Top.Mail.Ru

Якія месцы ў Касцюковічах і яго наваколлі трэба наведаць, каб прасякнуцца атмасферай свята

Аўтар: Нэлi Зігуля
21.08.2026 | 15:08
Падкова на шчасце

Памятны знак «Літаратурная спадчына» каля раённага Цэнтра культуры з’явіўся ў Касцюковічах некалькі гадоў таму. Ён стаў сімвалам традыцый, закладзеных мясцовымі пісьменнікамі і паэтамі. На старонках разгорнутай кнігі радкі з верша Алеся Пісьмянкова: «Ён ранкам падкову // знайшоў у расе, // Шчасліўчык, адораны лёсам, // І кожны падумаў: // дамоў панясе! // А ён — шпурлянуў у нябёсы: // „Будзем, людзі, шчаслівыя ўсе!“» Гэтымі словамі ўсё сказана. І нават калі б у Касцюковічах нічога цікавага не было, сюды б трэба было прыехаць. За той цудоўнай энергетыкай, якой тут прасякнуты кожны міліметр прасторы. А лічба 33 наогул сімвалічная: менавіта ў межах XXXIII Дня беларускага пісьменства Касцюковічы сталі «літаратурнай сталіцай» краіны. Чым наогул цікавы гэты райцэнтр і дзе абавязкова трэба пабываць, у нашым сённяшнім гайдзе па літаратурных мясцінах і не толькі. 

Будзем, людзі, шчаслівыя ўсе 

Многія вершы мясцовых паэтаў пакладзены на музыку. У 1972 годзе беларускі кампазітар Ігар Лучанок стварыў адзін з самых вядомых беларускіх шлягераў «Алеся» на верш Аркадзя Куляшова «Бывай», які так пранікнёна выканаў ансамбль «Песняры». Цікава, што гэты твор Аркадзь Куляшоў напісаў, калі яму было ўсяго 14 гадоў. 

І хай нікога не здзіўляе, што шмат хто з жыхароў Касцюкоўшчыны з першай хвіліны знаёмства натхнёна дэкламуе радкі з твораў мясцовых майстроў слова. Ураджэнка Касцюковіч, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па бюджэце і фінансах Палаты Прадстаўнікоў Аляксандра Міхеенка такса- ма ўлюбёная ў творчасць землякоў- паэтаў. Алесь Пісьмянкоў адзін з іх. 


— У яго ёсць вельмі душэўны верш «Дарога праз жыта», дзе ён піша пра сваю малую радзіму, — расказвае яна. — У мяне таксама была такая ж запаветная сцяжынка праз жытняе поле ў Касцюковічах, па якой мы з аднагодкамі бегалі. Зараз на гэтым месцы пабудаваны мікрараён Маладзёжны. Горад апошнім часам прыкметна папрыгажэў, стаў больш камфортным для жыцця. Але я, калі чытаю гэты верш паэта, заўсёды ўспамінаю тую дарогу праз жыта са свайго дзяцінства. 

Суразмоўніца прызнаецца, што на Дзень пісьменства абавязкова прыедзе ў родны горад. Яе тут добра ведаюць і паважаюць. Пэўны час яна ўзначальвала раённую ўладу ў Касцюковічах. Не забывае пра малую радзіму і зараз. І вельмі чакае свята, каб акунуцца ў лірычную атмасферу значнай літаратурнай падзеі. А на- прыканцы нашай размовы чытае кра- нальныя радкі балады «Маці» Арка- дзя Куляшова, ад якіх наварочваюцца слёзы. 

Топ-5 літаратурных лакацый 

На думку дырэктара бібліятэчнай сеткі Касцюковіцкага раёна Святланы Федасенкі, прасякнуцца літаратурным духам Касцюкоўшчыны дапамогуць як мінімум пяць літаратурных месцаў. Гэта тая самая падкова каля Цэнтра культуры (а ў ім знаходзіцца Дом рамёстваў, пра майстрых якога кажуць, што ў іх залатыя рукі), музей Аркадзя Куляшова ў школе ў Новых Саматэвічах і там жа Ліпавы ручай, дзе ёсць яшчэ адна сімвалічная падкова. Пры магчымасці добра было б пабываць у Бялынкавічах — на малой радзіме Алеся Пісьмянкова: наведаць памятны валун, каля якога падчас фестывалю чытаюць вершы паэта, а таксама пасядзець на лаўцы каля яго дома. Там сёння жывуць іншыя людзі, але не памыліцца адрасам дапаможа памятная таблічка. Абавязкова трэба наведаць раённы краязнаўчы музей, дзе можна будзе ўбачыць сапраўдныя касцюковіцкія скарбы, у тым ліку і асабістыя рэчы пісьменнікаў. 


Ну і, вядома, шмат цікавага можна адкрыць для сябе і ў самой бібліятэцы. Ёй, дарэчы, больш чым 100 гадоў. На жаль, ранейшы будынак не захаваўся, зараз бібліятэка размясцілася ў іншым месцы, больш дыхтоўным, па вуліцы Зіньковіча, якое з ёй дзеліць раённы ЗАГС. Вельмі, дарэчы, удалае суседства, бо няма нічога больш карыснага для маладых сужэнцаў, як разам пра- чытаць кнігу, асабліва знаёмых аўтараў. 

У бібліятэцы шмат такіх выданняў, у тым ліку з дарчымі надпісамі. Іх можна будзе ўбачыць на выстаўцы, якую бібліятэка арганізуе напярэдадні свята. А на Дзень беларускага пісьменства Саюз пісьменнікаў Беларусі папоўніць яе фонд новымі кнігамі. 

Бібліятэка носіць гана- ровае імя народнага пі- сьменніка Беларусі Івана Чыгрынава. Нядаўна на ёй была ўстаноўлена памятная дошка ў яго гонар (плануецца афіцыйна адкрыць на свята). З асабістых рэчаў Чыгрынава ўстанова захоўвае кнігі з дамашняй бібліятэкі і вялікі партрэт пісьменніка, падараваны сваякамі. 

— На Касцюкоўшчыне нарадзілася больш чым 28 паэтаў і пісьменнікаў, якія заявілі пра сябе ў беларускай літаратуры, — кажа Святлана Федасенка. — Два з іх — Аркадзь Куляшоў і Іван Чыгрынаў — народныя. Слаўныя літаратурныя традыцыі працягваюцца. Мы робім шмат цікавых імпрэз, сустрэч з чытачамі, запрашаем туды родных нашых знакамітых паэтаў і пісьменнікаў, сучасных літаратараў. 

Пяць стагоддзяў гісторыі 

Касцюкоўка, Камунары — гэта ўсё Касцюковічы. У раённым краязнаўчым музеі раскажуць пра гэта больш падрабязна. Менавіта ў музеі вас чакае прыемнае адкрыццё, што горад, у якім амаль не засталося старадаўніх будынкаў, усё ж такі мае вялікую і цікавую гісторыю. Упершыню пра Касцюковічы згадваецца ў летапісах 1508 года як пра адно са старажытных славянскіх паселішчаў племя радзімічаў. 

На Дзень пісьменства музей адкрыецца абноўлены знешне і знутры. Цяпер гэтая сучасная ўстанова, аснашчаная ўсім неабходным, у тым ліку вітрынамі з падсветкай, светладыёднымі экранамі, тач-панэлямі, іншым абсталяваннем, без якога цяжка эфектна падаць музейны матэрыял. 

— Музей быў заснаваны ў 1973 годзе на добраахвотнай аснове, — расказвае дырэктар музея Надзея Кудашова. — У нас больш чым 16 тысяч прадметаў асноўнага фонду і каля 8 тысяч — навукова-дапаможнага. З ліку ўнікальных экспанатаў, якія ёсць, — жаночы і мужчынскі касцюмы настаўнікаў народ-нага вучылішча пачатку ХХ стагоддзя, вялікая калекцыя этнаграфіі. Адных толькі ручнікоў каля 130 штук. Вельмі каштоўныя ёсць экзэмпляры. Да нас часта прыязджаюць супрацоўнікі Веткаўскага музея, вучоныя са сталіцы. 

Да Дня пісьменства музей падрыхтаваў цікавую экспазіцыю, прысвечаную святу паэзіі і аўтарскай песні «Пісьмянкоў луг». Жонка Івана Чыгрынава перадала яго асабістыя рэчы, падарункі, рукапісы, фотаздымкі. Што датычыцца Аркадзя Куляшова, то таксама хапае каштоўных экспанатаў. На Дні пісьменства частка з іх будзе прадстаўлена ў музеі. У іх ліку бюст паэта, зроблены вядомым беларускім скульптурам Заірам Азгурам. 

На выстаўцы можна будзе таксама ўбачыць кнігі з дарчымі надпісамі аўтараў, падораныя ім кнігі з аўтографамі, асабістыя рэчы, рукапісы, фотаздымкі. 

І нават «дзядзя Вася» 

Абнавілася да Дня пісьменства і Плошча Герояў, якая амаль цалкам апранулася ў мармур. Гэта свайго роду падзяка ўсім тым, хто абараніў Радзіму і заваяваў для нашчадкаў Вялікую Перамогу, мірнае жыццё, дзе можна радавацца, ствараць высокую літаратуру, будаваць прыгожае заўтра. «Моладзі абавязкова трэба там пабываць, — раіць дэпутат Аляксандра Міхеенка. — Тут вельмі моцна адчуваецца дух мужнасці». 


Касцюкоўшчына дала пуцёўку ў жыццё не толькі шматлікім пісьменнікам, але і іншым выбітным асобам. Гэты край праславіла шэсць Герояў Савецкага Саюза. І сярод іх — камандуючы Паветранымі дэсанцкімі войскамі Васіль Маргелаў. Таму, калі ўбачыце яго бюст на алеі Герояў, не здзіўляйцеся. Дзяцінства і юнацтва Васіля Філіпавіча прайшло менавіта на Касцюкоўшчыне, радзіме бацькоў. Нарадзіўся ён, праўда, ва Украіне, куды старэйшыя Маргелавы паехалі на заробкі. Але хутка вярнуліся на радзіму з двухмесячным сынам Васілём. Тут ён скончыў царкоўна- прыходскую школу, працаваў грузчыкам, цесляром, на іншых працоўных месцах. Пасля школы сельскай моладзі працаваў экспедытарам па дастаўцы паштовых адпраўленняў на лініі Касцюковічы — Хоцімск. Падчас вайны вызначыўся ўмелым камандаваннем часцямі дывізіі пры фарсіраванні ракі Днепр і вызваленні Херсона. За гэты подзвіг малады камандзір дывізіі 19 сакавіка 1944 года быў удастоены звання Героя Савецкага Саюза, а дывізія атрымала ганаровае званне Херсонская. 

— Бацька Маргелава падчас вайны дапамагаў партызанам і загінуў, — расказвае Надзея Кудашова. — Немцы спалілі яго ва ўласнай хаце. Маці была ў эвакуа- цыі, пасля вайны вярнулася на радзіму і жыла тут да апошніх дзён. Была пахавана на гарадскіх могілках. На помніку побач з яе імем значыцца і імя бацькі Маргелава, які там, па сутнасці, і не пахаваны. Але сыны Васіля Філіпавіча пажадалі такім чынам увекавечыць дзеда. Што датычыцца бюста Васіля Маргелава, то ён быў адкрыты першым з шасці ў 2007 годзе. Дом, дзе нарадзіўся легендарны савецкі военачальнік, на жаль, не захаваўся. Але, па некаторых звестках, ён быў там, дзе зараз знаходзіцца арт- аб’ект — кладка дроў каля культурна- маладзёжнага цэнтра «Юнацтва». 

Дызайнер для Касцюковіч 

У працэсе падрыхтоўкі да Дня пісьменства раённыя ўлады Касцюковіч паклапаціліся, каб нават выпадко-выя госці зразумелі, куды яны трапілі. З фасада аднаго з дамоў, прыпыначных павільёнаў глядзяць натхнёныя твары мясцовых пісьменнікаў і паэтаў. Усе яны знаёмыя нам са школы і пазнавальныя. Знамянальна, што на цэнтральнай плошчы горада насупраць Касцюковіцкага райвыканкама з’явіцца самы вядомы літаратурны сімвал Касцюкоўшчыны — кампазіцыя, якая адсылае нас да таго самага знакамітага верша Аркадзя Куляшова, з якога мы пачалі знаёмства з «літаратурнай сталіцай». І лепшага месца для спаткання наогул не знайсці. Таму не спазняйцеся. Да сустрэчы 5 верасня! 

Нэлі ЗІГУЛЯ 

Фота Міністэрства інфармацыі і з архіваў суразмоўнікаў


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю