Top.Mail.Ru

Як манетызаваць дух авантурызму?

Аўтар: Ларыса Цімошык
28.10.2025 | 17:00
Адказ у камедыі з музыкай «12 крэслаў»

У Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Максіма Горкага ведаюць, як зрабіць мюзікл з вядомага рамана. І нават маюць рэцэпт таго, як спалучыць розныя складнікі спектакля, каб публіка яго ўпадабала. Пасля папулярнага «Графа Монтэ-Крыста» рэжысёр і мастацкі кіраўнік тэатра Сяргей Кавальчык вырашыў перанесці на сцэну «12 крэслаў» Ільі Ільфа і Яўгена Пятрова. Але калі ў першым выпадку была закручаная драматычная інтрыга, якую можна падмацаваць музычнымі нумарамі, то ў другім — задача значна больш складаная: мала толькі адлюстраваць сюжэт, трэба захаваць дух літаратурнага твора, прасякнутага аўтарскай іроніяй і тонкім гумарам, трапнымі выразамі, закладзенымі не толькі ў дыялогах. А яшчэ і перадаць дух авантурызму, уласцівы галоўнаму герою Астапу Бэндэру, а таксама яго спадарожніку Іпаліту Мацвеевічу Вараб’янінаву... А тое, што былі прыклады паспяховай працы з гэтым матэрыялам у кіно (нават у музычных фільмах) і тэатрах, толькі накладвала дадатковую адказнасць — зрабіць арыгінальны твор.

Свая версія

У кожнага чалавека сваё адчуванне літаратурнага твора. А ў кожнага рэжысёра, які ўмее чытаць і разумее каштоўнасць добрай кнігі, гэтае адчуванне можа быць вельмі дзейсным пры сустрэчы з таленавітым матэрыялам. Не дзіва, што раман «12 крэслаў» пасля адмены забароны на яго быў запатрабаваны ў кіно: у 1970-я гады ў Савецкім Саюзе з’явіліся дзве экранізацыі (Леаніда Гайдая і Марка Захарава), а былі яшчэ замежныя, шмат пастановак у тэатрах. Ды і ў Мінску на тэатральнай сцэне твор ставілі з музыкай 

Генадзя Гладкова. Сяргей Кавальчык пайшоў іншым шляхам. Вядома, шмат людзей, якія памятаюць «Не, я не плачу...» ў выкананні Андрэя Міронава. Але ўжо вырасла не адно пакаленне тых, хто мог не чытаць кнігу, не глядзець фільм (як адзін, так і другі) і не чуць тых песень. Мала таго, у іх свае рытмы — жыцця і музыкі. Адсюль і версія, прадстаўленая тэатрам імя Горкага.

У дзве тэатральныя дзеі (якія доўжацца крыху больш за дзве гадзіны) змясціў сюжэт рамана Ільфа і Пятрова Сяргей Кавальчык. Як аўтар інсцэніроўкі ён пастараўся захаваць ўвесь шарм гэтага твора, трапныя выразы і крылатыя фразы, якія ўжо жывуць сваім жыццём і шмат хто можа нават не ведаць, дзякуючы каму яны ўзніклі. Але ж тут вам і «лёд зрушыўся», і «камандаваць парадам буду я» і шмат іншых фраз, якія аздабляюць наша жыццё і прыходзяць на дапамогу ў нейкіх сітуацыях. У гэтым спектаклі ўсё адпавядае першакрыніцы. 

Сюжэт будуецца вакол пошукаў усіх 12 крэслаў гамбсаўскага гасціннага гарнітура, у які цешча колішняга двараніна Іпаліта Вараб’янінава зашыла брыльянты, каб схаваць ад савецкай улады. Дзеянне адбываецца ў 20-я гады мінулага стагоддзя, а значыць, прывязкі да эпохі не пазбегнуць. І яна ёсць, але ў драбніцах, у дэталях, нарэшце — у лозунгах. Ды ўсё гэта ненавязліва і даволі рацыянальна, калі трэба абазначыць лакацыю, у якую трапляюць героі на шляху. 

І, вядома, — крэслы. Яны галоўны атрыбут у сцэнічным афармленні спектакля, якое прапанаваў мастак Веніямін Маршак. Усё на першы погляд сціпла, стрымана, ніякіх лішніх рэчаў. Але сцэнічная прастора арганізавана так, што лёгка можна ўявіць рэстаран, вар’етэ, пакой мадам Грыцацуевай альбо лесвіцу дома, дзе жыве інжынер Шчукін, параход ці шахматны клуб чатырох коней у горадзе Васюкі, альбо атмасферу, у якой адпачываюць змучаныя нарзанам працоўныя людзі. Наогул асноўнымі носьбітамі духу часу з’яўляюцца самі героі — галоўныя і другасныя (але яны тут вельмі каларытныя!). Мастак па касцюмах Марыя Герасімовіч праз строі старалася падкрэсліць характар кожнага, зноў-такі, не аднаўляючы гардэробы стагадовай даўніны, але зрабіла стылізацыі, што дазволіла больш натуральна ўспрымаць усіх гэтых персанажаў, заклапочаных абставінамі жыцця, камічных, апантаных ідэямі-фікс і проста ідэямі. Таму так натуральна ўспрымаць іх не толькі ў драматычных сцэнах, але і ў спеўных ды танцавальных. А яны, нават млявы напачатку Кіса Вараб’янінаў, «запальваюць» праз сучасныя рытмы. Сучасныя не на момант станаўлення савецкай улады (як у час авантурыста і вялікага камбінатара таварыша Бэндэра), а сучасныя менавіта для нас. 

Вольны стыль

Гэта спектакль для гледачоў ХХІ стагоддзя, што найперш дае зразумець музыка. Не проста музычнае афармленне, а асобны складнік пастаноўкі. Як адсылка да часу, калі адбываецца дзеянне, гучаць знаёмыя мелодыі «Вячэрні звон» ці «Боже, царя храни». Але большая частка музыкі — арыгінальная, над гэтым шчыраваў Цімур Каліноўскі (ён жа працаваў і над рок-операй «Граф Монтэ-Крыста»). Мала таго, праз музычныя нумары робіцца акцэнт на асобных тэмах, актуальных і ў наш час: грошы, якія патрэбны ўсім, інфармацыя, што правіць светам. Харэаграфічныя нумары паставіў Дзмітрый Залесскі. 

Асобным эпізодам рэжысёр надае акцэнты, якія ўспрымаюцца вельмі сучасна і актуальна. Чаго варты «цягнічок» з інфантыльных дамачак, якія рушаць за «модным» сіцечкам для чаю. Таксама вельмі трапна адлюстравалі вобраз графамана Нікіфара Ляпіса-Трубяцкога з яго цыклам вершаў пра Гаўрылу — ну, смешна ж... Але чым больш гучыць гэтых вершаў, тым больш разумееш, што кожны зарабляе як можа. Ёсць попыт — будзе і прапанова. Зразумела, чаму нават манцёр Мечнікаў спрабуе «манетызаваць» свае магчымасці: «Ранкам грошы — вечарам крэслы...» 

Паступова адбываецца пераход ад лірычных мелодый да напружаных, рашучых, імклівых і нават рэзкіх — па меры разгортвання сюжэта, калі тое, што пачыналася як авантура Бэндэра і Вараб’янінава, ператвараецца ў сапраўднае паляванне, калі багацце, якое напачатку падавалася ледзь уяўным, па меры «ўскрыцця» чарговага крэсла падаецца ўсё больш рэальным, а кожны з двух «паляўнічых» падумвае пра тое, каб не дзяліць здабычу, і імкнецца выйсці за рамкі «дуэта», і нават весці сваю гульню. Адсюль і вольнасць,якую дэманструюць Астап і Кіса на сцэне. Гэта падкрэслена праз танец. Як толькі Бэндэр умоўна дае Вараб’янінаву «горад на рабаванне» — яны нібыта ідуць «у адрыў» — праз рухі хіп-хопа. Відаць, Астапа панесла... 

Але ж Кіса! Немалады і асцярожны грамадзянін — і гэта нечаканае, але вельмі трапнае развіццё і раскрыццё яго вобраза. Ужо зразумела: Астап яго недаацэньвае... Як і гледачы. Таму што Кіса ў выніку становіцца галоўным героем расповеду пра 12 крэслаў. Зрэшты, як некалі і задумвалі аўтары рамана, вось толькі падчас працы самі моцна захапіліся абаяльнасцю свайго персанажа. 

Астап у выкананні артыста Аляксандра Гіронка такім і атрымаўся. Махляр, які ўмее авалодаць увагай іншых і пераканаўча даносіць бязглуздзіцу даверлівым асобам, не пазбаўлены прыроднага розуму і знаходлівасці. Чаго варты яго сеанс адначасовай гульні ў шахматы з марамі пра міжгалактычныя спаборніцтвы (якія нам нават візуалізавалі!), альбо ідэя пра «гіганта думкі, бацьку рускай дэмакратыі і асобу, набліжаную да імператара» ў выглядзе Вараб’янінава. Прызвычаіўшыся іграць другасную ролю ў дуэце (напачатку недзе падобны на Анатоля Папанава ў гэтай ролі), той на працягу дзеі прыходзіць да моманту, калі выяўляе сваю рэальную сутнасць: сквапнага чалавека, сапраўднага злодзея і нават забойцы. І калі ўважліва сачыць за паводзінамі героя ў спектаклі тэатра Горкага, то гэта не падаецца нечаканым. Яго рухі (асабліва, калі ён танцуе рэп!) становяцца надзвычай экспрэсіўнымі — гэта быццам бы зусім іншы чалавек, які выпусціў на волю сваю рэальную сутнасць, што здолеў паказаць заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Сяргей Чэкерэс. Дуэт Гіронка і Чэкерэса атрымаўся цікавы. Але не менш цікава было б пабачыць у ролі Астапа заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь Руслана Чарнецкага, а ў ролі Кісы — заслужанага артыста Беларусі Андрэя Душачкіна, якія таксама прызначаны на гэтыя ролі — акцэнты могуць быць крыху іншыя. Але сутнасць вызначана рэжысёрскім падыходам, дзе адлюстраваны галоўныя калізіі рамана. Лінію айца Фёдара давялося апусціць, але сустрэча з самымі каларытнымі персанажамі Ільфа і Пятрова забяспечана. 

Ларыса ЦІМОШЫК

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю