Top.Mail.Ru

Як змяніўся вобраз жанчыны за 100 гадоў

Аўтар: Нэлi Зігуля
28.05.2026 | 20:02
Яна і яе ХХ стагоддзе

Фотавыстаўка, якую падрыхтавала да Года беларускай жанчыны вядомая магілёўская фотамастачка Ірына Савосіна — цікавае падарожжа ў мінулае, своеасаблівая машына часу, у вокнах якой мільгаюць жаночыя твары. 

Зазірні ў сямейны альбом

Ірына Савосіна прынцыпова не пажадала ўключаць у свой праект фота, зробленыя пасля 2000-х. Калі з’явілася лічба, сышла цэлая эпоха. Фатаграфія перастала быць чымсьці асаблівым. Сёння яе здольны зрабіць любы, хто мае мабільнік. Але сучасныя фота — не тое, што было раней. У калекцыі, якую фотамастачка збірала на працягу 40 гадоў, шмат здымкаў розных аўтараў. Пачалася яна з невялічкага кадра на кардонцы пачатку ХХ стагоддзя, які ёй падарыў журналіст «Магілёўскай праўды» Віталь Казлоўскі. Потым дадаліся здымкі, зробленыя са шкляных негатываў ад магіляўчанкі Генрыеты Крываносавай, а таксама перазнятыя з сямейных альбомаў розных людзей. 

— Пасля прагляду гэтых альбомаў можна раманы пачаць пісаць, — усміхаецца суразмоўніца. — Бываюць такія нечаканыя павароты лёсу, што аж дух замірае. 

Калекцыяніраванне так захапіла Ірыну, што аднойчы ёй захацелася яшчэ і паўстаўляць старыя фота ў рамкі таго перыяду. Нешта дарылі, нешта купляла на блышыным рынку. Знаходзіліся зусім рэдкія экзэмпляры, напрыклад, са скуры або інкруставаныя саломкай. Фота ў іх набывалі зусім іншы выгляд. 

Уладальніца калекцыі прызнаецца, што пачала збіраць яе, каб захаваць гісторыю Магілёва, але менавіта сёлета, у Год беларускай жанчыны, ідэя набыла канчатковае афармленне. Вывучаючы гісторыю старых фота, Ірына аналізавала і тыя ўмовы, у якіх існавала жанчына.

— Калі я пачынала працаваць, мне было вельмі цяжка, бо жанчына з фотаапаратам успрымалася ў штыкі, — кажа яна. — У СССР жанчын-фотакарэспандэнтаў можна было па пальцах пералічыць. 

Калі верыць паданням

Шмат рэдкіх фота знайшлося ў дамашнім альбоме Наталлі Ігумнавай, радня якой жыла на беразе гарадской рачулкі Струшні. Здавалася, што туды нават вясна прыходзіла раней, і, як толькі пачыналі квітнець яблыні, увесь Магілёў ішоў гуляць на Струшню. Нешта з таго жыцця захавалася і на фота. А разам з гэтай памяццю і мноства мясцовых паданняў. У пачатку мінулага стагоддзя тут жыла сям’я Печкуровых-Бакштаевых. Печкуроў быў вядомым булачнікам. Казалі, што ён падчас Першай сусветнай вайны нават пёк для Царскай Стаўкі. Калі цар пра гэта даведаўся, пачаў вітацца з ім за руку. У пачатку 1930-х булачнік нібыта быў асуджаны, але, як кажуць, дзякуючы лістам яго жонкі Вольгі Бакштаевай да Надзеі Крупскай у хуткім часе вярнуўся.

У калекцыі ёсць партрэты жанчын, зробленыя ў фотаатэлье Ігната Іванова, якое знаходзілася непадалёк ад Струшні на вуліцы Віленскай. Магчыма, гэта той Іваноў, які, па мясцовых паданнях, быў уладальнікам вёскі Казіміраўка —цяпер гэта аднайменны мікрараён Магілёва. 

Старыя фота — сапраўдныя творы мастацтва. У пачатку мінулага стагоддзя ў фотаатэлье працавалі рэтушоры-мастакі. Рэтуш фота была для таго часу нормай. Нешта прыбіралася з выявы, нешта дамалёўвалася...

Недаацэнены скарб

Нядаўна калекцыю папоўнілі здымкі яшчэ адной карэннай магіляўчанкі — Марыны Лапо (у дзявоцтве Міронавай). У яе багаты сямейны альбом, дзе хапае фота пачатку мінулага стагоддзя. Сярод знакамітасцей можна ўбачыць Веру Янукову, якая нарадзілася ў Магілёўскай губерні і была зоркай нямога кіно. Сапернічала нават з самой Любоўю Арловай, але вельмі рана пайшла з жыцця.

Асобная тэма — вайна ў лёсе жанчын. Такіх фота ў калекцыі таксама дастаткова. На адным з іх лётчыца Ганна Мішына (Дудзіна) са сваімі баявымі сяброўкамі. Яны ляталі на самалётах У-2 і немцы называлі іх «начнымі ведзьмамі». Пяшчотныя прыгажуні, якія цаной свайго жыцця набліжалі Перамогу. І нават у гэтым страшным пекле знаходзілі хвілінку, каб усміхнуцца на камеру, перад здымкай паспеўшы ўваткнуць у валасы кветку. 

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю