Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў запрашае на філасофскі выставачны праект «Цяжкасці перакладу», дзе перад гледачом паўстае шэраг злабадзённых пытанняў, датычных ролі мастацтва ў сучасных рэаліях, яго ўплыву на грамадства, асобу. «Цяжкасці перакладу» — гэта спроба інакш паглядзець на вечныя архетыпы, параўнаць мастацтва мінулага з творчасцю ХХІ стагоддзя, наладзіць дыялог паміж аўтарамі і гледачом, для якога мастацтва гэта не ўсё жыццё, а толькі фрагмент паўсядзённасці.
Існуе мноства розных навук, філасофскіх кірункаў, якія спрабуюць адказаць на надзённыя пытанні. Сучаснае мастацтва адыходзіць ад знешняга плана і звяртаецца да ўнутранага свету, усё больш набывае суб’ектыўны характар, які праяўляецца ў інтымізацыі, персаналізацыі выказвання. Арганізатары выставачнага праекта прапануюць не толькі гледачам, але і творцам адказаць, ці можа быць канструктыўным дыялог майстра, які прысвяціў сваё жыццё мастацтву, з гледачом, для якога гэтае мастацтва — толькі адна з формаў баўлення вольнага часу? Ці можа адзінокая лінія на белым палатне сказаць чалавеку тое ж самае, што і работа Ісаака Левітана «Восеньскі дзень. Сакольнікі»? Ці захаваў сучасны глядач універсальныя веды пра таямніцы кожнага колеру, якія былі ўласцівыя чалавеку на пачатку гісторыі? Аднак замест адказаў на пытанні творы мастакоў прапануюць наведвальнікам самім стаць суаўтарамі «перакладу»: перавесці лінію ў пачуццё, пляму — у памяць, колер — у перажыванне.
У экспазіцыю ўвайшлі работы мастакоў з фондаў НЦСМ, кожны з якіх так ці інакш сутыкаўся з «цяжкасцямі перакладу» — з неразуменнем, несупадзеннем кодаў, з разрывам паміж ідэяй і ўспрыманнем. Глыбокія творы Фёдара Кашкурэвіча, Сяргея Катрана, Мікалая Кірэева, Сяргея Кірушчанкі, Канстанціна Андруковіча, Марыса Чачкі і іншых прапануюць гледачу дакрануццада незразумелага, знайсці ўласныя сэнсы ў шматслойных вобразах. Нядзіўна, што большую частку работ складае абстракцыя — адзін з самых супярэчлівых стыляў жывапісу, які ў многіх далёкіх ад творчасці людзей выклікае пытанне: чаму гэта ўвогуле лічыцца мастацтвам? Аднак менавіта абстракцыя, здольная кантраляваць хаос, вызваляе ўнутраны свет ад прымусу пазнавальнасці. Яна не ілюструе рэальнасць, а становіцца яе непасрэдным перажываннем. Калі пейзаж Ісаака Левітана перадае восеньскі настрой, то размытыя плямы Мікалая Кірэева перадаюць саму сутнасць смутку, напружання — без прывязкі да дрэваў, неба і сцежак. Гэта не страта формы, а крок да большай шчырасці, дзе колер і пляма не адлюстроўваюць прадметы, а становяцца самадастатковымі носьбітамі пачуцця.
Менавіта абстракцыя вяртае нас да вытокаў: да чалавека на пачатку гісторыі, які ўмеў чытаць колер як свяшчэнны код. Чырвоны быў сімвалам крыві, агню, жыцця. Сіні — бясконцасцю, небам, ісцінай. Сучасны глядач гэтыя веды амаль страціў, але, магчыма, яны засталіся ў падсвядомасці. Творы Сяргея Катрана і Канстанціна Андруковіча спрабуюць абудзіць гэтую архаічную памяць, выклікаць рэакцыю, якая жыве глыбей за выхаванне і адукацыю.
Праект не абяцае лёгкага прачытання. Ён запрашае да высілкаў, без якіх дыялог паміж мастаком і гледачом так і застаецца маналогам у пустэчы. Выстаўка працуе да 24 мая.
Лізавета КРУПЯНЬКОВА