Алесь Карлюкевіч, старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі, дырэктар выдавецтва «Беларусь»:
«Адценне слоў — не глупства. // Ты ім не пагарджай. // Скарынка. Скіба. Луста. // Акраец. Каравай. // Акраец — шлях, дарога // І зайцаў хлеб лясны. // Скарынка — сум, трывога // І боль былой вайны», — гэта радкі народнага паэта Беларусі Пімена Панчанкі з верша «Хлебныя словы», напісанага ў 1976 годзе. Мінаюць гады, праходзяць імгненна дзесяцігоддзі, вецер змен прыносіць падзеі і явы новага стагоддзя... А жыццё па-ранейшаму трымаецца на мужнасці і працы. І гэтая мужнасць служэння Айчыне і Хлебу, без якога няма жыцця, вымаўлена словамі Прэзідэнта нашай краіны Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі: «Калі мы не хочам ваяваць — давайце будзем працаваць». Формула жыцця сёння, формула жыцця на заўтра, запаветнае ад нашых продкаў... І абароннае — у добра зладжанай эканоміцы, у высокім ураджаі, у штодзённай працы. Для ўсіх — у працы штодзённай.
І для паэта-грамадзяніна, і для лірыка «чыстай красы»... А разуменне — у здзяйсненнях, у зробленым. Яшчэ раней, чым Пімен Панчанка, народны паэт Беларусі, заходнебеларускі камуніст, барацьбіт, чые першыя кнігі польскія паны «арыштоўвалі» і забаранялі, Максім Танк вымавіў пра галоўнае ў жыцці: «Непакой за цябе, зямля мая, / За твой ураджай, спакойны сон,/ За дрэва кожнае ў гаях, / За весніх песень перазвон, / Непакой за цябе, зямля мая, — / Мой хлеб надзённы». Пачуем жа галоўнае!..
Уладзімір Гаўрыловіч, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня Гомельскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, заслужаны дзеяч культуры краіны:
Сучасная Беларусь — адна з нямногіх краін у свеце з поўнай харчовай бяспекай. Пад кіраўніцтвам моцнага лідара, які змог захаваць незалежную палітыку і забяспечыць сапраўдны суверэнітэт, дзякуючы асаблівым працавітасці і адказнасці беларусаў за лёс сваёй краіны, мы дасягнулі найбольш высокага ўзроўню самазабеспячэння харчаваннем у ЕАЭС. Сёння гэтая лічба дасягае 96 %. А па асобных групах прадуктаў яна значна вышэйшая.
Так, яшчэ два дзесяткі гадоў таму не верылася, што мы зможам ўвайсці ў лік сусветных лідараў па экспарту прадуктаў харчавання, дасягнуць аднаго з самых нізкіх узроўняў малазабяспечанасці (беднасці) насельніцтва, прычым не толькі ў СНД, але і ў параўнанні з дзяржавамі Еўрапейскага Саюза. Сказанае пацвярджае: мы жывём па сродках, а не за кошт нашых будучых пакаленняў.
А калі гаварыць пра аграрную галіну — то яна была, ёсць і будзе галоўным нашым клопатам. Бо ад яе стану і вынікаў працы залежыць не толькі харчовая бяспека, але мір і лад ва ўсёй краіне. А мы — самая міралюбівая нацыя ў свеце. Нават у першых словах нашага гімна падкрэслена: мы — мірныя людзі. Гэта выпакутаваныя намі на працягу вякоў словы. Беларусы разумеюць, што чужым хлебам не наясіся. Чужы хлеб — горкі. Толькі свой, вырашчаны сваімі рукамі, асабліва смачны, свой хлеб дае сілы і жаданне жыць, тварыць, радавацца нараджэнню дзяцей, іх шчасліваму дзяцінству. Беларусы проста не могуць быць іншымі, бо, прайшоўшы праз генацыд, прынесены фашысцка-еўрапейскай хеўрай, і страціўшы тры мільёны сваіх грамадзян у часы Вялікай Айчыннай, больш палавіны нацыянальнага багацця рэспублікі, нам на вякі завешчана быць такімі — быць людзьмі ад зямлі. Як пісьменнік і народны выбраннік я перакананы: страцім гэтую сваю асаблівасць, перастанем працаваць на зямлі як след — чакай бітваў на іншых палях. За мяжой жадаючых прымусіць нас «скакаць пад іх дудку», уцягнуць у бязладдзе і вайну — вельмі шмат. Пра гэта, дарэчы, адкрыта кажа і кіраўнік нашай дзяржавы: лепш — мірныя бітвы. За ўраджай. За заўтрашні мірны дзень, у якім мы хочам бачыць на сваім стале хлеб і да хлеба. А дзеля гэтага трэба асабліва пастарацца. Бо лёгкі хлеб бывае толькі ў казцы. Ён з потам, найцяжкой працай кожны год даецца.
Вось і цяпер самы гарачы і адказны час у сельскай гаспадарцы. Задача нумар адзін — сабраць з неймавернай цяжкасцю вырашчаны ўраджай, своечасова і без страт. Таму нельга не зразумець асаблівую заклапочанасць і кіраўніцтва краіны, і кожнага гаспадарніка — пра гэта мы пачулі на нядаўняй селектарнай нарадзе, якую правёў Прэзідэнт.
У тым, што хлебаробы імкнуцца працаваць аператыўна і якасна, пераканаўся днямі, наведваючы фестываль гумару ў Аўцюках, што ў Калінкавіцкім раёне. Бачыў іх стваральную працу. Гаварыў словы падзякі. Гэта вельмі важна, каб яны разумелі, што ад іх працы залежыць многае і што мы, увесь народ, ганарымся імі. Мае ж землякі-палешукі супрацьпастаўляюць капрызам прыроды высокую дысцыпліну, строга прытрымліваюцца тэхналогій, стараюцца захоўваць тэмп, кантралююць якасць і не дапускаюць збояў. Кадравыя пытанні вырашаюць матэрыяльнымі стымуламі і стварэннем належных умоў, каб камбайнеры, вадзіцелі, тыя, хто працуе на таку маглі максімальна эфектыўна выконваць пастаўленую задачу. Перакананы, што такая сітуацыя сёння і ў кожнай гаспадарцы краіны. Радуе, што на дапамогу вяскоўцам прыходзяць і гараджане. Бо хлеб — галоўны клопат, і наступіў час высокай адказнасці. Напружаная праца хлебаробаў паказвае сілу і патэнцыял нашага аграпрама, а таксама веру ў будучыню Беларусі.
Віктар Праўдзін, празаік, лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі:
— Дзесяцігадовым хлапчуком я быў залічаны ў брыгаду паляводаў саўгаса «Гарадзец» Шаркаўшчынскага раёна, што на Віцебшчыне. Гэта было летам тысяча дзевяцьсот шэсцьдзесят пятага года. Нехта скажа, што малых падшыванцаў ні тады, ні цяпер афіцыйна на працу не бралі, і спрачацца з гэтым не буду. Але ж за месяц працы я атрымаў дваццаць восем рублёў і семдзесят пяць капеек, за што асабіста і распісаўся ў саўгаснай касе. На той час грошы немалыя... Рублі, па прыкладу бацькі, аддаў маці, капейкі засталіся мне. Толькі чаму праз шэсцьдзесят гадоў згадалася даўняе?
18 ліпеня слухаў нашага Прэзідэнта Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку: «Аб уборачнай кампаніі 2025 года». Згаданыя кірункі: кадры, тэхніка, меліярацыя, ураджайнасць, дысцыпліна... Зразумела, пытанні надзённыя і патрэбныя. Ды ўскалыхнулі маю душу жорсткія словы Прэзідэнта: «Лепш убіраць хлеб, чым ваяваць». І сказаны яны не грозным начальніцкім папярэджаннем, а бацькоўскім суровым настаўленнем. Ён чарговы раз выдыхнуў трывожны боль, хоча, каб мы пачулі яго, каб да кожнага з нас прыйшло разуменне адказнасці за Радзіму. Прэзідэнту законам дадзена права ведаць больш, чым можна адкрыта сказаць, і ён па-свойму, з настойлівым пастаянствам, заклікае нас быць патрыётамі Беларусі, аддана працаваць кожнаму на сваім месцы.
«...Хлеб?.. Ці вайна?..» Дакладней не скажаш... Пра апошняе, як аказалася, у мяне ёсць свая гісторыя... Падчас селектарнага пасяджэння з самых дальніх куточкаў маёй памяці нечакана выплыла вялікае поле, засеянае буракамі. Увачавідкі ўбачыў сябе і трохі старэйшага Петруся, мы акучвалі буракі. Я вадзіў каня, Пятрусь ішоў за акучнікам. Нават цяпер дрыжыкі ў каленках — я вельмі баяўся конскіх капытоў.
А буланы, бы адчуваючы гэты страх, пастаянна спрабаваў стаць на маю босую нагу, што тапталася бліжэй да яго.
У нейкі дзень, ведучы каня, убачыў у разоры нешта падобнае на вялізнае яйка. Спыніў буланага і падабраў цяжкую іржавую жалязяку... Раз-другі перакуліў іржавае «яйка» з рукі на руку, прыклаў да вуха: унутры нешта булькала. Ні я, ні Пятрусь не ведалі, што за цацка трапіла нам у рукі. А калі даведаўся, што гэтае «яйка» — самая сапраўдная баявая лімонка, захацелася большага... У выніку маіх «хацелак» ніхто, дзякуй Богу, не пацярпеў. Пашанцавала!.. Хто-хто, а жыхары Беларусі ведаюць незлічоную колькасць выпадкаў, калі вайна працягнула жудасныя шчупальцы на дзясяткі гадоў, і шмат каму не пашанцавала... Рэха Вялікай Айчыннай вайны яшчэ доўжыцца і, здараецца, — чуецца і сягоння.
Сімвалізм слоў Прэзідэнта пра хлеб і вайну — не якая-небудзь страшылка, гэта напамін аб тым, што было ўжо ў гісторыі нашай Радзімы і што можа стацца, калі па нашай зямлі стане страшна і крок ступіць, каб не натрапіць на варожую лімонку, хаця б замаскіраваную пад салодкую цукерачку. Хлеб — мірнае жыццё, і мы яго выбіраем!
Алесь Казека, старшыня Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі
* * *
Мы паядналіся з роднай зямлёй.
Ёй здабываючы славу,
Тут умацоўваем працай сваёй
Мір і магутнасць дзяржавы!
Маці-Радзіма, ты ў шчасці жыві!
Іншай не трэба нам долі.
Толькі б глядзець, як, нібы караблі,
Ходзяць камбайны па полі.
І адчуваць, як жывым ручаём
Сыплецца зерне ў засекі.
Еднасцю гэтай усе мы жывём
Сёння і заўтра — давеку.
Шчодрыя нівы, лугі і палі
Клопатам шчырым абдымем.
Гонар і слава рупліўцу зямлі —
Працаўніку селяніну!
Фота Юрыя Іванова