Top.Mail.Ru

«Запіскі паміж радкоў»: кніга, якая нагадвае нататнік

Аўтар: Ірына Прымак
23.06.2025 | 07:00

Сёлета ў ВД «Звязда» выйшлі ў свет «Запіскі паміж радкоў». Аўтар кнігі Павел Гушынец больш вядомы як дзіцячы пісьменнік, таму было цікава пазнаёміцца бліжэй з яго творчасцю для дарослага чытача.


Ужо сваім афармленнем новая кніга пісьменніка сапраўды нагадвае запісную кніжку і па памеры, і па вокладцы. І гэта вельмі пасуе дадзенаму зборніку твораў з улікам яго зместу. 

У прадмове аўтар тлумачыць, як нарадзілася ідэя стварэння такой кнігі. Аказваецца, падчас чарговай вандроўкі па ўражанні ён зразумеў, што забыў нататнік, куды звычайна запісваў цікавыя назіранні, думкі, развагі на філасофскія і іншыя тэмы. У самалёце пад руку трапіў нейкі рэкламны праспект, у які пісьменнік і пачаў запісваць літаральна паміж радкоў усё, што хацелася. 

Некалькі апавяданняў з гэтага імправізаванага нататніка і ўвайшлі ў кнігу «Запіскі паміж радкоў».

Выданне складаецца з некалькіх раздзелаў: «Позірк з акна дзіцячай», «Гісторыі пісьменніка», «Паглядзеўшы па баках», «Апавяданні, прыдуманыя ноччу», «Падарожныя нататкі». Гэта своеасаблівы калейдаскоп успамінаў і ўражанняў аўтара, таму можна з упэўненасцю сказаць, што кніга падыдзе людзям з рознымі інтарэсамі і спадабаецца ўсім, хто наогул любіць чытаць.

Відаць, што яна напісана ад душы. І пасля знаёмства з ёй застаецца нейкае светлае пачуццё. Кніга натхняе таксама запісваць свае ўражанні і думкі. 

Асабліва шчырыя і цёплыя дзіцячыя ўспаміны. Напрыклад, вельмі чуллівая гісторыя, дзе распавядаецца пра малпачку Земфіру, у якой хлопчык Міша вельмі хацеў набыць цукеркі і таму спецыяльна збіраў грошы. Але раптам малпачка захварэла. Усе дзеці, якія былі пастаяннымі пакупнікамі, хацелі дапамагчы як маглі, прыносілі грошы на лекі, каб Земфіра хутчэй ачуняла. Аднак наступным летам на плячы гаспадара сядзела ўжо новая малпачка. Але гэта ведаў толькі стары і ні за якія грошы на свеце не стаў бы расчароўваць дзяцей, якія ішлі да сваёй любімай Земфіры па цукеркі...

З цікавасцю знаёмішся і з іншымі дзіцячымі ўспамінамі. Напрыклад, пра конкурс чытальнікаў вершаў, дзе 3 «Б» павінен быў абараняць гонар класа. Удзельнікі вельмі хваляваліся, стараліся дэкламаваць прыгожа, але насамрэч журы іх нават не слухала, а адзін з суддзяў наогул спаў... Пісьменнік паказвае, як балюча гэта ўсё ўспрымаецца дзецьмі, наколькі яны расчараваны. У кожнай гісторыі даволі просты сюжэт. Але такі родны і блізкі. Аўтару гэтых радкоў асабліва спадабаўся расповед пра дзіцячы пакой, дзе рос... грыб. Да яго хлопец Пашка вадзіў цэлыя экскурсіі аднакласнікаў, паказваў ім батарэю, дзе і пасяліўся яго гонар. Чытаючы гэтае апавяданне, згадваеш, як па-рознаму на свет глядзяць дарослыя і дзеці. Калі маці хлопчыка ў выхадныя прыбірала ў пакоі сына, яна, зразумела, з найлепшых намераў знішчыла той грыб. Але Пашка быў засмучаны, бо цяпер яго пакой хоць і чысты, і прыгожы, але сумны... І такіх гісторый, дзе свет паказаны вачыма дзяцей, у кнізе шмат. Яны выклікаюць самыя розныя пачуцці і, вядома, настальгію па сваім дзіцянстве. 

У раздзеле «Гісторыі пісьменніка» — развагі Паўла Гушынца пра маладых творцаў, асабліва тых, хто толькі пачынае свой шлях у літаратуру, хоча стаць вядомым. Думкі паміж радкоў тут пададзены з гумарам і з цікавымі паралелямі з жыцця. Аўтар піша пра сумесную творчасць такім чынам: «Суаўтарства пісьменнікаў — яшчэ больш рэдкая з’ява, чым удалы шлюб. Калі ў вас каханне, іпатэка і трое дзяцей, гэта зусім не нагода для настолькі блізкіх адносін, каб давярыць главу гэтаму падазронаму графаману з нікчэмнымі пробліскамі таленту. Абмеркаванне капелюша галоўнага героя можа давесці да разводу, цяжкіх цялесных пашкоджанняў і запою ў асобна ўзятай літаратурнай ячэйцы». Пісьменнік уздымае, акрамя таго, важныя пытанні: як падзяліць славу, калі твор стане вядомым? 

А на каго перакласці віну, калі кніга не атрымалася?

У раздзеле «Апавяданні, прыдуманыя ноччу» — неверагодныя па змесце гісторыі. Нават здзіўляешся фантазіі аўтара, бо пасля яго дзіцячых твораў гэтыя — крок у новы напрамак літаратуры. Асабліва цікава пазнаёміцца з версіяй «Іліяды» пісьменніка.

У «Пуцявых нататках» — феерверк эмоцый аўтара ад знаёмства з самымі рознымі краінамі. Сапраўды цікава было чытаць главу «Выклікаючы дух Мандэльштама». У ёй апісваюцца вандроўкі па мясцінах, дзе жылі ці пісалі свае творы пісьменнікі: лермантаўская Мцхета, дзе аўтар спрабаваў адчуць смутак сасланага на Каўказ паэта, хэмінгуэеўская Гавана, кавярня ў цэнтры Вены, дзе бываў Стэфан Цвейг, і іншыя. Мова гэтых гісторый вельмі лёгкая. Наогул, кніга не перанасычана ніякімі цяжкімі канструкцыямі, таму яе можна чытаць нават у дарозе падчас вандровак. 

Ірына ПРЫМАК

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю