Сёлета тэма міжнароднага сімпозіума літаратараў «Пісьменнік і час», які традыцыйна праходзіць у рамках Мінскай Міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу — «Агульная гуманітарная прастора СНД як спосаб супрацьстаяння выклікам сучаснасці». Абмеркаваць яе разам з беларускімі калегамі прыехалі пісьменнікі і выдаўцы Расіі, Казахстана, Арменіі, Таджыкістана, Узбекістана і іншых краін СНД.
Адкрываючы сустрэчу, старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Карлюкевіч звярнуў увагу, што сімпозіум дае магчымасць больш даведацца пра працэсы, якія адбываюцца ў культурнай прасторы розных краін, вызначыць ролю літаратуры, яе каштоўнасны патэнцыял у пераадоленні глабальных выклікаў, абмеркаваць канцэптуальныя пытанні, прыярытэтныя кірункі і формы супрацоўніцтва, адзначыць важнасць захавання цывілізацыйных і духоўных сувязей народаў СНД.
Разам дзеля будучыні
У прывітальным слове намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Дзяніс Езерскі падкрэсліў, што нягледзячы на ўзрушэнні, якія сёння адбываюцца ў свеце, добра, калі застаецца тое, што дазваляе творчым асобам збірацца, абмяркоўваць праблемы і гаварыць пра важнае — пра мір і будучыню. Ён заўважыў, што невыпадкова сярод галоўных тэм выстаўкі і сімпозіума — 35-годдзе Садружнасці Незалежных Дзяржаў: «Доўгі час мы знаходзіліся ў адзінай дзяржаве. Гэта была тая аснова, дзякуючы якой мы гаварылі на адной мове, разумелі адзін аднаго, і самае галоўнае — цанілі каштоўнасці, блізкія кожнаму з нашых народаў, тое, на чым павінна трымацца чалавецтва». Мінская пляцоўка якраз дае магчымасць вызначыць дакладныя пазіцыі, як развіваць літаратуру і што праз яе даносіць падрастаючаму пакаленню, а таксама наладжваць сувязі паміж літаратарамі, рэалізоўваць новыя сумесныя праграмы.
Дзяніс Езерскі заўважыў, што спецыяльна да выстаўкі Міністэрства інфармацыі і дзяржаўныя выдавецтвы падрыхтавалі прэзентацыю такіх кніжных праектаў, як «Казкі народаў СНД» і пераклады твораў класікаў беларускай літаратуры на мовы народаў краін Садружнасці.
Сярод арганізатараў сімпозіума — Міждзяржаўны фонд гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў-удзельніц СНД. Арганізацыя шмат робіць для развіцця культурных сувязей. Адзін з яе праектаў — «Кнігі ў падарунак», калі бібліятэкам краін СНД перадаюцца камплекты, у якіх ёсць як класічная літаратура, так і навінкі. Таксама фонд выпускае часопіс, дзе расказваецца пра культурныя падзеі, што адбываюцца ў краінах садружнасці, пра яскравыя праекты, культуру і традыцыі розных народаў. «Магчымасць удзельнічаць
у такім прадстаўнічым кангрэсе для нас — паказчык таго, што мы робім вялікую справу, — адзначыла кіраўнік аддзела падрыхтоўкі і рэалізацыі праектаў Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў-удзельніц СНД Тамара Насенка. Яна падкрэсліла, што кожны пісьменнік робіць важны ўнёсак у стварэнне жывога слова, праз якое перадаюцца агульначалавечыя каштоўнасці, маральнасць, дабрыня, што сёння асабліва важна.
Удзельнікі сімпозіума згадалі пра такі важны сумесны праект, як выданне анталогій прозы, паэзіі і дзіцячай літаратуры краін СНД. Калі ў савецкі час у чытачоў была магчымасць знаёміцца з творчасцю лепшых аўтараў з розных рэспублік, то пасля распаду СССР на працягу 25–30 гадоў такія сувязі былі парушаны. У той жа час літаратурны працэс не спыняўся, пісьменнікі розных рэспублік працягвалі пісаць, і сёння дзякуючы сумесным праектам у чытачоў ёсць магчымасць пазнаёміцца з творчасцю сучасных аўтараў краін СНД.
Як расказаў дырэктар Дэпартамента дзяржаўнай падтрымкі перыядычнага друку і кніжнай індустрыі Міністэрства лічбавага развіцця, сувязі і масавых камунікацый Расійскай Федэрацыі Уладзімір Грыгор’еў, гэты праект будзе развівацца: пабачаць свет новыя выпускі анталогіі літаратур краін СНД. У планах таксама — стварэнне лічбавай платформы, дзе можна будзе размяшчаць як пераклады і арыгінальныя тэксты аўтараў краін — удзельніц Садружнасці, так і навіны, якія адлюстроўваюць літаратурныя працэсы, што адбываюцца ў розных краінах. Таксама будзе адноўлена ранейшая практыка творчых камандзіровак і стажыровак, у тым ліку ў знакавых пісьменніцкіх месцах.
На адной мове
Намеснік старшыні Савета пры прэзідэнце Расійскай Федэрацыі па рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў сферы падтрымкі рускай мовы і моў народаў Расіі, старшыня навукова-адукацыйнага саюза «Роднае слова» Канстанцін Дзеравянка ўзняў праблемы, звязаныя з выхаваннем і адукацыяй: «Трэба ўводзіць моду на пісьменнасць, індэксы пісьменнасці». Багаты слоўнікавы запас можа быць паказчыкам інтэлекту, агульнага развіцця асобы. У свеце ўжо праводзяцца даследаванні, звязаныя з па-
дзеннем узроўню пісьменнасці, якія паказваюць, што гэта ўплывае і на эканамічныя паказчыкі. Кнігі вельмі важныя для фарміравання мыслення ў дзяцей. І сёння, калі пераважная большасць з іх з самага ранняга ўзросту валодае гаджэтамі, трэба думаць, як ствараць друкаваны кантэнт, каб ён мог канкурыраваць з лічбавымі рэсурсамі, быў цікавым, а таксама зразумелым, даступным.
Руская мова як мова міжнацыянальных зносін у СНД, на думку Канстанціна Дзеравянкі, з’яўляецца інструментам не толькі дыялогу, але і акном у сусветную навуку і культуру. Неабходна знаёміць падрастаючае пакаленне з лепшымі ўзорамі сусветнай культуры і ў той жа час праз мову трансліраваць свае здабыткі ўсяму свету. Спікер расказаў і пра выхаваўчы праект для дзяцей «Край родны — мая Расія», які знаёміць з рознымі рэгіёнамі гэтай краіны і прапанаваў зрабіць аналагічны і па Беларусі.
Адказны сакратар Праўлення Саюза пісьменнікаў Расіі Мікалай Іваноў адзначыў, што ўважліва сочыць за поспехамі
пісьменнікаў СНД, якія пішуць на рускай мове. Таксама акрэсліў прынцыпы, важныя для работы сучасных аўтараў: «Месца кожнага пісьменніка ў сваёй краіне — сярод народа, на перадавой. Тады будзе стварацца добрая, запатрабаваная літаратура». Узровень аўтара можна ацэньваць згодна з тым, які ён мае вопыт, якое ў яго светаўспрыманне, ці ёсць «унутраны стрыжань». Ён згадаў часы Вялікай Айчыннай вайны, калі пастановай ЦК на фронт адпраўляліся ваенныя карэспандэнты: апранулі шынялі Шолахаў, Твардоўскі і многія іншыя аўтары, якія пасля вайны стваралі літаратуру ХХ стагоддзя. Менавіта таму Мікалай Іваноў параіў «выганяць» маладых аўтараў з бібліятэк. Хоць яны, на яго думку, навучыліся атрымліваць гранты, рэкламаваць сябе, часта ім яшчэ няма чаго сказаць, яны не могуць уплываць на літаратурную прастору.
Слова — у абарону міру
Народны пісьменнік Таджыкістана Ато Хамдам нагадаў пра важную місію пісьменніка, наогул інтэлігенцыі: «Культура і літаратура валодаюць грамадскай сілай, мы павінны прызываць людзей пакончыць з варожасцю і разладам».
Яго падтрымаў дзяржаўны і грамадскі дзеяч Рэспублікі Казахстан, доктар філалагічных навук Бейбут Мамраеў, які заўважыў, што сёння кніга, слова аб’ядноўваюць людзей. Выклікам, калі разбураюцца ўяўленні аб міры, можна найперш супрацьпаставіць мову.
Не трэба забывацца і пра такі важны інструмент, як пераклад.
Літаратуразнаўца, перакладчык з Арменіі Абгар Апінян падзяліўся, што вывучае беларускія творы, захапляецца іх высокімі мастацкімі якасцямі і глыбінёй. «На шчасце, паміж намі няма рознагалосся. Але мы жывём у неспакойным свеце, — заўважыў госць. — Мы павінны падняць нашы галасы за мір ва ўсім свеце».
Алена ДЗЯДЗЮЛЯ
Фота аўтара і БелТА