Шматгранны сімвал гэтым разам аб’яднаў зробленае жывапісцамі з усёй краіны. Зразумела, лабірынт заўсёды ўяўляе сабой шлях, які патрабуе шматлікіх намаганняў і пераадолення перашкод. І ўсё робіцца для дасягнення мэты. Фармулюе вандроўнік гэтую мэту або не, уяўляе сабе яе або нават не здагадваецца, што чакае ў выніку, дарога можа і не вывесці з лабірынта. Ці можна быць да гэтага гатовым?

Вікторыя Ільіна «Паводка», 2025 г.
Тым не менш, калі пазнаёміцца з творамі выстаўкі і прасачыць зробленае мастакамі раней, то высвятляецца, што многія аўтары свой выбар даўно зрабілі, а ў якіх бы там ні было пошуках патрэбы не маюць. Ім зручна крочыць па пратаптанай (імі ці папярэднікамі) сцяжыне і атрымліваць асалоду ад шпацыру. А калі задаволены таксама спадарожнік — глядач, — то якія пытанні...
У экспазіцыі «Лабірынт» ёсць творы і такіх мастакоў, якія шматлікіх кампаньёнаў для падобнай прагулкі пакуль не маюць, — маладых аўтараў. Сярод іх, напрыклад, — Ангеліна Вашчанка, прадстаўніца знакамітай мастацкай дынастыі, якая выступае з аўтапартрэтам 2020 года. У творы выяўлена не толькі бачанне аўтара самой сябе, але і стаўленне да традыцый сусветнага жывапісу, інтэрпрэтацыя класікі. Тым часам Кацярына Пашкевіч ва «Уладкаванні дому» (2025) звяртаецца да знакамітага сюжэта савецкага жывапісу з наваселлем, а Марта Шчэрбіч у карціне «Лялечка» (2024) разважае на актуальную для сучасных мастакоў тэму жаноцкасці.

Тамара Дзяменцьева «Audi, vide, tace», 2007 г.
Асобная частка экспазіцыі — творы майстроў, якія ўпрыгожваюць любы выставачны праект. Палатно «Хлопчык і птушка» (2008) Віктара Кліменкі (1941–2010), якога большасць ведала як выдатнага графіка, уяўляе сабой чуллівае апавяданне пра дзяцінства і адзіноту. Нацюрморт «Мелодыя» (2022) Васіля Сумарава — увасабленне прасветленай узнёсласці і радасці. «Сёстры» і «Гуканне вясны» (абедзве работы 2025 года) Мікалая Кірэева нібы гімн жыццю, апяванне вытанчанасці жанчыны. Пераасэнсоўваюць вобразы герояў старажытных міфаў Леанід Хобатаў («Венера», 2024) і Уладзімір Вішнеўскі («Еўропа», 2020), а сцэны з жыцця беларуса пераносяць на свае палотны Уладзімір Ганчарук («Палеская па́ра», 2021) і Уладзімір Церашчук («У тыя часы. Калодзеж», 2024)... У большасці работ услаўляюцца зямная гармонія і хараство — праз колеравую гармонію і адлюстраванне самага прыгожага, што акаляе чалавека. Дарэчы, самыя папулярныя колеры твораў экспазіцыі — зялёны і жоўты; сімвалізуюць яны, вядома, прыроду і жыццё, абнаўленне і спакой, сонечнае святло і цяпло, радасць і стваральную энергію...
З выстаўкай «Лабірынт» у Палацы мастацтва можна пазнаёміцца да 25 чэрвеня.
Яўгенія ШЫЦЬКА