Парк пісьменнікаў каля Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі — знакавае ў сталіцы месца. Па ініцыятыве народнага пісьменніка Беларусі, ганаровага старшыні СПБ Мікалая Чаргінца тут устаноўлены памятны знак, штогод парк прырастае новымі дрэвамі, у тым ліку і ў гонар вядомых беларускіх і замежных пісьменнікаў. Пасадзіць ліпавую алею пісьменнікі маюць намер і ў гэтым годзе.
І вось днямі з’явілася яшчэ адна прыемная навіна: Мінгарвыканкам вызначыў праекты — пераможцы конкурсу маладзёжных ініцыятыў «Мінская змена — 2025».
Для ўдзелу ў праекце было пададзена каля 1000 заявак. Актыўнасць праявілі студэнты ВНУ, навучэнцы ўстаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі, размешчаных на тэрыторыі Мінска, а таксама працоўная моладзь сталіцы ва ўзросце да 31 года.
«Наша каманда прымала ўдзел у творчым спаборніцтве з унікальнай і незвычайнай ідэяй, аснову якой прапанавала нам партыя „Белая Русь“, —
расказвае Уладзіслаў Кашкоўскі, вядучы аўтар праекта, студэнт архітэктурнага факультэта БНТУ і тэхнік-праекціроўшчык УП „Мінскпраект“. — Наш творчы калектыў сумесна з куратарамі, у тым ліку і з Саюза пісьменнікаў Беларусі, распрацаваў канцэпцыю далейшага развіцця „Парка пісьменнікаў“. У выніку чаго наш праект на прэстыжным конкурсе быў адзначаны як „Лепшы праект“!
Варта дадаць, што суаўтарамі праекта сталі Максім Давідовіч, выпускнік Мінскага дзяржаўнага каледжа архітэктуры і будаўніцтва», яго навучэнкі Ульяна Верамейчык і Лізавета Тарасевіч.
— Пісьменнікам вельмі прыемна, што моладзь праяўляе цікавасць да літаратуры, і яна спалучылася з клопатам аб экалагічным добраўпарадкаванні сталіцы, — заўважае першы намеснік старшыні
Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах. — Праект — крок да ўшанавання беларускага пісьменства ў Мінску.
Крэатыўны падыход маладых архітэктараў да літаратурнай спадчыны натхніць пісьменніцкую супольнасць праводзіць там імпрэзы, вечарыны, паэтычныя чытанні...
Марыя ЛІПЕНЬ