Top.Mail.Ru

«Яраславія» Барыса Аракчэева

Аўтар: Яўгенія Шыцька
10.04.2026 | 14:29
З нагоды святкавання 100-годдзя творцы

Днямі ў Мінскай абласной бібліятэцы імя А. С. Пушкіна адкрылася выстаўка твораў Барыса Аракчэева. 19 красавіка споўніцца 100 гадоў з дня нараджэння жывапісца і педагога, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі. 

Захоплены прыгажосцю

Жыццёвы і творчы лёс Барыса Аракчэева знітаваны з беларускай зямлёй. Больш за паўстагоддзя мастак аддаў служэнню айчыннаму мастацтву. Жыў ён у Мінску, аднак на сваіх палотнах адлюстроўваў, вядома, не толькі хараство сталіцы — яго натхняла і захапляла прыгажосць розных, нават самых сціплых куткоў Беларусі. 

Барыс Уладзіміравіч быў майстрам сюжэтна-тэматычнай карціны. Адна з яго ключавых работ у гэтым кірунку — «Хлеб» 1969 года — гордасць пастаяннай экспазіцыі Нацыянальнага мастацкага музея. Але не менш значную частку яго творчасці складаюць пейзажы. Зразумела, і з іх таксама пачыналася творчая дзейнасць ураджэнца Расіі. 

Незнаёмымі сцежкамі 

Барыс Аракчэеў нарадзіўся і пэўны час жыў у вёсцы Турбанава Брэйтаўскага раёна Яраслаўскай вобласці. Толькі ў 1944 годзе ваенны лёс прывёў яго ў Беларусь. Да таго ён паспеў налюбавацца роднымі краявідамі, да якіх зноў і зноў вяртаўся ў сваёй творчасці. Змястоўная выстаўка «Рэчка майго дзяцінства» ў Мінскай абласной бібліятэцы знаёміць якраз з творамі, прысвечанымі радзіме і ўспамінам першых гадоў жыцця. Невядомымі гледачу сцяжынамі на адкрыцці экспазіцыі правялі дочкі мастака Аксана і Алёна Аракчэевы. Яны расказалі аб асобных старонках біяграфіі і творчасці бацькі, а таксама падзяліліся ўражаннямі ад паездак на яго радзіму, паказалі прэзентацыю паводле гэтых вандровак. Па іх успамінах, некалькі дзесяцігоддзяў таму вёска Турбанава яшчэ жыла, але сёння закінута. 

Шмат увагі мастак надаваў рацэ Сіць, якую помніў з маленства, і меў магчымасць назіраць за ёй ужо ў сталым узросце. Выстаўку «Рэчка майго дзяцінства» склалі жывапісныя і акварэльныя работы, якія дапамагаюць асэнсаваць асаблівасці побыту жыхароў далёкай «Яраславіі», як называюць край многія яго жыхары, ацаніць майстэрства аўтара ў перадачы прасторы ў пейзажы, заўважыць змены ў стылі і падыходах... 

Адзначаем свята разам

Святкаванне 100-годдзя мастака, які пакінуў значную творчую спадчыну, Аксана Аракчэева распачала яшчэ летась, калі паказала творы бацькі ў музеі-запаведніку «Заслаўе». «Рэчка майго дзяцінства» — першы з шэрага праектаў, падрыхтаваных да паказу менавіта ў юбілейны год Барыса Аракчэева. Учора жу Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва адкрылася мастацка-дакументальная выстаўка «Горнымі дарогамі. Каўказ» — дэманструюцца эцюды мастака, створаныя падчас яго дзвюх паездак на лячэнне ў Дом творчасці мастакоў у Хосце. 8 красавіка гледачоў запрашаюць у галерэю 

«Беларт» на адкрыццё экспазіцыі «Кветкі веснавыя». У красавіку творчая спадчына Барыса Аракчэева будзе дэманстравацца ў Мастацкай галерэі ў Крупках, у Чарэйскай сельскай бібліятэцы (Чашніцкі раён), а таксама ў музеі «Прастора Хаіма Суціна» (Смілавічы)... 

У маі карціны Барыса Аракчэева жыхары і госці сталіцы ўбачаць у Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа, а таксама ў Нацыянальным мастацкім музеі. 

Яўгенія ШЫЦЬКА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю