Top.Mail.Ru

З’яўленне дэбютнага зборніка — падзея хвалюючая, а калі табе толькі-толькі споўнілася дзевятнаццаць…

08.10.2025 | 11:00
Адчуць душой

У такім узросце мала хто можа пахваліцца ўласнай кніжкай, крок сапраўды рызыкоўны. З аднаго боку, ёсць магчымасць ухапіць непадробную радасць пачаткоўца, які не баіцца вынаходзіць ровар і адкрывае для сябе сусвет лірычнага слова, з іншага боку, не абысціся без вучнёўскіх твораў, якія не дазволіў бы сабе сталы аўтар. 

Ці зрабіла Паліна Дваранская правільна? Паспрабую ўхіліцца ад простага адказу і прапаную прайсціся па старонках выдання.

Кніжка пачынаецца візітоўкай «Ад аўтара», прытым досыць арыгінальнай. Пасля традыцыйных «дзе радзіўся/дзе хрысціўся» нечакана: «Ляжу на вуліцы пад бэзам, чытаю кнігу, тут раптам падлятае блізка нейкая птушка, чорная і досыць вялікая. Я ад страху ўскрыкваю, птушка таксама палохаецца і адлятае... Прыглядаюся — хрушч... Атрымліваецца, сваім здзіўленнем я выратавала яму жыццё?..»

Зачапіў не толькі смелы пераход ад біяграфічных звестак да выпадку, які дзядоўнікам прычапіўся да памяці маладой пісьменніцы, але і слова «здзіўленне», бо яно ў мяне асацыіруецца з паэзіяй і літаратурнымі знаходкамі ўвогуле.

Здзівіцца нечаму — думцы, пачуццю, убачанаму — і адлюстраваць гэта максімальна дакладна ў тэксце.

Пасля зачыну чакаліся такія ж разняволеныя вершы, але яны збольшага аказаліся напісанымі ў традыцыйных формах і эстэтыцы. Тут табе санеты і трыялеты, рандэлі і актавы — дзіва, што ў зборніку ёсць твор напісаны «Ад Ганны Максімаўны Багдановіч». 

Гэтая традыцыйнасць (ва ўсіх сэнсах — тэмы, вобразнасць, слоўнік, рашэнні) крыху засмуціла. Так, ідучы пратаптаным шляхам, можна пазбегнуць памылак, але для творчасці такі падыход ці не найгоршая памылка і ёсць. Калі толькі Паліна не ўсведамляе напісанае як вучнёўства і крок наступны зробіць больш разняволена і свабодна.

Таму для сябе вылучыў творы, строфы, радкі, якія хутчэй выбіваліся з агульнай канвы, нават калі яны былі крыху алагічныя:

Божа, за што гэтае пракляцце,

За што гэтая распуста:

Усміхацца тым,

Каго хочаш парэзаць

Сваімі ж куточкамі вуснаў.

Ці «празаічныя»:

Бабуля заўсёды казала:

«Прыбірай смецце,

Пакідай вечарам за сабой парадак:

Ноччу па хаце ходзяць Анёлы,

А праз раскіданыя рэчы

Яны спатыкнуцца і ўпадуць».

Я наводзіла парадак,

Бо перажывала,

Каб Анёлы не зачапіліся,

А цяпер, калі няма сіл,

Іду спаць і прашу прабачэння

У Анёлаў, якія, імаверна, 

спатыкнуцца і ўпадуць...

Альбо там, дзе паэтэса патрапляла звычайным у звычайнае, што зрабіць бывае вельмі складана:

...Шчасце...

Адчуць душой дыханне лета,

Каханнем не хварэць, а лекавацца.

Адчуць сябе крыху паэтам

І анікому ў гэтым не прызнацца.

Назва «Ардашынская рэфлексія» — гэта прывітанне малой радзіме пісьмен-

ніцы, вёсцы Ардашы, скразной тэме кнігі, праведзенай ад вокладкі да апошняй старонкі, натуральна і з любоўю. Так называецца і заключны раздзел, які складаецца з невялікіх лірычных мініяцюр. Гэтая частка, як ні дзіўна, чыталася вельмі арганічна. «Дзённікавыя» запісы без лішніх паэтычных прыўкрас шчырым лірызмам стварылі даверлівую інтанацыю, за якой сапраўды хацелася рухацца далей. 

Шкада, што рэфлексій было ўсяго 

9 старонак:

...Лічыш каханне сваім паветрам, 

а потым ад яго ж і задыхаешся...

Часам для таго, каб зрабіць нешта новае, трэба адпусціць старое. Таму хочацца павіншаваць Паліну Дваранскую з кнігай і пажадаць не спыняцца, здзіўляцца, пісаць, давяраць сабе і рушыць наперад.

Міхал БАРАНОЎСКІ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю