Першыя спробы Любові ў жывапісе пачаліся яшчэ ў пачатковай школе. Ужо тады яна выбрала для сябе творчы шлях, аднак з-за жыццёвых абставін мастацтва прыйшлося адкласці на нявызначаны тэрмін. Творца скончыла біялагічны факультэт, але працаваць па спецыяльнасці не пайшла. Мара стаць мастачкай прывяла яе у майстэрню Аляксандра Малея, жывапісца і тэарэтыка мастацтваў, педагога і члена Саюза мастакоў СССР. Адсюль і пачалася творчая гісторыя Любові Сас.
Мастачка прэзентуе сябе як партрэтыст, але часам на яе карцінах можна заўважыць пейзажы і анімалістыку. Любімыя стылі творцы — імпрэсіянізм і экспрэсіянізм. «Мая мастацкая мова сфарміравалася пад уплывам французскага імпрэсіянізму і нямецкага экспрэсіянізму. Мяне натхняюць Пісаро, Кокашка, Басіль. Для мяне важныя колер, тэкстура і шчыльнасць мазка — праз іх я знаходжу свабоду і выразнасць. У работах часта выкарыстоўваю алей і акрыл, але магу эсперыментаваць з матэрыяламі, аддаючы перавагу тым, што даюць тактыльнае задавальненне і якасць, якая будзе адпавядаць глыбіні ідэі».
Любоў Сас актыўна ўдзельнічае ў персанальных і калектыўных выстаўках як рэспубліканскага, так і міжнароднага ўзроўню. Работы мастачкі знаходзяцца ў прыватных калекцыях па ўсім свеце.
Выставачны праект «Прырода ўнутры» напоўнены тонкім сімвалізмам, дзе межы паміж чалавекам і прыродай, усталяваныя цывілізацыяй, парушаюцца, і людзі прыходзяць да сапраўднага Я. Нягледзячы на тое, што асноўнымі героямі твораў з’яўляюцца жывёлы, яны нясуць у сабе чалавечыя эмоцыі і архетыпы. Экспазіцыю можна падзяліць на дзве ўмоўныя часткі: прырода-імпульс і прырода-інтэнцыя.

Да першай адносяцца работы «Прарыў», «Галоп», «Непакорлівасць», «Які бяжыць па вадзе», што адлюстроўваюць вечнае імкненне чалавека да трансцэндэнцыі, да самавыказвання і парушэння шматлікіх меж — меж уласнага цела, грамадства, лёсу... Творы напоўнены жыццёвай энергіяй і дынамікай. Праз выразныя лініі, гульню святла і цені аўтар адлюстроўвае памкненне вызваліцца ад навязанай ролі.
Другая частка экспазіцыі, названая намі прырода-інтэнцыя, паказвае схаваныя ад чужога вока складаныя ўнутраныя працэсы. Аўтар даследуе іманентнасць прыроды як жывой і самадастатковай сутнасці, што існуе не толькі па-за чалавекам, але і ўнутры яго. Тут прырода перастае быць фонам і становіцца суб’ектам: яна адчувае, рэагуе, памятае. Мастачка праз колер, тэкстуру і святло перадае тонкія рухі свядомасці, дзе прырода выступае як люстэрка духоўнага стану. Работы «Чырвоны конь», «Багоўка»,
«Палёт крумкача» і «Палёт матылька» адлюстроўваюць працэс унутраных трансфармацый, сімвалізуючы асобаснае і масавае перараджэнне.
Праект працуе да 14 верасня.
Лізавета КРУПЯНЬКОВА