Top.Mail.Ru

Якім бачыць Мінск народны мастак Беларусі Уладзімір Тоўсцік?

30.09.2025 | 14:00
Святочнае і будзённае

У Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага працуе выстаўка Уладзіміра Тоўсціка «Мелодыі святочнага горада». Арганізаваная сумесна з Нацыянальным мастацкім музеем і Нацыянальным цэнтрам сучасных мастацтваў экспазіцыя ўключае творы з майстэрні аўтара і прыватных калекцый. Праект, прымеркаваны да Дня горада Мінска, будзе працаваць да 5 кастрычніка. 

— Мастак павінен пакінуць свой след у тым горадзе, у якім жыве, — лічыць Уладзімір Антонавіч. — Як мінчанін у трэцім пакаленні (мае бабуля і мама тут нарадзіліся і жылі) па меры сваіх здольнасцей я спрабаваў гэта зрабіць. І месца — галерэя Савіцкага — абавязвае да таго, каб прадстаўленае на выстаўцы не прайгравала таму, што было зроблена папярэднікамі — Міхаілам Андрэевічам Савіцкім, Леанідам Дзмітрыевічам Шчамялёвым, Гаўрылам Харытонавічам Вашчанкам... Спадзяюся, не падвёў іх. 

У новую экспазіцыю майстра ўвайшло 45 карцін. Многія добра знаёмы гледачу, у тым ліку тыя, што прысвечаны Мінску і гараджанам. Мастак дэманструе, як горад урачыста адзначае свой знамянальны дзень («Мінск. 2012 год. Свята горада», 2013), як жыве сваімі здзяйсненнямі ды марамі («Парк Горкага», 2003), як праходзяць яго будні («Аднойчы ў горадзе», 2016), чым адрозніваюцца яго ночы («Дадому», 1988). Кожны з пералічаных твораў крыху выбіваецца з агульнага шэрага — зрэдку Уладзімір Тоўсцік звяртаецца да канонаў традыцыйнага беларускага пейзажу, не пазбягае прастаты і нават так званай паштовачнасці ў адлюстраванні розных куткоў. Аднак сапраўдныя візітныя карткі мастака, у якіх адбіваецца яго стыль, — карціны з мнагаслойнымі кампазіцыямі, поўныя пачуццяў і ўражанняў. Многае ў сваёй творчасці ён паказвае праз аб’яднанне розных жанраў і кірункаў мастацтва, таму і пра аблічча Мінска выказваецца з дапамогай спалучэння ў адным сюжэце прыкмет яго мінулага і сучаснага жыцця. Гэтае спалучэнне глядач можа хаця б у нейкай ступені раз’яднаць на фрагменты, каб пасля ацаніць задуму аўтара і маштаб створанага ім партрэта горада. 

Не апошнюю ролю ў дыялогу жывапісца са сталіцай іграюць тэатр і музыка. 

І калі тэатральнасць — часцей уласцівасць сюжэтаў, прысвечаных чалавеку, то з дапамогай вобразаў свету музыкі Уладзімір Тоўсцік нярэдка прызнаецца ў любові да Мінска, напрыклад, у вядомай многім «Мелодыі адыходзячай ночы» (1994), а таксама ў некалькіх палотнах з агульнай назвай «Мінск. Мелодыі святочнага вечара» (2007). Нягледзячы на тое, што майстар за доўгі час паспеў звярнуцца бадай што да кожнай архітэктурнай славутасці сталіцы, шэраг карцін, у тым ліку трыпціх «Мінская вясна. Квітнеюць каштаны» (2015), сведчаць пра яго нястомнасць у пошуках новага і мастацкія знаходкі ў паказе любімага горада.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю