Цяпер тут цішыня, толькі шумяць кронамі старыя елкі. Зямля пад гэтымі дрэвамі ўвабрала кроў тысяч бязвінна загубленых. Такое не павінна паўтарыцца. А для гэтага важна ведаць і памятаць пра тое, што адбывалася ў сотнях гарадоў і вёсак нашай краіны ў час Вялікай Айчыннай вайны, дзе каты ў нацысцкай форме і іх паслугачы знішчалі мірных людзей.
Як гэта было
Пасля акупацыі Барысава і Барысаўскага раёна немцы стварылі ў горадзе яўрэйскае гета, расказвае старшы навуковы супрацоўнік Барысаўскага аб’яднанага музея Алена Шылава:
— У старой частцы горада, у раёне вуліцы Чырвонаармейскай, некалькі кварталаў былі абнесены калючым дротам. Туды сагналі яўрэйскае насельніцтва Барысава. Умовы жыцця ў гета былі жудаснымі. З-за цеснаты ў адным пакоі магло пражываць некалькі сем’яў. Выходзіць з гета забаранялася, спецыяльны дазвол выдаваўся толькі на чорныя працы.
Крывавую расправу над вязнямі гета фашысты ўчынілі 20 — 21 кастрычніка 1941 года. Для гэтага ў Барысаў прыбылі прадстаўнік нямецкіх улад Крафэ, афіцэры і салдаты войск СС, літоўскія карнікі пад камандаваннем маёра Імпулявічуса. Падцягнуліся паліцаі з усяго Барысаўскага раёна. Для катаў быў арганізаваны банкет — яны п’янствавалі, рыхтуючыся да злачынства.
Усе калабаранты агідныя, але нават на гэтым фоне вылучаецца постаць Давіда Эгафа.
— Да вайны Давід Эгаф, паволжскі немец, працаваў настаўнікам у школе мястэчка Зембін, — расказала Алена Шылава. — У Зембіне, як і ў Барысаве, пасля акупацыі было арганізавана яўрэйскае гета. За адзін дзень 18 жніўня 1941 года 927 яго вязняў былі знішчаны.
Кроў гэтых людзей — на руках «настаўніка» Эгафа. Трагедыя ў Зембіне была толькі пачаткам яго кар’еры ката. Неўзабаве Эгафа прызначылі начальнікам службы бяспекі Барысава. Халадзее кроў ад яго прызнанняў — з фрагментамі допыту фашысцкага паслугача пасля яго арышту савецкімі ўладамі можна азнаёміцца ў кнізе «Памяць. Барысаў. Барысаўскі раён» («Беларуская энцыклапедыя», 1997). Эгаф распавядае, як садысты са звярынай жорсткасцю расстрэльвалі вязняў гета, не шкадуючы ні дзяцей, ні жанчын, ні старых.
Кім бачылі сябе такія, як Эгаф? Ці чуліся ім па начах крыкі людзей, якіх яны забівалі? Пытанні рытарычныя.
У ноч перад забойствам на паўночнай ускраіне Барысава былі выкапаны вялізныя ямы. Раніцай 20 кастрычніка ўзброеныя нелюдзі сталі гвалтоўна выганяць няшчасных з гета і дастаўляць да месца пакарання смерцю на грузавіках і пешшу. З сабой нельга было браць нічога. А затым пачалося крывавае бясчынства.
— Сярод асуджаных на смерць былі жанчыны, дзеці, старыя, мужчыны, знясіленыя голадам і цяжкай працай. Яны не маглі аказаць ніякага супраціўлення, — расказвае Алена Шылава. — Людзей падганялі да ям групамі па 20-25 чалавек, распраналі, укладвалі тварам уніз у ямы і расстрэльвалі ў патыліцу. Пры гэтым бургамістр Барысава Станкевіч загадваў укладваць людзей «па прынцыпе сардзін», каб памяшчалася больш.
У перапынках вылюдкі падмацоўваліся гарэлкай і закускай. За 20 і 21 кастрычніка было расстраляна каля 8000 чалавек. Яшчэ некалькі дзён пасля зверскага масавага забойства зямля над ямай «дыхала» і крывавіла. Многіх параненых закапалі жывымі.
Выратаваныя жыцці
Нацысцкая расавая ідэалогія стала асабістай трагедыяй і для змешаных па нацыянальнасці сем’яў. Супрацоўнік Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя І.Х. Каладзеева Аляксандр Балябін пазнаёміў з публікацыяй «Дзяцінства, апаленае вайной» з мясцовай газеты «Адзінства» за 2010 год, у якой расказана драматычная гісторыя сям’і Рэвекі Эдэль і Аляксандра Чапурына. Рэвека Эдэль працавала ў Барысаве зубным урачом, яе муж, у мінулым афіцэр, камісаваны па ўзросце — бухгалтарам. У сям’і падрастала дачка Маша. Калі яўрэям загадана было пасяліцца за калючым дротам, Аляксандр не захацеў аддаць туды Рэвеку. Змайстраваў для каханай схованку на агародзе. Але вядомага ў горадзе доктара шукалі... Пазбегнуць лёсу іншых вязняў гета Рэвецы не ўдалося. А Машу агульнымі намаганнямі выратавалі некалькі беларускіх сем’яў.
Ратаваў яўрэйскіх дзяцей і Канстанцін Скавародка, кіраўнік сірочага дома. Пры гэтым выдатна ўсведамляў, чым гэта яму пагражае. Адна з выратаваных ім, Роза Давідсон, якая жыла ў дзіцячым доме пад імем Валя, успамінала, што Канстанцін Уладзіміравіч па-бацькоўску клапаціўся пра ўсіх дзяцей, сярод якіх было не менш шасці яўрэйскіх. Пасля вызвалення Барысава ў 1944 годзе гэтыя дзеці вярнулі сабе свае сапраўдныя імёны. Сам жа Канстанцін Скавародка быў мабілізаваны ў дзеючую армію і загінуў пры ўзяцці Кенігсберга ў 1945 годзе. Яго ганаровы Дыплом і медаль «Праведніка народаў свету» ад ізраільскага мемарыяльнага Інстытута «Яд ва-Шэм» можна ўбачыць у экспазіцыі Барысаўскага аб’яднанага музея. Ратавалі яўрэйскіх дзяцей і іншыя барысаўчане. Жыхару вёскі Чарневічы ўдалося выратаваць жонку Гуту.
Без ведання аб сваім мінулым, без гістарычнай памяці не можа існаваць ніводны народ.
— З узбуджэннем Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа падчас Вялікай Айчыннай вайны і з яе расследаваннем мы даведваемся пра новыя факты зверстваў, якія тварылі фашысты на нашай зямлі, — падкрэсліла прадстаўнік музея. — Успрымаць гэтыя факты цяжка. Немагчыма зразумець, як чалавек мог чыніць такое зло супраць сабе падобнага. Але памятаць неабходна, каб перадаць гістарычную праўду наступным пакаленням.
За імёнамі — гісторыя
Помнікі вайны на беларускай зямлі — свяшчэнныя. Яны нагадваюць аб вялізных ахвярах, прынесеных на алтар Перамогі над фашызмам. Важна, каб мемарыялы захоўваліся ў належным стане. У гэтым годзе напярэдадні Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь мемарыял на месцы знішчэння вязняў Барысаўскага гета быў абноўлены.
Як расказалі ў аддзеле ідэалагічнай работы і па справах моладзі Барысаўскага райвыканкама, гэтаму папярэднічала пошукавая праца, падчас якой былі ўстаноўлены новыя імёны мірных жыхароў — ахвяр нацыстаў і іх паслугачоў. Дапамогу на добраўпарадкаванне пахавання аказаў Банк развіцця.
— Паводле пашпарта пахавання, тут было расстраляна каля 8 000 чалавек. Раней толькі 1312 з іх былі вядомы пайменна, — патлумачыла галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Барысаўскага райвыканкама Юлія Генчык. — Цяпер, пасля праведзенай намі архіўна-даследчай працы, з улікам устаноўленых дадзеных, усяго вядома 2800 імёнаў і прозвішчаў. Яны нанесены на мемарыяльныя таблічкі, якія ўстаноўлены на тэрыторыі комплексу.
Акрамя гэтага, тут з’явіўся інфармацыйны стэнд, з якога кожны зможа даведацца пра жудасную трагедыю, што адбылася на гэтым месцы.
Алена Брава
Фота аўтара