Top.Mail.Ru

Якія творы прадставіў на персанальнай выстаўцы Андрэй Савіч?

Аўтар: Яўгенія Шыцька
27.08.2025 | 07:00

Да 14 верасня ў галерэі «Арт-Фабрыка» працуе выстаўка Андрэя Савіча «Жывапіс па палатне, паперы і сэрцы». 


Экспазіцыя знаёміць з творамі аўтара, які працуе ў кірунку абстрактнага імпрэсіянізму. Зразумела, мастак не імкнецца да таго, каб яго творчасць адпавядала ўжо зробленаму ў гэтым кірунку. Ён шукае новыя спосабы існавання ў нефігуратыўным мастацтве, аналізуе створанае прадстаўнікамі розных мастацкіх плыняў XX стагоддзя і сучаснасці. 

Абстрактны імпрэсіянізм, які ўзнік у 1950-х гадах, вядома, спалучае ў сабе рысы абстракцыянізму і імпрэсіянізму. Гэты кірунак жывапісу пазнавальны тым, што работы ствараюцца нанясеннем фарбы шпатэлем або маленькімі мазкамі. Такім чынам выбудоўваецца і структуруецца прастора палатна. 

13_31_A.jpg

«Прастора»

Мастакі, якія вырашылі шукаць новае ў абстрактным мастацтве, праз такі від імпрэсіянізму хочуць перадаць эмацыянальныя і візуальныя ўражанні. Зразумела, колер і форму яны выкарыстоўваюць не для дакладнага адлюстравання аб’екта, хоць вока гледача і адшуквае пазнавальнае, заўважае нейкі сюжэт... Любы аўтар, творчасць якога можна аднесці да гэтага кірунку, безумоўна, адмовіцца адказваць на пытанні, што занатавана на палатне і ці правільныя здагадкі публікі. Ён, як правіла, адлюстроўвае свой унутраны свет, аднак рады, што назіральнікі знаходзяць штосьці большае. Ды акрамя меркаванняў, спроб інтэрпрэтацыі нічога не застаецца — лагічны аналіз і інтэлектуальнае ўспрыманне не дазваляюць улавіць у карцінах пэўныя паняцці, зразумець схаваныя сэнсы. 

Адназначнага значэння або сюжэта ў творах абстрактнага імпрэсіянізму знайсці немагчыма, аднак многія аўтары, у іх ліку і Андрэй Савіч, разважаючы на тую ці іншую тэму і праяўляючы свае пачуцці, скіроўваюць напрамак думкі гледача. Ледзь не ўсе работы беларускі мастак прысвячае абстрактным паняццям. Аднак амаль усё, што знаходзіцца ў цэнтры яго ўвагі, так ці інакш звязана з ідэяй, уяўленнем аб святле, і такі зварот падпарадкоўваецца неабходнасці філасофскага пошуку мастаком духоўнага ў мастацтве. Што могуць уяўляць сабой ціхая радасць, спакой, узнёсласць, упэўненасць, узаемнасць? Як варта паказаць памяць, повязь часоў, шлях? Якімі паўстаюць каханне, вера, надзея?.. Прадстаўленае жывапісцам у «Арт-Фабрыцы» складаецца ў адзін рукапіс — да такога прачытання падштурхоўвае і пазнавальная рыса карцін — радкі тэксту, разабраць які, зразумела, няма магчымасці; хоць часта сустракаецца імя аўтара і дата стварэння работ, і надпісы гэтыя, у супрацьлегласць традыцыі, размяшчаюцца ў прасторы палатна дзе заўгодна і становяцца паўнапраўнай часткай кампазіцыі. А рукапіс гэты расказвае пра святло і шлях, які яно дапамагае прайсці. 

13_31_C.jpg

«Шлях»

13_31_B.jpg

«Вечар»

Засяродзіўшыся на ўласным унутраным свеце, Андрэй Савіч, тым не менш, не адмаўляе прыгажосці наваколля, апісваючы ў шэрагу работ з’явы прыроды. Ёсць на выстаўцы «Жывапіс па палатне, паперы і сэрцы» і прыклады фігуратыўнага мастацтва: своеасаблівыя партрэты жывёл і птушак складваюцца ў серыю, прысвечаную станам душы. Тут Андрэй Савіч вядзе з публікай жартаўлівую размову, аднак гэта ніякім чынам не супярэчыць канцэпцыі праекта, што патрабуе ад гледача ўдумлівага падыходу да знаёмства з творамі. 

Яўгенія ШЫЦЬКА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю