Top.Mail.Ru

Юлія Платун: Натхняе сама музыка

Аўтар: Юлія Раманькова
17.01.2025 | 15:48

Нядаўна ў Юліі Платун, стыпендыяткі фонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі, лаўрэата міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў, адбыўся першы сольны канцэрт у Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Падзея для маладой цымбалісткі радасная і хвалюючая. 




Распыталі Юлію Платун пра любоў да музыкі, натхненне і будні педагога. 

«Сцэну палюбіла ўсім сэрцам»

Юліі Платун было 10 гадоў, калі дзяўчынка ўпершыню выступіла на сцэне. Гэты дзень яна і зараз успамінае з цеплынёй. Пасля яго Юлія палюбіла сцэну ўсім сэрцам. 

— Гэта быў справаздачны канцэрт музычнай школы, у якой я вучылася, і праходзіў ён у Нясвіжскім раённым цэнтры культуры. Іграла вясёлы, завадны танец беларускага кампазітара Валерыя Іванова. Вялізная сцэна, на мяне свеціць сафіт, побач — канцэртмайстар... Мне ўсе вельмі гучна апладзіравалі! 

Паўтары гады таму Юлія скончыла Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі, цяпер заканчвае магістратуру па спецыяльнасці «Арт-менеджмент» у Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. Дарэчы, свядомая любоў да музыкі з’явілася ў цымбалісткі, калі яна паступіла ў Рэспубліканскую гімназію-каледж мастацтваў імя І.В. Ахрэмчыка. 

— Менавіта там мяне навучылі адчуваць музыку, а не проста іграць. Да гэтага, у дзяцінстве, на мой выбар паўплывалі бацькі. Мама прывяла мяне ў дзіцячую музычную школу ў Нясвіжы, дапамагла абраць інструмент. 

«На цымбалах іграюць не толькі класіку»

У дзяцінстве Юлія Платун марыла стаць выхавацелем. Успамінаючы пра гэта, яна усміхаецца: у нейкім сэнсе мара здзейснілася. Ужо сем гадоў цымбалістка працуе педагогам у мінскай дзіцячай музычнай школе мастацтваў № 10 імя Я. А. Глебава. 

— Сумнявалася, ці падыдзе мой эмацыянальны, запальчывы характар для такой прафесіі, — прызнаецца Юлія. — Аднак усё атрымалася. З дзецьмі цікава: яны шчырыя, непасрэдныя, вясёлыя. Могуць задаць любое пытанне, на якое абавязкова трэба даць адказ. 

У музычную школу № 10 Юлія Платун патрапіла па размеркаванні пасля каледжа. Засталася там працаваць і пасля заканчэння Акадэміі музыкі. Кажа, што для яе гэта было вялікім гонарам: 

— Дырэктар школы Тамара Арцёмаўна Куніцкая штосьці, напэўна, разгледзела ва мне. Спачатку мне ва ўсім дапамагалі, падказвалі, падтрымлівалі. Дзякуй нашаму калектыву, ён проста цудоўны! Музыканту пастаянна трэба быць у тонусе, развівацца. Нават пасля заканчэння вучобы трэба выхоўваць у сабе дысцыпліну і працягваць іграць, бо без гэтага немагчыма стаць добрым педагогам. З дзецьмі трэба ўвесь час развучваць новыя музычныя творы, каб ігра была ім у радасць. 

Зацікавіць дзяцей Юлія стараецца праз уласны прыклад. Разам з калегай яны здымаюць відэа ў Тык-Току, на якіх выконваюць папулярныя сучасныя мелодыі на цымбалах. 

— Так мы паказваем, што на гэтым унікальным інструменце можна выконваць не толькі класіку. Усе ведаюць, што на ім іграюць з дапамогай палачак, але існуюць і іншыя тэхнікі. Можна іграць ногцямі, падушачкамі пальцаў, перавернутымі палачкамі і г. д. Так нараджаецца зусім іншае гучанне. Мае вучні вельмі любяць мелодыю «Адпусці і забудзь» з мультфільма «Халоднае сэрца», — з захапленнем распавядае гераіня. 

Талент без старання і працы не гарантуе поспеху, упэўненая цымбалістка. Важна пастаянна ўдасканальваць сваё майстэрства, а таксама вывучаць гісторыю музыкі, біяграфію аўтараў. Так можна зразумець сутнасць музычнага твора, абставіны, пры якіх ён быў напісаны. 

— Я стараюся тлумачыць дзецям, як важна адчуваць музыку і атрымліваць ад гэтага асалоду, а не толькі старацца добра здаць экзамены. Да творчасці трэба падыходзіць з любоўю. 

«Напэўна, жыла б на сцэне!»

Бачыць шчаслівыя твары вучняў — вялікая радасць для педагога. Самае прыемнае, калі праходзіць чарнавы этап працы і ў дзяцей упершыню атрымлівацца сыграць мелодыю цалкам. Юлію Платун натхняе, калі яны ў прыгожых уборах выступаюць на сцэне. А яшчэ... 

— Натхняе сама музыка, — прызнаецца мая гераіня. — Яна заўсёды розная, нават калі іграеш адны і тыя ж творы ў розныя перыяды жыцця. Стан чалавека, яго пачуцці, настрой адлюстроўваюцца ў мелодыі, таму ў кожнага выканаўцы твор гучыць па-свойму. Адчуванні музыканта перадаюцца гледачам, адгукаюцца ў сэрцах.

Ігра Юліі Платун захапляе не толькі звычайных гледачоў, але і членаў журы прэстыжных музычных спаборніцтваў. Юлія — стыпендыятка фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, лаўрэат міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў. На VIII Рэспубліканскі адкрыты конкурс выканаўцаў на народных інструментах імя І. І. Жыновіча цымбалістка ўпершыню трапіла ў 2009 годзе, аднак тады не атрымалася заняць прызавое месца. 

— Некаторыя нават казалі, што ў мяне праблемы з рукамі — імі немагчыма добра іграць, аднак я не здавалася. З трэцяй спробы мне ўсё ж такі ўдалося прайсці рэспубліканскі адбор. І ў 2018 годзе перамагла ў старэйшай узроставай групе! Атрыманне Дыплома конкурсу дало мне права паступіць у Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі без іспытаў.

Значнай падзеяй для цымбалісткі з’яўляецца яе першы сольны канцэрт у Беларускай дзяржаўнай філармоніі, які прайшоў у лістападзе 2024 года. Юлія прызнаецца, што ёй было няпроста адважыцца на гэта. 

— Аднак у выніку я шчаслівая! Гэта новы этап у творчасці. Да таго ж, я вельмі люблю выступаць. Будзь такое магчыма, напэўна, жыла б на сцэне! Канешне, падчас выступлення я крыху хвалююся, аднак гэта добры паказчык і сведчыць пра павагу да музыкі.

Маладая цымбалістка любіць выконваць рамантычныя, душэўныя мелодыі, здольныя крануць сэрцы слухачоў і выклікаць шчырыя эмоцыі. Напрыклад, «Preludia and hora-capriccioso» малдаўскага кампазіратара Ісідора Бурдзіна.

— І. Фралоў, «Канцэртная фантазія на тэмы з оперы Дж. Гершвіна «Поргі і Бес» — гэта тое, што ў маім рэпертуары ўжо больш за 5 гадоў. Вельмі люблю творы ў джазавым духу беларускага кампазітара Андрэя Шпянёва. Звычайна для канцэртаў адбіраю тое, што не так часта іграюць. Мне цікава шукаць і вывучаць новае. 

Цяпер у планах цымбалісткі паспяхова абараніць магістарскую дысертацыю. І, вядома, адпачыць. 

— Дарэчы, у сваёй дысертацыі я даследую аргенцінскае танга. У гэтага танца вельмі багатая гісторыя. Кожны крок у ім невыпадковы і нясе ў сабе частку культуры і традыцый. Аднойчы ў інтэрнэце я знайшла аб’яву пра набор у студыю танцаў, і сама стала вучыцца аргенцінскаму танга. Мяне зачароўвае гэты грацыёзны і элегантны танец.

Юлія РАМАНЬКОВА

Фота аўтара і з асабістага архіва суразмоўніцы


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю