Асабісты стыль Наталлі Чорнагаловай прываблівае эксцэнтрычнасцю і адначасова лірычнай глыбінёй. Сябра Беларускага саюза мастакоў, актыўная ўдзельніца калектыўных і персанальных выставак Наталля Арсенцьеўна не баіцца эксперыментаваць у розных жанрах і тэхніках. У творчым партфоліа мастачкі — партрэты, нацюрморты, пейзажы, графічныя замалёўкі і інш. Творы Наталлі Чорнагаловай знаходзяцца ў калекцыях Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, краязнаўчага музея г. Брэста, у прыватных зборах краін Еўропы і ЗША.

«Беларускія Грацыі», 2017 г.
У экспазіцыі Палаца мастацтва прадстаўлена каля 100 жывапісных работ, якія адлюстроўваюць розныя этапы творчага шляху мастачкі. Творы аб’яднаны любоўю да Радзімы, захапленнем роднай прыродай і пяшчотнымі ўспамінамі дзяцінства.
У Наталлі Чорнагаловай рэдкі дар мысліць колерам. Яе творы — пульсуючая энергія жыцця, дзе спалучаюцца і ўнутраная гармонія, і лірычная сімфонія кахання, і першародны хаос.
«Мая абстракцыя — гэта мой джаз. І я так хачу, каб людзі палюбілі мой джаз! Я, як Уладзімір Высоцкі, — „Я дыхаю, і значыць я кахаю. Я кахаю, і значыць я жыву“», — характарызуе сваю творчасць Наталля Арсенцьеўна.

«Магутная сімфонія кахання», 2017 г.
Мастачка адносіць сябе да жывапісцаў-абстракцыяністаў, аднак яе стыль нельга назваць класічнай абстракцыяй. Такі стыль спадабаецца тым, хто сустракаецца з абстракцыянізмам упершыню, бо тут непатрэбна шукаць нейкую новую філасофскую канцэпцыю ці глыбокія экзістэнцыяльныя сэнсы. На палотнах Наталлі Чорнагаловай — шчымлівыя сэрцу вобразы: родны дом, прыгожыя беларускія краявіды, блізкія людзі. Абстрактным можна назваць спосаб канструявання выявы — калі наслаенні колеру і фактуры збіраюцца ў распазнавальную карціну на пэўнай дыстанцыі ад палатна ці нават фотаздымку. Праца над кожным творам выглядае як своеасаблівы перфоманс: мастачка не выкарыстоўвае пэндзлі, а працуе рукамі, каб цалкам перадаць творам уласную энергію.
Тым, хто упершыню сутыкнуўся з абстракцыяй Наталлі Чорнагаловай, яе работы могуць нагадаць стэрэамалюнкі, якія раней часта друкавалі ў дзіцячых часопісах. І гэта не выпадкова, бо мастацкая тэхніка Наталлі Арсенцьеўны вельмі падобна на ілюзію — букет півоняў з іншага ракурсу нагадвае рознакаляровы салют, у паўліным хвасце квітнеюць сланечнікі, а вясковая вуліца ператвараецца ў прывабны міраж. Кожны твор мастачкі можна трактаваць па-рознаму, таму для падрабязнага аналізу экпазіцыі спатрэбіцца шмат часу (улічвайце гэта перад наведваннем выстаўкі).
У праекце «Вечна жыві і квітней, Беларусь!» Наталля Чорнагалова паспрабавала ўвасобіць шчырую любоў да краіны, захапленне яе людзьмі і краявідамі. Работы прасякнуты патрыятызмам, які немагчыма выхаваць падручнікамі, ён сам нараджаецца ў сэрцы.
У экспазіцыі прадстаўлены розныя жанры жывапісу: нацюрморт, пейзаж, партрэт, побытавыя сцэны і інш. Мастачка выкарыстоўвае насычаную колеравую палітру, з-за чаго ў работах адчуваецца аптымізм, жыццялюбства і моцная энергія. Некаторыя творы напоўнены лірыкай, іншыя нясуць у сабе жартаўлівыя ноткі. Часам мастачка ўзгадвае і сумныя падзеі нашай гісторыі, аднак святло, якое ідзе ад гэтых работ, нівеліруе іх песімістычны настрой.

«Мару аб шчасці-раскошы...», 2017 г.
Акрамя тэмы Радзімы аўтар закранае шэраг іншых пытанняў: сувязь мінулага і сучаснасці, шчырае каханне, здольнае вытрымаць усе нягоды, ціхае зачараванне прыродай і светлая надзея на лепшае. Нягледзячы на адзіны лірычны матыў выстаўкі, мастачка прэзентуе сябе як шматгранную асобу, для якой няма творчых абмежаванняў.
«Я нясу радасць і хачу падзяліцца з вамі сваёй энергіяй, любоўю да роднай старонкі і моцнай верай у росквіт і дабрабыт нашай краіны», — такой шчырай прамовай мастачка запрасіла наведвальнікаў на выстаўку.
Лізавета КРУПЯНЬКОВА