Top.Mail.Ru

Жывапісны імпульс лета

22.08.2025 | 07:35

Атмасферная летняя экспазіцыя працуе ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь. Маштабны выставачны праект «Лета. Спякота» (куратар — Кацярына Калянкевіч) знаёміць з чароўнымі жывапіснымі творамі беларускіх мастакоў з калекцыі музея, аб’яднанымі цеплынёй і ласкавым сонейкам, якога сёлета так не хапае.


Экспазіцыя налічвае каля 100 твораў беларускага жывапісу з фондаў НММ. Агульная мэта выстаўкі — рэпрэзентаваць вобраз лета, летняй спёкі і іншых яго сюжэтна-тэматычных варыяцый у розных жанравай і стылістычнай інтэрпрэтацыях айчынных майстроў. 

Галоўны вобраз — яркае сонейка — тлумачыцца ў шырокай палітры сэнсавых адценняў: ад старадаўняга фальклорнага значэння да сучаснага яго ўспрымання як крыніцу цяпла і нябеснае свяціла. Менавіта сонцу прысвечаны кароткі відэашэраг з цытатамі сусветна вядомых паэтаў і празаікаў. Сонечнымі промнямі напоўнены і класічныя пейзажныя замалёўкі, і традыцыйны кветкавы нацюрморт, і загадкавыя абстракцыі. Акрамя звычайнага прызначэння — саграваць усё жывое на зямлі, у творчых варыяцыях беларускіх майстроў сонца нясе міфалагічны і нават сакральны сэнс. Як сімвал пачатку і будучыні, яно ўвасабляе жыццёвую энергію, адраджэнне і вечны кругаварот у прыродзе.

Быццам духоўны арыенцір, сонца вядзе чалавека праз мінулае, сучаснасць і будычыню — да бясконцай вечнасці. Здаецца, сама выставачная прастора напоўнена святлом не электрычных лямпаў, а жывапісным ззяннем ад мастацкіх палотнаў.

12_30_Б.jpg


— Наша задача — паказаць, як мастакі ўяўлялі лета. Многія работы былі створаны на пленэрах. Тут можна ўбачыць кветкі, настрой у партрэце, сюжэтныя кампазіцыі сучасных мастакоў, калі мы не бачым фігур, аднак ёсць адчуванне і настрой, — адзначыла загадчык аддзела беларускага мастацтва ХХ—ХХІ стст. 

Нацыянальнага мастацкага музея Святлана Кот.

Сустракае экспазіцыя творамі вядомых беларускіх майстроў Уладзіміра Стальмашонка, Яўгена Харытоненкі, Ядвігі Радзялоўскай, Раісы Кудрэвіч, Яўгена Зайцава, Віталя Цвіркі, Мікалая Чурабы, Мікалая Казакевіча і іншых. Нягледзячы на агульны гістарычны перыяд, у якім жылі і працавалі жывапісцы, выстаўка ўражвае багаццем творчых інтэрпрэтацый летняй тэматыкі і жанравай разнастайнасцю. 

Для многіх мастакоў і, напэўна, гледачоў лета асацыіруецца з дзяцінствам, з вакацыямі ў вёсцы ў дзядулі і бабулі, вясёлым адпачынкам на беразе ракі і шчырымі размовамі пад зорным небам. Менавіта так уяўляе лета Антон Бархаткоў («Вечар на Бярэзіне», 1969), Віктар Грамыка («Жнівень», 1971), Мікалай Казакевіч («Над роднымі прасторамі», 1979), Мікалай Бушчык («Вечар у Старажоўцы», 1948), Яўген Зайцаў («Плёс», 1961), Іван Рэй («Захад. Сонца ўгасае», 1984). Сентыменальна-летуценныя світанкі, песенна-лірычныя матывы пейзажаў адлюстроўваюць лета як адвечную маладосць, напоўненую жыццялюбствам, гармоніяй і надзеяй на лепшае заўтра.

