Хутчэй за ўсё тыя з нас, чыё дзяцінства выпала на савецкі час, добра памятаюць кнігі пра прыроду і яе насельнікаў, імёны і прозвішчы аўтараў, выдомых сваімі цікавымі творамі пра навакольны свет: Віталь Біянкі, Міхаіл Прышвін, Канстанцін Паустоўскі, Яўген Чарушын, Барыс Жыткоў і іншыя. У беларускай літаратуры таксама свае традыцыі ў гэтай тэматыцы.
І нават сёння сярод пісьменнікаў ёсць тыя, хто працягвае распавядаць маленькім чытачам пра жыццё насельнікаў падводнага царства і не толькі. Сярод іх і Валерый Кастручын, лаўрэат міжнародных літаратурных прэмій імя В. В. Біянкі і П. П. Яршова, уладальнік залатога дыплома XII Міжнароднага Славянскага літаратурнага форуму «Залаты Віцязь» у намінацыі «Літаратура для дзіцячага і юнацкага ўзросту».
Кніга «Казкі Дзікага возера» пабачыла свет у Выдавецкім доме «Звязда» сёлета (наклад 1000 асобнікаў). І хоць у першую чаргу яна прызначана для дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту, думаецца, з гэтымі казкамі з ахвотай пазнаёмяцца і самі бацькі. Выданне сапраўды выклікае настальгію па тых гісторыях, якія мы чыталі ў сваім дзяцінстве ў таго ж Біянкі. Гэта такія няспешныя, у добрым сэнсе слова, вандроўкі ў чароўны свет рыб, вадаплаўных птушак і іншых водных жывёл, якія насяляюць нашы азёры, рэкі і сажалкі.
Ужо па адной толькі назве кнігі зразумела: чытачоў чакаюць чароўныя прыгоды з удзелам тых, каго гарадскія хлопчыкі і дзяўчынкі могуць пабачыць падчассваіх канікул у вёсцы. Ну, а для жыхароў сельскай мясцовасці гэта блізкія «сябры», бо гусянят, качак, стракоз, шчупакоў і жабак яны, безумоўна, бачаць намнога часцей за гарадскіх дзетак.
Магчыма, сучасным хлопчыкам і дзяўчынкам, якія ўжо звыкліся з прысутнасцю паўсюль гаджэтаў, не хопіць у гэтых гісторыях нейкіх атрыбутаў XXI стагоддзя, бо героі па мабільных не размаўляюць і ў інтэрнэце не сядзяць. Калі б не быў пазначаны год выдання, можна было б нават падумаць, што аўтар «Казак Дзікага возера» ствараў іх у мінулым стагоддзі, яшчэ да надыходу лічбавай эпохі. У тым, напэўна, і карысць кнігі Валерыя Кастручына, што творчымі сродкамі пісьменнік спрабуе паглыбіць чытачоў у іншы свет — падводны і надводны, бо ён цікавейшы за любы сайт ці сацыяльную сетку. І хочацца спадзявацца, пазнаёміўшыся з прыгодамі сома Сёмы, Шчупака-злосніка і іншых, дзеці хоць на нейкі час адарвуцца ад экранаў. А яшчэ верыцца, што гэтая кніга падштурхне пакінуць усе справы і паехаць разам з сям’ёй да нейкага вадаёма, каб убачыць усіх яго насельнікаў на свае вочы. Лепш, канешне, летам. Выданне сапраўды абуджае цікавасць да вывучэння навакольнага свету.
Кніга складаецца з некалькіх раздзелаў, у кожным — свае цікавыя творы. Асабліва спадабаліся аповесці-казкі «Юбілей чарапахі Бурбалкі» і «Казкі Дзікага возера».
Спадзяюся, маленькім чытачам будзе цікава даведацца пра жыццё балотных чарапах і такой рыбы, як вугар. Самым маленькім хутчэй за ўсё больш спадабаюцца кароткія гісторыі «Жук Плавунец і рак Вусач», «Аднавокі» (пра трытона), «Вусы» (пра выдру), «Маленькае і вялікае шчасце» (пра жабак). Відавочна, што аўтар напісаў гэтыя творы з вялікай любоўю да ўсіх насельнікаў жывёльнага свету і падводнага царства ў прыватнасці. Магчыма, дзякуючы менавіта такім гісторыям нашы дзеці будуць больш любіць прыроду і не пакрыўдзяць яе маленькіх жыхароў. А значыць, кніга вучыць дабрыні і павазе да розных насельнікаў нашай Зямлі. Менавіта з гэтага пачынаецца беражлівае стаўленне да прыроды, наша экалагічная культура.
Напрыканцы хочацца адзначыць ілюстрацыі Алены Карповіч: без іх выданне не было б настолькі гарманічным. І канешне ж, яркую вокладку: дзве жабкі плывуць на соме, нібыта на нейкім караблі. Гэта сапраўды вельмі наіўна і шчыра, як і ўсё ў дзіцячым свеце.
Хочацца, каб сёння такіх кніг было як мага больш. Прыемнага вам паглыблення ў казачны свет нашай беларускай прыроды і адначасова ў свет добрай сучаснай дзіцячай кнігі!
Ірына ПРЫМАК