечакана прапанаваў: «А чаму б табе не зрабіць цыкл такіх гутарак і назваць іх «Постаці». Гэта мяне вельмі натхніла, і я на працягу дзесяці гадоў зрабіў і часткова апублікаваў у «Полымі» больш за трыццаць інтэрв’ю. Пазней яны з бласлаўлення вядомага пісьменніка Алеся Карлюкевіча ўвайшлі ў трохтомнік «Постаці». Алесь Мікалаевіч зрабіў да кожнага тома і грунтоўную прадмову.

Як нарадзілася серыя «Созидатели»? Шчыра прызнаюся: гэта не мая ідэя. Падчас шматлікіх сустрэч з чытачамі выказваліся пажаданні выдаць гутаркі і на рускай мове. Пра гэта мне неаднойчы казалі і супрацоўнікі бібліятэк. І я вырашыў пайсці ім насустрач. Але «Созидатели» — не проста пераклад «Постацей». Для новай серыі ранейшыя публікацыі былі абноўлены, дапрацаваны і дапоўнены новымі гутаркамі, якіх набралася больш за дваццаць. І такім чынам трохтомнік вырас у пенталогію.

— Што ў вашай працы самае прыемнае, а што — самае складанае, балючае?

— Калі мець на ўвазе працу над інтэрв’ю, то самае складанае — увайсці з суразмоўцам у цесны кантакт, атрымаць яго поўны давер, і тады гутарка будзе шчырай, змястоўнай, цікавай. Прызнаюся: такі кантакт удавалася знайсці з першай сустрэчы далёка не з кожным героем. А самае непрыемнае ці, дакладней сказаць, тэхнічна нуднае ў гэтай працы — пераводзіць змест гаворкі з дыктафона на паперу. Асабліва калі запіс складае шэсць-восем гадзін. На гэта даводзіцца часам траціць некалькі дзён.

— Янка Сіпакоў, даючы вам інтэрв’ю, сказаў: «Сэрца — пачатак хвалявання, без якога не можа нарадзіцца ніводзін сапраўдны твор». Калі вы чытаеце сучаснікаў, па чым вызначаеце, што твор напісаны сэрцам? 

— Некалі Леў Талстой, гаворачы пра мастацтва, галоўную сутнасць яго вызначыў так: праз мастацкі твор заразіць сваімі эмоцыямі, пачуццямі іншых. Вось калі аўтару гэта ўдаецца, значыць, яго твор напісаны сэрцам. А сэрца не падманеш.

— На напісаным сэрцам выхоўвалася не адно пакаленне. Напрыклад, на кнізе «Дзікі сабака Дынга». А на якіх кнігах выраслі вы?

— На жаль, у мой час — а гэта былі пяцідзясятыя-шасцідзясятыя гады мінулага стагоддзя — у нашай сельскай бібліятэцы, а тым больш у школьнай, падобных кніг не было. Таму я выхоўваўся на класічнай беларускай літаратуры — творах Янкі Купалы, Якуба Коласа, Івана Шамякіна, Івана Мележа і іншых. 

— Сёння літаратура больш разнастайная, але ці значыць, што душэўная? Каго б вы вылучылі з сучасных аўтараў?

— Так, сучасная літаратура непараўнальна больш разнастайная, а ў нечым і больш дасканалая. Але ёй сапраўды не хапае часам той шчырасці і душэўнасці, якія былі ў кнігах савецкага часу. Але гэта, не сумняваюся, праблема часовая. Персанальна некага вылучаць не хацелася б, каб каго не пакрыўдзіць. Гэта — з аднаго боку. А з іншага — мне здаецца, што сёння яркіх, папулярных аўтараў, як было дваццаць-трыццаць гадоў таму, і няма. Але гэта мая асабістая, суб’ектыўная думка.

— А што наконт вашага запаветнага роднага кутка — Пінскай зямлі?

— Піншчына не вельмі багатая на літаратурныя таленты. Найперш можна прыгадаць імёны Яўгеніі Янішчыц, Валерыя Грышкаўца, Анатоля Шушко, Марыі Ляшук... З імі я быў не проста знаёмы, а многія гады сябраваў. Пра гэта напісаў цэлы раздзел у кнізе «Там, дзе Вісліца бруіцца» (урывак з яе друкаваўся ў часопісе «Маладосць» № 7 за 2025 год). 

— Усё больш развіваюцца новыя тэхналогіі, у прыватнасці, набірае абарот трохмерная візуалізацыя. Кніга ёй прайграе ці выйграе?

— У гэтых адносінах кніга, канешне, у многім прайграе. Трохмерная візуалізацыя асабліва падабаецца дзецям, моладзі. Але гэта не значыць, што кніга знікне. Яна набудзе іншыя якасці: стане менш масавай (ужо становіцца), але больш дасканалай у паліграфічным выкананні, больш прывабнай у мастацкім афармленні. Акрамя таго, друкаваная кніга захавае сваю галоўную і вельмі важную перавагу — уласцівасць няспешнага чытання, якое заўсёды выклікае ў чытача пэўны роздум, абуджае, развівае фантазію. 

А гэтыя якасці патрэбны ў любой прафесіі.

— За што вы ўдзячны лёсу і што не можаце прыняць? Якая будучыня ў беларускай літаратуры?

— Лёсу я ўдзячны перш за ўсё за тое, што ён даў мне магчымасць у меру сваіх сіл служыць яго Вялікасці Слову. А што тычыцца лёсу беларускай літаратуры, то я веру ў яе шчаслівую будучыню. Мастацтва, як вядома, развіваецца хвалепадобна. І таму за сённяшнім пэўным спадам абавязкова наступіць уздым, і наступныя пакаленні скарбніцу прыгожага пісьменства ўзбагацяць новымі, таленавітымі творамі.

Гутарыла Наталля СВЯТЛОВА

Фота Кастуся ДРОБАВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю