Top.Mail.Ru

Загінулі на ўзлёце

Аўтар: Алесь Марціновіч
14.05.2025 | 07:00

Знаёмячыся з матэрыяламі гэтай рубрыкі, чытачы ўпэўніліся, як шмат беларускіх пісьменнікаў загінула, абараняючы Радзіму ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Але сярод іх былі і тыя, каго смерць напаткала толькі таму, што гітлераўцы люта ненавідзелі народ, да якога яны належалі. Сярод іх і паэтэса, празаік Сара Каган. Смерць напаткала яе ў мінскім гета ў 1941 годзе. Разам з ёю загінулі муж і малодшы сын. Не выжыў і старэйшы, які з’яўляўся студэнтам Ленінградскага горнага інстытута. Гэта трагедыя толькі адной сям’і. Тым больш страшна, што ў цяперашняй Германіі знаходзяцца нашчадкі нацыстаў, якія мараць, прыйшоўшы да ўлады, паўтарыць вынішчэнне іншых народаў. Каб не дапусціць гэтага, трэба пастаянна памятаць пра нявінных ахвяр фашызму. Сару Каган — і яе творы. На жаль, яе творчасць сённяшняму чытачу мала вядома, а яна была цікавай пісьменніцай, якая пісала на ідыш.


Нарадзілася 3 ліпеня 1895 года ў вёсцы Максімавічы. Гэта быў Ігуменскі павет, цяпер — Клічаўскі раён. Але доўгі час жыла ў Бабруйску. Па сведчанні Рыгора Рэлеса, «прыйшла ў яўрэйскую літаратуру Беларусі на пачатку трыццатых гадоў разам з пісьменнікамі Рувам Рэйзіным, Генадзем Шведзікам, Мотам Дзегцяром, Львом Талалаем і іншымі маладымі літаратарамі так званага трэцяга закліку» (пераклад з рускай мовы Алеся Бельскага). Праўда, у сталым узросце «была маці трох дарослых сыноў. Малодшы з іх вучыўся ў старэйшым класе». У Бабруйску загадвала бібліятэкай. Але яе даволі часта запрашалі на кансультацыі маладых пісьменнікаў у Мінск. Па словах таго ж Рыгора Рэлеса, «сярод маладых адчувала сябе неяк няёмка. Месца яна заўсёды займала дзесьці збоку». Са старэйшымі пісьменнікамі таксама асабліва не сябравала. Неяк адасоблена трымалася і пераехаўшы з сям’ёй у Мінск. Не сама вырашыла змяніць месца жыхарства, а дзякуючы праўленню Саюза пісьменнікаў Беларусі. Гэта — пацвярджэнне таму, што яе творчасць была заўважана.

5_17 Каган.jpg

З першымі творамі выступіла ў 1929 годзе. Свае старонкі ёй давалі вядомыя тагачасныя яўрэйскія выданні: газета «Акцябэр» («Кастрычнік») і часопіс «Штэрн» («Зорка»). Хоць першая кніга выйшла пазнавата. Асабліва пры тагачасных абставінах. Асобныя маладыя аўтары, толькі крыху аперыўшыся, выдавалі кнігу за кнігай. Яе зборнік «У дарозе» з’явіўся толькі ў 1934 годзе. Ды і наступныя пабачылі свет не следам, а праз некаторы час: «Мая радзіма» (1938), «Нашы людзі» (1940). Хоць нямала творчага часу займала і проза: кнігі «Першая прэмія» (1940), «Скрыпач» (1941). 

Тым не менш творы яе былі заўважаны. І не толькі ў арыгінале. У перакладзе на беларускую мову з’яўляліся ў часопісах «Полымя рэвалюцыі», «Работніца і калгасніца Беларусі», газетах «Літаратура і мастацтва», «Звязда», а зборнік «Апавяданні», які выйшаў у Дзяржаўным выдавецтве БССР, пераклаў цудоўны знаўца як яўрэйскай, так і беларускай мовы Змітрок Бядуля. Прарэцэнзаваў кнігі прозы Сары Каган у «ЛіМе» Рыгор Мурашка (24 жніўня 1940 г.).

Шмат якія вершы паэтэсы напоўнены любасцю да мясцін, дзе нарадзілася, правяла свае юнацкія гады. Але — за гэтым паўстае воблік усёй Беларусі, што добра відаць з верша «Радзіма», які пераклаў Алесь Жаўрук. На першы погляд у ім не шмат чагосьці новага. Аднак прывабліваюць тая душэўная напоўненасць, неспакой лірычнай гераіні, якая не ўяўляе сабе іншага месца на зямлі:

Люблю я сумны бор і гаці, 
Палі, узгоркі, сенажаці — 
Тут нарадзілась мая маці,
Тут з песняй гушкала заўжды.
Тут дзесьці мы грыбы збіралі,
Адсюль нас вечна праганялі,
Тут на пяску мае у далі
Пралеглі першыя сляды.


Верш жа «Сябе маладой адчуваю» — гэта позірк на рэчаіснасць сталай жанчыны, якая даволі шмат перажыла, выгадавала дзяцей. Аднак па-ранейшаму засталася той, якой была і ў юнацтве: усё яе радуе, усё натхняе:

Як мне не спяваць з агнём,
Не радавацца без краю,
Калі з кожным днём
Сябе маладзей адчуваю.
(Пераклад Рыгора Барадуліна.)

Што датычыцца прозы Сары Каган, дык характэрная якасць яе — жыццёвасць. Пісьменніца паспяхова і разам з тым, як часам любяць казаць, у меру свайго таленту раскрыла многія паўсядзённыя сітуацыі таго часу. Асабліва такія, якія сведчаць аб тым, як няпроста адбывалася сутыкненне старога з новым. Гэта аказвала ўплыў на псіхіку людзей. Што асабліва адчувальна ў апавяданні «У гасцях», у якім псіхалагічна выразна паўстае зрэз душы яўрэйскай дзяўчыны Ханы і яе няпростага кахання да Андрэя, якое, на жаль, шчасця не прынесла.

Міжвольна згадваецца апавяданне Міхася Лынькова «Гой». Памятаеце?

«І плакала Рыва...

Плакала ціха, непрыкметна, тымі прыдушанымі слязьмі, якія цяжка стрымаць, цяжка высушыць, бо ідуць яны ад самай глыбіні сэрца...

Плакала Рыва... Яна палюбіла гоя».

Як не плакаць:

«Стары бацька сказаў:

— Рыва... ты была маёй дачкой, але цяпер... у мяне дачкі няма... Я стары сумленны яўрэй... У мяне шмат мазалёў, але гэтыя мазалі ў суботу не бачылі шыла, не датыкаліся да грошай... У сваім сэрцы я насіў Бога, і ён шанаваў маю хату. 

А цяпер... цяпер, калі ты спазналася з паганым, у маёй душы стала пуста, парог маёй хаты Бог пакіне, бо ты, пераступіўшы гэты парог, спаганіла яго сваімі слядамі... Дык ведай жа, што ты мне не дачка...»

Бацька Ханы яшчэ больш рашучы. Ад слоў-праклёну пераходзіць да справы. Аддае дачку на выхаванне да сваяка маці — рэбэ Ісэра, служкі ў сінагозе. 

А той знаходзіць ёй старога жаніха. Аднак у Сары Каган не паўтор сітуацыі «Гоя». Тыповая для свайго часу яна пададзена ў новых, але таксама тыповых абставінах, калі перажыткі нярэдка ламалі лёс людзей. Заслуга Сары Каган як празаіка і ў тым, што яна праўдзіва расказвае пра шчырасць пачуццяў Ханы і Андрэя. Узнаўляе пэўныя моманты з яўрэйскага жыцця. Узяць хоць бы гэты. Хана цікавіцца, дзе яе валасы:

«— Астрыглі, дачушка мая. Астрыглі ціхонька, каб ты не пачула! — Бабулька хіхікнула бяззубым ротам. — Забаронена яўрэйскай дачцэ насіць свае валасы. Гэта вялікі грэх. Цяжка, дзіця маё, быць яўрэйкай, але затое Бог наш злітуецца над табою і ты ачуняеш, тваё шаленства пройдзе <...>».

* * *

Але з 1924 года пісаў ужо і вершы. 

З першым — «У лагеры» — выступіў у газеце «Піянер Беларусі». Друкаваўся таксама і ў газеце «Камунар Магілёўшчыны», якая стала для яго роднай, у «Літаратуры і мастацтве», часопісе «Полымя рэвалюцыі». У 1940 годзе Дзяржаўнае выдавецтва БССР прыняло рукапіс яго першага зборніка вершаў. На жаль, у Вялікую Айчынную вайну ён загінуў. Уладзімір Рагуцкі чытачам вядомы толькі па публікацыях у калектыўных зборніках, «Анталогіі беларускай паэзіі».

5_17 b Рагуцкі.jpg

Сын свайго часу, ён гэты час і апяваў. Але, у адрозненне ад шмат якіх іншых паэтаў, яго цікавілі не столькі «шрубы» і «вінты», колькі канкрэтныя людзі ў абставінах таго часу, а таксама падзеі, якія ўспрымаў лёсавызначальнымі. Гэта відаць і з верша «17 верасня». У творы з’яднаны два тэматычныя пласты, што ўзнаўляюць розныя сацыяльныя рэаліі, а за імі стаяць два лады жыцця: заходнебеларускі з польскім прыгнётам і савецкі. Яны супрацьстаяць адзін аднаму, паўстаюць антаганістамі. Маці, люляючы сына, заклапочана яго бязрадаснай доляй, якая чакае таго ў будучыні. Асабістая бяда яе ўспрымаецца горам усяго заходнебеларускага насельніцтва. Сама прырода працівіцца таму, што адбываецца. 

Каліны схіліліся нізка,
І плакаў засмужаны гай.
Матуля ў журбе над калыскай
Спявала:
— Ой, баюшкі, бай!
Ты станеш на ногі, саколік,
А долі не знойдзеш нідзе,
І спевам птушыным ніколі
Цябе не парадуе дзень. 

Рэзкі дысананс — далейшыя падзеі. Пра іх нібыта і не шмат сказана, але сваім аптымістычным гучаннем яны ўпэўніваюць: наперадзе чакаецца новае жыццё, не падобнае на ранейшае:

І раптам — 
На вуліцы грукат.
Матуля зірнула ў акно.
Грымелі магутныя танкі — 
Чырвоныя войскі ішлі, — 
На новы матыў калыханку
У бедную хату няслі.

Верш «Хвоя» іншага плана. У ім апісанне прыроды — праз гэтае дрэва. Лірычныя фарбы як бы стрыманыя. Але ў той жа час герой не паўтарае іншых. Магчыма, нешта і не дагаворвае. Таму і не дагаворвае, бо яшчэ не знаходзіць патрэбных слоў, але ў шчырасці яму не адмовіш. Прамаўляе ад імя хвоі, якая ўяўляецца адушаўлёным прадметам, ёй выказвае свае пачуцці: «Цябе любіць ранак золкі, // Любіць ясная зара; // Пасля дожджыка вясёлка // Абдымае, як сястра. // І, як вечарам паволі // Ахіне прастор імжа, — // На тваім шырокім голлі // Зоры спелыя дрыжаць. // І стаіш ты, ані дбаеш, // Над глыбокаю ракой, // У люстэрка пазіраеш, // Умываешся расой».

Далейшы лёс гэтага дрэва Уладзімір Рагуцкі ўспрымаў як жыццёвы. У тым сэнсе, што ўсяму, што жыве на зямлі, наканавана сваё прызначэнне. У хвоі яно сваё: «Заўтра, раніцою, // Ты павалішся на дол». Пасля хвоя стане «скрыпкаю цудоўнай, // Небывалай у вяках»:

Для прыгожай гордай мэты
Зберагуць цябе як след, 
І на конкурсе сусветным
Здзівіш музыкаю свет.

Будзе дзень вялікі гушкаць
Тваю песню на руках.
Запяюць чароўна птушкі
Над узмахамі смычка. 


Гэты верш, як успамінаў Мікола Аўрамчык, вельмі спадабаўся студэнтам: «Аляксей Коршак хадзіў па інстытуцкім пакоі і на памяць чытаў уголас радкі <...> Нехта са старшакурснікаў пахваліўся, што гэты верш напісаў іх студэнт, і паказаў нам Рагуцкага, чарнявага хлопца з мілым дзявочым абліччам. Праз нейкі месяц „Полымя рэвалюцыі“ на адным развароце надрукавала побач яго і мой вершы. Мы былі імяніннікамі... Хтось тады і пазнаёміў мяне з Рагуцкім». 

Свае згадкі Мікола Аўрамчык невыпадкова назваў «Паэт і чайка». Пасля таго як Уладзімір Рагуцкі скончыў вучобу, Мікола Якаўлевіч больш з ім не сустракаўся: «Помню толькі, што ўлетку 1940 года ў „Літаратуры і мастацтве“ прачытаў два яго вершы. Адзін з іх, пра чайку, заканчваўся радкамі:

Чайка мора дужае абудзіла,
А сама загінула ў імгле, 
Каб зрабіцца хваляй белакрылай
І спачыць на каменнай скале.

Як гэтая чайка, і сам паэт загінуў 
у імгле вайны». 

Дарэчы, у апошні год вучобы Рагуцкі падарыў Аўрамчыку свой фотаздымак і некалькі вершаў. Вершы не захаваліся, а здымак уцалеў. Дзякуючы яму і захаваўся воблік Уладзіміра Рагуцкага.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю