Зборнік змяшчае 14 казачных гісторый, героямі якіх з’яўляюцца не людзі, а жывёлы, расліны і прадметы побытавага прызначэння. Пісьменніца прыцягвае ўвагу чытача ўжо з першай казкі — «Пра вадасцёкавую трубу і яе дажджлівы лёс». Падзеі разгортваюцца вакол звычайнай водасцёкавай трубы, якую жыхары пяціпавярховіка назвалі Капрызуля. Праўда, цікавы выбар галоўнай гераіні?
Менавіта такой канцэпцыі прытрымліваецца аўтар і ў астатніх гісторыях: акцэнт зроблены на індывідуальнасць персанажаў, сам сюжэт дастаткова просты.
Казкі «Прыгоды ў Чайнай даліне», «Капуста Хрусцяша і заморскія прыгажуні», «Цямця і Лямця + іх пацешная радня», «На марскім узбярэжжы» і «Разыначка — майстарка вінаградных спраў» заснаваны на хуманізацыі галоўных герояў — садавіны і агародніны. З дапамогай яркіх ілюстрацый Галіны Івановай звычайную капусту, гарбуз ці гарох можна ўбачыць у выглядзе прыгожых прынцэс, вандроўнікаў, рыцараў і чараўнікоў. Калі паглыбляешся ў чароўны свет казачных гісторый, мімаволі ўспамінаецца вядомы твор Джані Радары «Прыгоды Чыпаліна». У творах Таццяны Сучковай няма вострай сацыяльнай сатыры, як у італьянскага пісьменніка, затое ёсць цёплая сямейная атмасфера, гульнявая форма і мова, якая спрыяе развіццю фантазіі і эмацыянальнага інтэлекту.
Кніга «Як дранік у масле качаўся і іншыя пацешныя казкі» арыентавана на сучаснага чытача, таму нярэдка тут можна ўбачыць сінтэз традыцыйных законаў казачнага свету і апошніх дасягненняў навукі і тэхнікі. Таццяна Сучкова не стварае асобны чароўны свет для сваіх гісторый, а спрабуе спалучыць рэальнасць і казку. Яе героі размаўляюць па мабільных тэлефонах, карыстаюцца інтэрнэтам, выклікаюць спецслужбы, ездзяць у камандзіроўкі і нават вядуць свой бізнес. Іх жыццё амаль нічым не адрозніваецца ад існавання сучасных людзей. Для дарослых, якія выраслі на класічных казачных сюжэтах, дзе пісьменнікі ствараюць паралельныя сусветы, што існуюць па сваіх законах, зборнік Таццяны Сучковай можа здацца своеасаблівым выклікам традыцыйным уяўленням пра казку.
У творах «Страус Яша», «Разыначка — майстарка вінаградных спраў», «Авечка з ціхага мястэчка Задавальненне», «Кактус, які ўсіх здзівіў», «Пра сабачку Маргошу і кошку Ляпёшку», «Багоўка Груня» галоўныя героі вучацца пераадольваць свае страхі і адстойваць справядлівасць, нават калі вельмі боязна. Праз індывідуальнасць герояў і добрую атмасферу ў творах паказаны эмоцыі і пачуцці, уласцівыя кожнаму чалавеку, аднак часта дэманізаваныя грамадствам: сумненне, сарамлівасць, жаданне быць прынятымі. Дзякуючы такой пазітыўнай дэманстрацыі дзеці не баяцца праявіць сябе сапраўднымі і вучацца прымаць асаблівасці і нават недасканаласці як частку сваёй унікальнай асобы.
Добрыя гісторыі, арыентаваныя на дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту, вучаць спачуваць бліжняму, заўважаць прыгажосць у звычайных рэчах, разумець сябе і іншых. У аснове казак — агульначалавечыя каштоўнасці, такія як шчырасць, сяброўства, узаемадапамога, павага да навакольнага асяроддзя. Кніга падыходзіць і для сямейнага чытання.
Лізавета КРУПЯНЬКОВА