Top.Mail.Ru

Зімнія святы вачыма дзяцей

Аўтар: Лізавета Крупянькова
16.01.2025 | 13:53

Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры запрашае на выстаўку дзіцячай творчасці «Калядныя замалёўкі». Юныя мастакі праз мастацкія сродкі адлюстравалі ўласны погляд на любімыя зімнія святы.


Выстаўка арганізавана па выніках аднайменнага конкурсу «Калядныя замалёўкі — 2024» на найлепшы дзіцячы малюнак ці выраб дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, які праводзіцца ўжо больш за 10 гадоў. Праект заснаваны па ініцыятыве Музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры пры падтрымцы Мінскай гарадской арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры з мэтай падтрымаць таленавітых дзяцей і падлеткаў і заахвоціць да стварэння высокамастацкіх работ.

Галоўнай тэмай конкурсу з’яўляюцца традыцыі святкавання Каляд, што садзейнічае далучэнню юных творцаў да беларускай народнай культуры і гісторыі, а таксама дае ўдзельнікам магчымасць паказаць сваё бачанне свята.

У экспазіцыі прадстаўлена 66 арыгінальных мастацкіх работ, сярод якіх 61 твор індывідуальнай працы і 5 калектыўнай. Актыўна праявілі сябе цэнтры пазашкольнай работы «Золак», «Арыён», «Зорка», а таксама сярэдняя школа № 200 і гімназія № 75 імя В. П. Масленікава.

Пераможцы вызначаны ў шасці намінацыях: найлепшы твор выяўленчага мастацтва «Напапярэдадні свята» ў Дзяніса Бегуна (ДУА «Дзіцячая мастацкая школа мастацтваў № 1 імя В. К. Цвіркі г. Мінска»). Найлепшы твор дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва — «Калядкі» Аляксандры Кушлянскай (ДУА «Палац дзяцей і моладзі „Золак“ г. Мінска»). Найлепшы калектыўны твор — «Благая вестка» Аляксандры Кумец і Максіма Бондарава (ДУА «Палац дзяцей і моладзі „Арыён“»). У намінацыі «Арыгінальнасць тэхнікі» перамагла Кацярына Трахімовіч з работай «Доўгачаканыя і любімыя святы зімы» (ДУА «Цэнтр тэхнічнай і мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Фрунзенскага раёна г. Мінска „Зорка“», у намінацыі «Маленькі творца» — Варвара Гербеда (ДУА № 367), у намінацыі «Сімпатыі журы» — Дар’я Панашчык (сярэдняя школа № 200) з творам «Калядная зорка».

На выстаўцы можна ўбачыць малюнкі ў розных стылях і жанрах, вышыўку з традыцыйным беларускім арнаментам, вырабы з керамікі, пап’е-машэ, саломкі і інш.

Юныя творцы эксперыментуюць з рознымі матэрыяламі, аб’ядноўваючы тэндэнцыі сучаснага і традыцыі народнага мастацтва. Тут ужо даўно знаёмыя, класічныя святочныя сюжэты, але пераважае аўтарская інтэрпрэтацыя Каляд. Мастакі спалучаюць рэлігійныя матывы з язычніцкімі абрадамі.

Галоўнымі героямі дзіцячых твораў сталі распаўсюджаныя вобразы калядоўшчыкаў — каза, заяц, мядзведзь, сімвал 2025 года змяя і традыцыйны спадарожнік зімы снегавік. Персанажамі рэлігійных твораў з’яўляюцца анёлы, якія з дапамогай каляднай зоркі дораць нам веру ў лепшае заўтра. 

Выстаўка «Калядныя замалёўкі» дазваляе паглядзець на свята з дзіцячым захапленнем, наіўнасцю і цеплынёй. Вачыма юных творцаў — атмасфера чараўніцтва Ражджаства Хрыстовага, цудоўны час, калі спраўджваюцца ўсе мары. Конкурс звяртае да беларускіх народных традыцый, якія не знікнуць, пакуль моладзь памятае пра іх. 

Праект працуе да 15 студзеня.

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю