Top.Mail.Ru

Як святы і абрады беларусаў бачаць юныя мастакі?

Аўтар: Яўгенія Шыцька
15.08.2025 | 07:00

Сёння ў наведвальніка Нацыянальнага мастацкага музея ёсць магчымасць пазнаёміцца з работамі юных мастакоў. «Спадчына беларусаў у традыцыйных святах і абрадах» — такую назву носіць выстаўка, якую склалі творы навучэнцаў дзяржаўнай установы адукацыі «Гімназія № 75 г. Мінска імя П. В. Масленікава». Праект будзе працаваць да 7 верасня. 


Адукацыя

Гімназія № 75 г. Мінска, якая носіць імя народнага мастака Беларусі Паўла Масленікава, добра вядома бацькам, якія своечасова заўважылі творчыя здольнасці сваіх дзяцей. Для хлопцаў і дзяўчат навучанне там — важная прыступка ў авалодванні тым ці іншым майстэрствам, бо сярод задач навучальнай установы — стварэнне аптымальных умоў для раскрыцця патэнцыялу навучэнцаў. І асабліва важнай у гэтым рэчышчы становіцца падрыхтоўка маладых да прафесійнага самавызначэння, на што і павінна быць скіравана ўся дзейнасць педагогаў падчас вучэбнага працэсу, які складаюць у тым ліку факультатыўныя курсы па самых розных кірунках у галіне ведаў у адпаведнасці з запытамі дзяцей ды іх бацькоў. 

Зразумела, асобныя аспекты светаўспрымання аўтара фарміруюцца менавіта ў гэтых умовах. Перыяд навучання ў гімназіі падразумявае знаёмства з класічнай мастацкай традыцыяй, вывучэнне тэарэтычных асноў і пошук сябе ва ўласнай творчасці. Працэс гэты, як відаць, цікавіць розныя выставачныя пляцоўкі, нават найбуйнейшыя ў краіне. 

16_29_A.jpg

Эвеліна Герыловіч «Радаўніца», 2025 г.

Музей 

Творы экспазіцыі «Спадчына беларусаў у традыцыйных святах і абрадах» — з фондаў мастацкага музея «Вытокі» мінскай гімназіі № 75. Падчас адкрыцця выстаўкі юных аўтараў віншавалі прадстаўнікі Нацыянальнага мастацкага музея і кіраўніцтва гімназіі. 

— Якія глыбокія і тонкія работы экспануюцца — іх адразу ўспрымаеш як карціны мастакоў, — выказала думку Дзіяна Шантар, загадчык аддзела навукова-асветніцкай работы і маркетынгу НММ. — Гэта складаныя і шматгранныя кампазіцыі, а па каларыце — суцэльны калейдаскоп яркіх фарбаў. Да таго ж ствараецца калейдаскоп падзей, якія збіраюцца ў беларускі каляндар абрадаў і свят. 

Не мог абмінуць увагай свята і дырэктар гімназіі Васіль Ананька. Для яго выстаўка, вядома, яшчэ і справаздача, бо кожны глядач падчас знаёмства з работамі будзе ацэньваць не толькі здольнасці іх навучэнцаў, але і вынікі працы педагогаў. У сваім выступленні Васіль Генадзевіч ацаніў зварот юных майстроў і настаўнікаў да тэмы традыцыйных свят і абрадаў: 

— Дакрануўшыся да гісторыі і культуры нашага народа праз найважнейшыя сацыяльна-культурныя каштоўнасці, юныя мастакі напоўнілі свае творчыя работы цеплынёй і святлом. Гэта іх унёсак у тое, каб усе мы сталі духоўна багацейшымі... Наша ж роля ў жыцці юных талентаў зводзіцца да неабходнасці ўсялякай падтрымкі. 

Выстаўка

На выстаўцы ў Мастацкім можна ўбачыць 14 жывапісных твораў, у якіх заўважнае ўяўленне «масленікаўцаў» аб адлюстраванні розных свят, звычаяў і абрадаў. Так, збольшага говорка менавіта аб уяўленні, а яшчэ аб традыцыйных сюжэтах і кампазіцыях, запазычаных у майстроў. Між тым сустракаюцца работы, у якіх юныя аўтары паказваюць ім знаёмую ясную карціну свята. Якраз такая — на афішы: Яўгенія Наўродская ў творы «Па дарозе да храма» (2025) выявіла дарогу да царквы ў Вербную нядзелю. 

16_29_B.jpg

Уладзімір Вайтэнка «Грамнічкі», 2025 г.

Каляды, Масленіца, Купалле, Дажынкі, Раство, Вялікдзень, Троіца, Праабражэнне Гасподняе, Пакровы, Песах — гэтыя ды іншыя народныя і рэлігійныя святы зацікавілі ўдзельнікаў тэматычнай выстаўкі. Між тым і праз выбар значнай даты, і праз зварот да пэўнай традыцыі, і праз мастацкія рашэнні, якія спрабуюць выкарыстоўваць пачаткоўцы, прасочваецца тое, якую дарогу яны выбіраюць і якую ім яшчэ толькі давядзецца пратаптаць. Нават калі гэта не відавочна нам, гледачам. 

Яўгенія ШЫЦЬКА 

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю