Зборнік «Душа жывога» прасякнуты вялікай любоўю да жывёл і птушак. Хочацца адразу падзякаваць мастаку Кірылу Задворнаму за менавіта такую перадачу настрою кнігі на вокладцы. Наўрад ці можна было б зрабіць яе лепшай.
Адкрывае кнігу аднайменная аповесць «Душа жывога». Марыя з дзяцінства цягнецца да коней: малюе, глядзіць фільмы пра вершнікаў, бачыць сны пра Канька-Гарбунка. Пэўна, невыпадкова назвала адну з найпрыгажэйшых цёмна-гнядых кабылак Машкай і ставіцца да яе як да істоты, якую варта паважаць, нават называе Машкай Орлікаўнай — на адзін манер з чалавекам. Прозвішча сям’і гераіні таксама шмат гаворыць — Каняшкіны. Такім чынам Жанна Міус з першых старонак рыхтуе чытача да паглыблення ў чароўны свет коней.
Маленькая Маша навучылася ездзіць верхам. Аўтар распавядае пра гэта крыху саркастычна (так цяпер размаўляюць сучасныя падлеткі): «Няма ў вёсцы ні высозных арэляў, ні замудрана палохаючых каруселяў. Толькі п’яных клоўнаў хапае і цырку — з свайго, вясковага побыту. А конь чым не атракцыён? Калі Павел Фёдаравіч вядзе зацуглянага Варанка на папас, а шчаслівая Машка, задраўшы хуліганскі абрабацінены нос, верхам аглядае наваколле — карцінка атрымліваецца найвыдатная. Аднагодкі — здзіўляюцца, малыя — зайздросцяць і захапляюцца, дарослыя — любуюцца. Залатое на чорным!».
У творы ёсць месца і казцы, якая ажывае ў сне. Маша ляціць па начным зорным небе верхам на чарадзейнай Канеі — гэта кабыліца з цікавай легенды пра коней.
Гераіня аповесці прайшла праз выпрабаванне, пераканаўшыся ў сіле сваёй любові да коней. Пасля школы дзяўчына паступіла на ветурача і прысвяціла сваё жыццё выратаванню старых, хворых, з паламанымі нагамі жывёл. Прытулак назвалі «Канея» — у гонар чароўнай кабыліцы, якая, на думку Жанны Міус, усяго толькі маленькая часцінка Сусветнай Душы жывога. Гэта і ёсць лейтматыў аповесці.
Зусім у іншай манеры напісана аповесць «Тыдзень шэрага колеру». Яна хутчэй прыйдзецца даспадобы аматарам жартаў. Дыялогі мужа і жонкі настолькі іранічныя і жывыя, што ім сапраўды верыш! Дзея адбываецца ў пакоі № 13 студэнцкага інтэрната, і гэта ўжо інтрыгуе. Без прадстаўнікоў жывёльнага свету не абыдзецца, ды яны — не самыя доўгачаканыя госці... Але не хочацца дзяліцца сакрэтамі, бо «таямніца больш вабіць, калі яна за зачыненымі дзвярыма».
Варта адзначыць пачуццё гумару аўтара, бо гэта, здаецца, — адзін з ключыкаў, каб адамкнуць сэрца самага патрабавальнага маладога чытача. Асабліва спадабаўся выраз «кажуць, няшчасце памяншаецца ў памеры пры кожным пераказе аб ім». Гераіня твора Алена так маляўніча апісвала свае начныя прыгоды, калі раптам ажыла яе грандшафа, што захацелася там папрысутнічаць. Нават муж Барыс параіў жонцы паспрабаваць сябе ў літаратуры і стварыць трылер — настолькі яго каханая ўмее нагнаць жаху сваімі расповедамі. А жонку муж называе Алена Прыўкрасная, бо, на яго думку, яна «прыўкрашвае» свае ўспаміны. А ці так гэта, можа даведацца кожны чытач.
Вельмі спадабалася апавяданне «Яблычны спас» — гэта такая настальгія па школьных гадах, малой радзіме, любімых з дзяцінства момантах... Галоўная гераіня Жэня наведала сваю вёску (а цяпер аграгарадок) Рыгораўка, дзе даўно не была, каб набраць яблыкаў да свята. Ёй захацелася схадзіць у царкву на Яблычны спас з духмяна-сакавітымі дарамі прыроды (і Бога) з роднага з дзяцінства старога калгаснага саду.
А там наляцелі ўспаміны і адбылася сустрэча з яе першым каханнем... Апавяданне ўздымае шмат сур’ёзных тэм: тое, што сёння вёска ўжо не тая (нібыта гарадок цяпер), што цяпер — век экранаў, калі людзі быццам бы гавораць з усім светам, а насамрэч — вельмі адзінокія. Аўтару ўдалося стварыць цудоўны вобраз старога саду, быццам ён — персанаж твора. Жанна Міус яго адушаўляе: «Стары сад слухаў цярпліва, уважліва, зусім як ідэальны бацька з яе мар. Пасля варушлівымі галінамі праводзіў пяшчотна па плячах і твары і шаптаў, раняючы мёртвыя лісцікі, з глыбокім, прачуленым уздыхам: „Ціш-ш-шэй, дачуш-ш-шка... ціш-ш-шэй... усё не так страш-ш-шна... пакуты мінуць, ш-шчасце прыйдзе... пачакай крыш-ш-шачку...“» Жэні пашчасціла атрымаць у падарунак ад некалі дарагога ёй чалавека яблык з маладога саду. І гэта дае надзею: яе малая радзіма яшчэ будзе жыць, хоць тут шмат чаго памянялася... Гэты вялізны спелы бліскучы яблык яе любімага сорту «Ранет» — сімвал адраджэння вёскі, няхай і ў новым статусе аграгарадка.
Фінал кожны хутчэй за ўсё зразумее па-свойму. Будзе пра што падумаць.
Хацелася б, каб гэтае апавяданне было ўключана ў спіс для пазакласнага чытання ў школе, бо яно прымушае зірнуць на старыя рэчы па-іншаму і зразумець, што ёсць тое, дарагое, што заўсёды павінна быць у нашым жыцці, як той яблык з роднага саду.
У зборніку таксама ёсць цікавыя апавяданні пра розных прадстаўнікоў жывёльнага свету (кацяня, сабаку, вожыка і г. д.), так званых «цудаў у пёрах». Хочацца падзякаваць аўтару за тое, што сваёй творчасцю яна зрабіла важны ўнёсак у душу кожнага, хто возьме ў рукі гэтую кнігу. Адчуваецца, што Жанна Міус сама ставіцца да братоў нашых меншых з цеплынёй, вялікай пашанай і любоўю — інакш такія шчырыя гісторыі не створыш. А яны сапраўды выклікаюць эмоцыі і прымушаюць задумацца пра лёс жывёл, якія нам давяраюць свае жыцці.
Ірына ПРЫМАК