Тут рамонкі цалуюць калені
Адну са сваіх выставак у сталіцы Уладзімір Кучук калісьці назваў: «З крыніц тваіх не нап’юся я, дарагая мая Беларусь». Ураджэнец вёскі Чурылава доўгі час прыязджаў сюды на выхадныя ды ў час водпуску, а гадоў колькі таму назаўсёды перабраўся на малую радзіму.
З дзяцінства яго вабіла мастацтва. Маляўнічая прырода прынёманскага краю штодзень адкладвала ў душы хлапчука пэўныя малюнкі, прывучала бачыць прыгожае сярод звычайнага. Не было ў тыя гады (нарадзіўся Валодзя ў звычайнай вясковай сям’і ў 1949 годзе) сучаснай дзіцячай школы мастацтваў. Скончыў прафтэхвучылішча, але газазваршчыкам папрацаваць не паспеў — пайшоў у армію.
Пасля службы стаў навучэнцам Гродзенскага культпрасветвучылішча. А адсюль жыццёвы шлях прывёў на мастацка-графічны факультэт Віцебскага педінстытута. Пашанцавала і з размеркаваннем — трапіў на працу мастаком-афарміцелем у адну з мінскіх устаноў. Атрымаў кватэру ў сталіцы. У гэты час ён ужо меў сям’ю — жонкай была чурылаўская дзяўчына Лідзія Махнач. У 1977 годзе набываюць Кучукі зямельны ўчастак у вёсцы Чурылава. Пабудавалі ўтульны дом, куды сям’я (нарадзіліся дзве дачкі) часта прыязджала адпачыць ад гарадской мітусні.
У. Кучука запрасілі на працу ў адзіную ў той час у Мінску дзіцячую школу мастацтваў. Гэтай установе аддадзена больш за 30 гадоў, і толькі напярэдадні 2021-га загадчык мастацкага аддзялення вырашыў яе пакінуць, хоць і прасілі застацца. «Дапамог» каранавірус — Уладзімір Сцяпанавіч вяртаецца да вясковай цішыні і творчай працы.
А маляваў пастаянна. Хоць і адбіралі шмат часу абавязкі па афармленні метадычных дакументаў, падрыхтоўцы юных навучэнцаў да паступлення ў мастацкія вучылішчы, вышэйшыя навучальныя ўстановы па профілях «скульптура», «жывапіс», «мастацкі дызайн», рэдка пакідаў сухімі пэндзлі і надоўга адкладваў палітру. Плённымі былі паездкі ў Чурылава.
— Абыходзіў і па-новаму адкрываў для сябе знаёмыя з дзяцінства мясціны, — прыгадвае Уладзімір Сцяпанавіч. — Колькі сюжэтаў для новых пейзажаў знаходжу ва ўрочышчы Борык (лес, што пачынаецца паблізу фермы і цягнецца аж да Борак), на выгане, каля рэчкі. Раней жа Уздзянка, пакуль прырэчныя балоты асушваць не пачалі, вясной так разлівалася, што ўтваралася сапраўднае Зарэчча. Многія звычайныя «дробязі» радуюць вока: расцвітае бэз, яркай чырванню раскідваецца рабіна, бусел па поплаве шпацыруе. Невыпадкова ж у гэтых мясцінах, у тым ліку і ў нашым Чурылаве, шмат творчых людзей нарадзілася. Як тут ні згадаць радок з верша магільнянскай паэтэсы Галіны Нічыпаровіч «Тут рамонкі цалуюць калені»…
Чурылаўскія пейзажы, нацюрморты ляглі ў аснову многіх карцін мастака. Ствараліся яны і ў горадзе, калі раз на тыдзень меў магчымасць браць «творчы дзень» і знаходзіў мясціны, вартыя ўвагі і адлюстравання на палатне. Былі персанальныя выстаўкі ў Вілейцы, у сталічным Палацы мастацтваў. З асаблівым хваляваннем прывозіў свае карціны на Радзіму. І вось большасць работ Уладзіміра Сцяпанавіча (каля сарака) вярнулася ў родную вёску.
— Прыгожы дом — прыгожая вёска, прывабны раён, краіна, — разважае мастак. — Калісьці, яшчэ ў маладосці, служыў у Германіі. Там усе дамы, вуліцы як на падбор, нібы спаборнічаюць за права называцца найлепшымі. На падворках не крывыя цяпліцы з выкарыстаных аконных рам, не прымітыўныя лаўкі з двух слупкоў і дошкі, а штосьці цікавае, арыгінальнае. А ўжо якую фантазію праяўляюць у высаджванні кветак, дэкаратыўных раслін! Не толькі перад Новым годам, а рэгулярна гірлянды з электралямпачак ад дома да дома, праз вуліцу развешваюць... У той час я думаў: ці прычакаем калі, каб і ў нашым Чурылаве, іншых вёсках штосьці падобнае было. А вось і да нас дабрабыт прыйшоў…
Але многае і мы страчваем. Паціху пусцеюць вёскі. У гады яго маладосці, пазней, калі прыязджаў сюды як на дачу, было ў Чурылаве пяць чарод уласных кароў, амаль на кожным падворку свінні, авечкі, птушка.
А цяпер усяго дзве рагулі на ўсю вёску. Новыя дачнікі здзіўляюцца: няма дзе дамашняе малако купіць! Уладзімір Сцяпанавіч не хоча далёка наперад загадваць, але ўпэўнены: на яго сядзібе будуць і козы, і куры, і індыкі. Будзе і персанальная выстаўка карцін у райцэнтры.
Пленэр працягам больш за пятнаццаць гадоў
Ні сталічнае месца нараджэння, ні акадэмічная мастацкая адукацыя (скончыў Мінскае вучылішча імя Глебава, аддзяленне жывапісу Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута), ні магчымасць мець пастаянныя зносіны з прадстаўнікамі высокага свету мастацтва не перашкодзілі Алесю Філіповічу перабрацца ў вёску Куль, каб тут жыць і пісаць.
Яго карціны ўпрыгожвалі не адну прэстыжную рэспубліканскую і міжнародную выстаўку, захоўваюцца ў калекцыях знаўцаў сапраўднага мастацтва ў Літве і Польшчы, Латвіі і Украіне, Расіі і Эстоніі, Францыі і Германіі, Англіі і ЗША. А ён прымае рашэнне пераехаць у сельскую мясцовасць. Не на цэнтральную сядзібу, не ў добраўпарадкаваны аграгарадок, а па ранейшых мерках на хутар, дзе ўсяго каля дзесяці жылых дамоў і яшчэ менш жыхароў, якія пастаянна тут жывуць.
Што паўплывала на такое рашэнне чалавека, які нарадзіўся і ўсё жыццё правёў у сталіцы?
— Гэта маміна радзіма, і пераехалі мы ў дом дзеда, — расказвае Алесь Міхайлавіч. — Я тут праводзіў дзіцячыя гады, можна лічыць, вырас у гэтых мясцінах. Мой бацька — каваль, маці працавала бухгалтарам. Усё жыццё ў сталіцы прыгадваў час, калі прыязджаў сюды на канікулы: маляўнічая прырода (акружаная лесам вёска, поле, лес, балотца), адчуванне поўнай свабоды, прасторы, цішыні, свежасці. Застаўся ў памяці і мясцовы фальклорны калектыў, духавы аркестр шасцідзясятых гадоў мінулага стагоддзя: барабан, труба, скрыпка, дуда. Захаваўся, напэўна, адзін з першых маіх малюнкаў алеем, нават не малюнак, а эскіз (мне тады гадоў дванаццаць было): ваколіца Куля, стажок і лось бяжыць. А яшчэ — партрэт барабаншчыка.
Так, маляваў хлопец з малых гадоў. Напэўна, маляўнічыя уздзенскія мясціны і зрабілі ўплыў на выбар будучай прафесіі. Да яе ішоў мэтанакіравана, крок за крокам: наведванне звычайнай мастацкай школы, затым — мастацкае вучылішча імя Глебава, аддзяленне жывапісу тэатральна-мастацкага інстытута. Дыпломную работу абараніў у 1993 годзе. Камісія з выкладчыкаў прэстыжнай навучальнай установы высока ацаніла яго гістарычную карціну.
Прайшоў загартоўку характару ў час службы ў арміі. Пашанцавала і з першым месцам працы — запрасілі выкладаць выяўленчае мастацтва ў ліцэй імя Ахрэмчыка. На працягу дзесяці гадоў вучыў пачаткоўцаў адрозніваць сапраўдную прыгажосць ад павярхоўнай, высокае мастацтва — ад кітчавага. І сам вучыўся, адточваў грані майстэрства, наведваючы гарадскія і рэспубліканскія пленэры, выстаўкі. А першым сапраўдным поспехам лічыць Алесь Міхайлавіч удзел у І Усесаюзнай выстаўцы маладых мастакоў, куды трапіў у 23-гадовым узросце.
Паступова вызначыўся з жанрамі, якім затым аддаваў перавагу на працягу творчай дзейнасці: нацюрморт, партрэт, гістарычная карціна. Займеў уласную майстэрню, невялікі пакойчык пры лакафарбавым заводзе. Тут гадзінамі аддаваўся сваім марам, фантазіям, праектам, якія часцей нараджаліся пасля выезду на прыроду. І я пагаджуся з меркаваннем: пераважная большасць сапраўды таленавітых пісьменнікаў, мастакоў, кампазітараў, архітэктараў, іншых творцаў мае вясковыя карані. Цяжка стварыць штосьці геніяльнае, абмежаваўшыся сценамі гарадской кватэры.
У 2009 годзе А. Філіповіч прымае рашэнне не на месяц-другі, а назаўсёды перабрацца на Уздзеншчыну. Прывёз на агледзіны ў Куль жонку, дзяцей. Старэнькі, непрывабны знешне дом, сад, падворак, якія патрабуюць пастаянных догляду, сіл і сродкаў, спачатку не вельмі прывабілі сямейнікаў. Ды ўрэшце яны падтрымалі рашэнне мастака быць бліжэй да натуры, жыць у атачэнні знаёмых з дзяцінства краявідаў, каб натхняцца імі не час ад часу, а пастаянна.
Спачатку многія творчыя памкненні давялося адкласці на потым ці чаргаваць іх ажыццяўленне з куды больш празаічнымі клопатамі па ўладкаванні на новым месцы. Не сталі адбудоўваць у вясковай глушы катэдж ды адгароджвацца ад суседзяў высокім жалезным плотам. Не спяшаліся і свіней, курэй, іншую жыўнасць заводзіць. Цяпер гэтым не займаюцца нават многія вяскоўцы, якія пастаянна і даўно тут жывуць. Затое набыў Філіповіч сабаку пароды тазы, а затым і беларускага ганчака. Калісьці продкі беларусаў шляхетнага паходжання выкарыстоўвалі іх для палявання, і адна такая жывёліна каштавала не менш, чым два кані! Ёсць і стрэльба, дакументы паляўнічага, але са зброяй ужо даўно не выходзіць. Хіба што на імправізаванае паляванне ў стылі пазамінулага стагоддзя, што часам ладзіць знаёмы ўладальнік аграсядзібы для фотасесіі...
І конь, дакладней кабыла Марта з’явілася на падворку не для таго, каб гаспадарчыя работы выконваць.
З задавальненнем гаспадар кожную раніцу выводзіць яе, каб навязаць на найбліжэйшай лугавіне, а вечарам адкладвае творчыя ці іншыя задумкі, выводзіць за вёску і верхам аб’язджае знаёмыя мясціны, у спакойнай абстаноўцы абдумвае свае планы на заўтрашні дзень. Часта менавіта ў гэты час нараджаюцца новыя сюжэты, аблюбоўваюцца мясціны для чарговага пейзажа. Колькі іх адлюстравана ўжо на карцінах, а колькі яшчэ чакае сваёй чаргі! На палотнах можна ўбачыць Парыж, Вільню, Браслаў, але часцей — урочышчы Воўчы хвост і Барсукі, Лазараў брадок і Сташэўшчыну, фальварак Емельянова ды іншыя прынёманскія мясціны.
— Часта малюю на беразе Нёмана за Андрушамі, — расказвае Алесь Міхайлавіч. — Тут заўсёды ціха, спакойна, а дрэвы, кусты, вада, паварот ракі кожны раз выглядаюць па-іншаму, і я стараюся ўлавіць усе адценні фарбаў, у залежнасці ад надвор’я ўбачыць настрой гэтага куточка.
Любімай справай займаецца кожны дзень. Калі дзве гадзіны, калі, пад настрой, — з раніцы да вечара.
У пакойчыку-майстэрні з дзясятак эскізаў. Каб не быць поўнасцю ізаляваным ад высокага мастацтва, наведвае Мінск, знаёміцца з выстаўкамі сына, іншых творцаў.
А на Уздзеншчыне дзякуючы намаганням Алеся Міхайлавіча за гэтыя гады адбылося нямала цікавых мерапрыемстваў. Наш раён наведалі знакамітыя мастакі Леанід Гоманаў, Віктар Барабанцаў, Уладзімір Уродніч, Анатоль Бяляўскі, іншыя. Ладзіліся выстаўкі ў раённым гісторыка-краязнаўчым музеі, сустрэчы ў школе мастацтваў, арганізоўваліся пленэры ў розных кутках Прынямоння.
Працуецца на Уздзеншчыне плённа. Напярэдадні шасцідзесяцігоддзя мастака ў райцэнтры была наладжана выстаўка яго работ, з якой затым і жыхары Капыльскага раёна змаглі пазнаёміцца. Заўважаючы мастака з мальбертам у руках, суседзі перакананы: з-пад пэндзля Алеся Філіповіча з’явіцца яшчэ не адзін цікавы твор, які захавае для нашчадкаў на палатне многія тутэйшыя мясціны.
Віктар САБАЛЕЎСКІ
Фота дасланы аўтарам