Сюжэтна-побытавыя сацрэалістычныя кампазіцыі Уладзіміра Стальмашонка («Поўдзень», 1961; «Інтэр’ер», 1958), Альгерда Малішэўскага («Даяркі. Поўдзень», 1960), Гаўрыіла Вашчанкі («Чэрвеньскі мёд», 1982), Віталя Цвіркі («Ганча — зямля партызанская», 1969), Мая Данцыга («Растуць новыя кварталы», 1960), Ізраіля Басава («Мінск. Поўдзень», 1960; «Зялёны Мінск», 1961) блізкія кожнаму гараджаніну, якім прыходзілася праводзіць летнія дзянькі ў душных сценах кватэр пад бясконцы гул аўтамабіляў. Аднак у гэтым таксама можна знайсці сваю эстэтыку, што і паказвае праект «Лета. Спякота».

Вядома, летні сезон — самы напружаны перыяд для турыстычных агенцтваў. Доўгачаканы адпачынак ці канікулы хочацца правесці ярка і запамінальна, таму многія выбіраюць фармат вандроўкі. У экспазіцыі прадстаўлены падарожныя і курортныя замалёўкі ў выкананні Яўгена Зайцава («Вечар. Дуррэс», 1958; «Гіракастра. Ускраіна горада», 1958; «Стары горад Шкодэр», 1958), Віталя Цвіркі («Узбекскі дворык», 1945; «На восліку. Узбекскі дворык», 1943; «Раніца ў кішлаку», 1943), Мікалая Чурабы («Яхты», 1949), Фёдара Бараноўскага («Юнацтва», 
1970) і інш. Цікава параўноўваць гэтыя работы з папярэднімі выявамі вёскі. Нягледзячы на аднолькавую колеравую палітру, стыль, жанр, нават краявіды, творы маюць выразныя адрозненні ў настроі і перададзенай атмасферы.

12_30_А.jpg

12_30_Ж.jpg

12_30_Е.jpg

Выстаўка зацікавіць прыхільнікаў розных стылістычных кірункаў, бо акрамя традыцыйных рэалізму і сацрэалізму тут дэманструюцца абстрактныя і сюррэалістычныя работы. У яркіх і эксцэнтрычных спалучэннях колераў і фактуры нельга ўбачыць канкрэтныя вобразы — для кожнага тут пануе індывідуальная атмасфера і захаваны ўласны сэнс. Абстракцыя прадстаўлена работамі Сяргея Кірушчанкі (дыптых «Тыя, хто збіраюць расу», 1995), Анатоля Кузняцова (дыптых «Міфалагічны краявід», 2011), Аляксандра Салаўёва («Метамарфозы», 2010), Галіны Русак («Сонцаварот Купалле», 1990-я) і інш. Творы ярка кантрастуюць з класічнымі кірункамі жывапісу, ствараючы новыя грані, на першы погляд, простай тэмы.


Жанравая разнастайнасць экспазіцыі знаёміць з невычарпальным патэнцыялам сучаснага беларускага выяўленчага мастацтва. У сценах Н ацыянальнага мастацкага музея можна ўбачыць традыцыйныя пейзажныя замалёўкі, гарадскі пейзаж, сюжэтна-побытавыя сцэны, партрэт, нацюрморт. Апошні прадстаўлены работамі Ядвігі Радзялоўскай («Нацюрморт на хустцы», 1981; «Мальвы», 1973) і Валерыяны Жоўтак («Нацюрморт. Лета», 1977). Яркія кветкавыя кампазіцыі ствараюць атмасферу лірыкі і рамантызму.

12_30_Д.jpg

  • Спалучэнне розных стылістычных кірункаў, жанраў і аўтарскіх інтэрпрэтацый дае гледачу магчымасць убачыць, як класіка пераплятаецца з авангардам, а простыя, на першы погляд, тэмы набываюць новыя адценні. Лета — універсальная і маштабная тэма, якая ўспрымаецца па-рознаму, у залежнасці ад жыццёвага досведу чалавека. Выставачны праект у мастацкім музеі прапаноўвае паглыбіцца ў летнюю атмасферу і знайсці сваё ўвасабленне гэтай прыемнай пары.
Выстаўка працуе да 21 верасня.
Лізавета КРУПЯНЬКОВА
Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю