Гэтым разам Сяргей Фядотаў і яго тэатр наведалі Беларусь з гастрольным турнэ. Яны пабывалі ў Мінску, Магілёве і Гомелі. Білеты на дзве яскравыя «грузінскія» пастаноўкі «Мачаха Саманішвілі» і «Ханума» ў Магілёве раскупілі яшчэ за месяц да іх прыезду.
І не расчараваліся. Спектаклі вельмі жывыя, нібыта сатканыя з грузінскіх песень, танцаў, традыцый, звычак. Дэкарацыі, касцюмы, нарэшце, той каўказскі акцэнт, з якім размаўляюць артысты, — усё гэта стварыла непаўторную атмасферу паўднёвай краіны.
— Мы працуем па сістэме Міхаіла Чэхава — гэта калі акцёр цалкам паглыбляецца ў ролю, адыходзіць ад сябе і ў выглядзе персанажа пачынае ствараць новую рэчаіснасць, што абазначана ў п’есе, — падзяліўся ў размове з карэспандэнтам Сяргей Фядотаў. — Па тым, як гледачы рэагавалі, можна сказаць, што нам паверылі.
Сяргей Фядотаў кажа, што класічныя пастаноўкі — гэта крэда тэатра. Ён пяць разоў ставіў у розных краінах «Майстра і Маргарыту» Міхаіла Булгакава, восем — Мікалая Гогаля, неаднойчы звяртаўся да Фёдара Дастаеўскага.
— Гэта чалавечны тэатр, — кажа суразмоўнік. — Я катэгарычна супраць постмадэрнізму, які захапіў сёння практычна ўсе сцэны. Мы ўжо 35 гадоў ставім спектаклі класічныя. Нічога не прыдумваем, не ствараем звышсюжэта, як сёння модна. Новых персанажаў увесці, час дзеяння перанесці ў нашы дні, дадаць «чарнухі»... Мы катэгарычна супраць гэтага. Наш тэатр пра любоў, дабро, чалавека.
Сяброўства пермскага тэатра з магілёўскім пачалося дзякуючы міжнароднаму маладзёжнаму тэатральнаму форуму М.@rt.кантакт 13 гадоў таму. «У Моста» тройчы ўдзельнічаў у гэтым фестывалі.
Спектаклі, створаныя пад кіраўніцтвам Сяргея Фядотава ў розных краінах блізкага і далёкага замежжа, карыстаюцца нязменным поспехам. Не выключэнне і яго работа з магілёўскімі артыстамі — «Жаніцьба. Фантасмагорыя». Яна стала пераможцам фестывалю М.@rt. кантакт-24 і атрымала найвышэйшую ўзнагароду IX Міжнароднага тэатральнага фестывалю «Смаленскі каўчэг», у якім сёлета ўдзельнічаў Магілёўскі абласны драмтэатр.
— Мы палюбілі Магілёў і прыязджаем сюды як дадому, — прызнаецца рэжысёр. — Тут вельмі гарманічна пабудаваны і сцэна, і глядзельная зала. Нашы дэкарацыі ўдала ўпісваюцца сюды, быццам для магілёўскай сцэны зроблены.
Нядаўняе турнэ па Беларусі ўжо трэцяе. Раней тэатр пабываў з гастролямі і ў Брэсце. Вельмі цёплыя адносіны з Мінскам.
— Нас запрасілі на фестываль «Белая Вежа», а мы бачым, што па часе змаглі б яшчэ і Мінск наведаць, — кажа рэжысёр. — Тэлефаную ў Мінск, і нам кажуць: прыязджайце, чакаем. Сябруем з Мінскім маладзёжным тэатрам. А два гады таму паставіў у РТБД спектакль «Махляры». Так што мы вельмі любім Беларусь. Дзіўна, што беларусы не размаўляюць па-беларуску. Нашы артысты ў «Камедыі» Рудава іграюць на беларускай, нават працавалі над маўленнем з беларусамі.
Сяргей Фядотаў нездарма прапраўнук вядомага рускага жывапісца Паўла Фядотава — мае мастацкі густ, цягу да адкрыццяў. Магілёў яму падабаецца яшчэ за тое, што ў яго шмат агульнага з расійскай гісторыяй. Тут была Стаўка Вярхоўнага галоўнакамандуючага Расійскай імперыі.
— Я палюбіў гэтых людзей, нетаропкіх, хлебасольных, шчодрых, — прызнаецца рэжысёр. — Мне захацелася тут пажыць, і я паставіў спектакль. Прыемна, што шмат людзей на вуліцы падыходзілі і дзякавалі за пастаноўкі, казалі, што чакалі. Трынаццаць гадоў таму на нас прыходзілі і дагэтуль помняць. Мне наогул падабаюцца невялікія гарадкі. У Мінску было цікава, а тут — яшчэ цікавей. Сапраўдныя беларусы жывуць у глыбінцы. Я тут спасціг і палюбіў беларускі характар.
Фота з сайта teatr-umosta.ru