Top.Mail.Ru

Якія работы сталі фаварытамі «Viva Kola Art 2024»?

Аўтар: Яўгенія Шыцька
16.12.2024 | 14:26

Выстаўка «Viva Kola Art 2024» у Палацы мастацтва была прадстаўлена мінскаму гледачу і гасцям сталіцы на працягу некалькіх тыдняў. Аднак праект радаваў не толькі публіку, але і мастакоў — далёка не кожную нават сталічную выстаўку наведвае такая колькасць прыхільнікаў мастацтва. Да таго ж інтрыга: «Viva Kola Art» — гэта не толькі выстаўка, але і конкурс — рэспубліканскі, на які аўтары з Беларусі і краін блізкага замежжа прапанавалі каля 500 работ. У журы быў месяц, каб вызначыцца з фаварытамі. Такі ж перыяд на раздумванне і гледачам, якія таксама выбіралі найлепшых — у адпаведнасці са сваім густам.


Як і заўсёды на падобных конкурсах, найбольшую колькасць работ журы разглядала ў намінацыі «Жывапіс». Сапраўды, гэтая частка маштабнай выстаўкі была багатая і разнастайная. Цалкам заслужаную перамогу атрымаў Васіль Касцючэнка — настолькі яго работы адпавядалі канцэпцыі праекта, настолькі вылучаліся сярод іншых дзякуючы стылістыцы і цікавым сюжэтам. Другое месца — у стваральніка асаблівага свету дзяцінства Івана Фірцака, трэцяе — у дасціпнага Івана Семілетава. 

Найлепшымі графікамі на конкурсе «Viva Kola Art» былі прызнаны Лізавета Пастушэнка (у сваіх фантазіях яна абапіраецца на казку, сюррэалістычныя светы, і такі падыход прынёс мастачцы гэтым разам перамогу), Уладзімір Васюк (журы аддало другое месца аўтару, які прадставіў усяго толькі адну работу пад назвай «Код Коласа» — незвычайны графічны твор, які не так проста разгадаць да канца) і Аляксандр Шаппо (з адзінай на выстаўцы літаграфіяй «Два колы» (2003), якая адрозніваецца ад іншых адкрытасцю і смеласцю). 

Што да намінацыі «Скульптура», то першае месца заняў славуты майстар Уладзімір Слабодчыкаў (журы высока ацаніла яго кампазіцыю «Сям’я» з пластыку). Другое месца заняў Хізры Асадулаеў з вытанчанымі скульптурамі, трэцяе — Арцём Мядзведзеў і Валерыя Бірала, аўтары забаўнага арт-аб’екта «Палярная зорка» (2024). 

У намінацыі «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва» перамагла Анастасія Чадзій (за эксперыментамі маладога аўтара ў кераміцы даўно сочаць многія калегі і мастацтвазнаўцы). Другую прэмію за твор «Рухавік» (2024) атрымаў Антон Ціханавец, трэцюю — Валянціна Іванькова: журы заўважыла яе работу «Лета».

Сярод найлепшых дызайнераў гэтым разам — Юлія Кукушкіна (прафісіяналам прыйшлася даспадобы яе серыя здымкаў «Кругаабарот» 2024 года), Лізавета Янкова (адзначана работа «Зорны шлях», прысвечаная алімпійскім гульням 1980 года) і Наталля Наўроцкая («Веласям’ю» (2024) мастачка прадставіла з гумарам). 

Вадзім Качан, які апошнім часам актыўна выступае з персанальнымі выстаўкамі і ўдзельнічае ў зборных, перамог у намінацыі «Рэпартажная фатаграфія» (за серыю «Рамантыкі з нашага двара», 1985). Другое месца атрымаў Уладзіслаў Рута за здымак «Веламарафон „Соль Палесся 2024“». Замыкае тройку лідараў у гэтай катэгорыі Ірына Ляшчова (выбрана яе фота «Яшчэ паглядзім, хто каго» 2024 года). 

Тым часам у намінацыі «Мастацкая фатаграфія» найлепшым стаў фатограф-падарожнік Сяргей Міхалюк (найбольшай увагі ўдастоілася работа «У В’етнаме» 2024 года). Здымак «Індзейцы і каўбоі. Дзяцінства. 70-я гады» Яўгенія Залужнага здабыў для аўтара другі прыз. Трэцяе месца занялі Крысціна Мельнік-Субцэльная і Міхаіл Субцэльны — дзякуючы серыі «Праяўленне ўспамінаў». 

На конкурсе «Viva Kola Art» ёсць таксама намінацыя «Арт-аб’ект» — часцяком тут болей, чым дзе, у аўтараў ёсць падстава для эксперыментаў і да таго ж шанс быць заўважаным найперш маладой публікай, якая прагне новага — з ухілам у правакацыю і гумар. У гэтым рэчышчы першае месца атрымаў Андрэй Пяткевіч, які задаволіў журы дзякуючы рабоце «Сіла мастацтва» (2024). Прыгожы арт-аб’ект «Велаарт» прынёс Міхаілу Шыкаву другое месца. Уладальніца дыплома за трэцяе месца Паліна Корзун-Фомчанка, без сумневу, зачаравала экспертаў сваім цудадзейным вітражным «Колам жыцця» (2024). 

Нельга абысці ўвагай і сёлетніх дэбютантаў — найбольш перспектыўных адзначылі дыпломамі ў намінацыі «Творчы дэбют». Так, перамогу атрымала Ангеліна Вашчанка з серыяй работ «Коткавасць». Другое месца — у Апанаса Отчыка са скульптурнай кампазіцыяй «Немезіда» (2024), трэцяе — у Лізаветы Барсуковай з «Марафонам з прыемным абцяжарваннем». Маладыя аўтары, як і прынята, імкнуцца заявіць пра сябе з дапамогай яркай стылістыкі, немудрагелістых сюжэтаў, запамінальных вобразаў. 

І, нарэшце, «Гран-пры» конкурсу, якое сёлета дасталася Вікторыі Ільіной. На выстаўцы «Viva Kola Art 2024» яна прадставіла тры работы — «Людзі на вуліцы», «Круцяцца колы» і «Лета з веласіпедам». Яркія, светлыя і, галоўнае, жыццесцвярджальныя, яны нібы адлюстроўваюць задуму самога праекта, нагадваюць пра той самы сінтэз спорту і мастацтва, які імкнуцца абвясціць і праславіць арганізатары. А вось гледачы часцей галасавалі за работы «З начной змены» (2024) Андрэя Пяткевіча, «Tour des Fleurs» (2024) Лізаветы Пастушэнкі і «Квадрат» (2022) Аляксея Карабельнікава.

Дарэчы, акрамя асноўных намінацый стваральнікі праекта заснавалі спецыяльныя прызы. Беларуская федэрацыя веласіпеднага спорту адзначыла Ірыну Пекусаву, Уладзіміра Уродніча, Дзяніса Барсукова, Velvet Violet і Канстанціна Пухава. Спецыяльных прызоў ад Веласіпеднага клуба «Мінск» удастоіліся Аляксей Карабельнікаў, Дзяніс Камароў, Міхаіл Субцэльны, Алег Чубакоў і Яна Моладава. У спецыяльнай намінацыі «Біятлон» найлепшымі сталі Вольга Назарава, Дзяніс Касцючэнка і Дар’я Пермякова, у катэгорыі «Гімнастыка» — Лізавета Пастушэнка, Юлія Мацура і Вiкторыя Кавалевiч, у катэгорыі «Тэніс» — Юлія Бортнік, Хізры Асадулаеў і Антаніна Гуршчанкова. Што да «Хакея», то вылучаны Яўген Уткін, Уладзімір Новак і Аляксей Карабельнікаў. У намінацыі «Настольны тэніс» пераможца адзін — Алег Чубакоў. 

Да таго ж «Спецыяльны прыз за выкарыстанне лічбавых тэхналогій і дапоўненай рэальнасці пры стварэнні спартыўных кубкаў для рэспубліканскай выставы-конкурсу „Viva Kola Аrt“» атрымала група «VriDEJ» (Алеся Бацюня, Вячаслаў Семянько, Уладзіслаў Хацкевіч), а Леанід Хобатаў адзначаны за стварэнне экспазіцыі. 

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю