...Побач з прывакзальнай плошчай Гродна знаходзіцца найстарэйшы ў Беларусі заапарк. Любімае месца адпачынку жыхароў і гасцей горада ў гады Вялікай Айчыннай вайны амаль цалкам было зруйнавана нямецкімі акупантамі. Трагічна лёс склаўся і яго заснавальніка — Івана Каханоўскага. Іван Іосіфавіч Каханоўскі (1894–1942) нарадзіўся ў сям’і сакратара Гродзенскага павятовага маршалка. З дзяцінства марыў стаць інжынерам аграномам, таму адразу пасля заканчэння мясцовай гімназіі паступіў у сельскагаспадарчую акадэмію ў Чэхіі. На жаль, хутка пачалася Першая сусветная вайна і навучанне прыпынілася. Тады юнак перавёўся на адпаведны факультэт Юр’еўскага ўніверсітэта (Эстонія), аднак з-за набліжэння фронту быў вы мушаны вярнуцца ў 1918 годзе ў Гродна. Дыплом ён атрымаў толькі ў 1925-м — пасля заканчэння варшаўскай Галоўнай сельскагаспадарчай школы.
Настаўніцкую дзейнасць Іван Каханоўскі спалучаў з працай эколага. Да 1939-га ён праводзіў інспекцыю некалькіх паветаў губерні, займаўся экаасветніцкай дзейнасцю: арганізоўваў лекцыі, канферэнцыі, выстаўкі.
Настаўнік-наватар
У 1919 годзе Каханоўскі ўладкаваўся выкладчыкам біялогіі ў Гродзенскую мужчынскую гімназію імя Адама Міцкевіча, дзе карыстаўся вялікім аўтарытэтам сярод калег і навучэнцаў. Малады настаўнік імкнуўся выхоўваць у вучняў любоў да прыроды і адказнасць за яе будучыню. Ён стварыў кабінет біялогіі, разам з дзецьмі займаўся зборам раслін для гербарыяў, вырошчваннем дробных жывёл для тэрарыумаў, акварыумных рыбак. Праводзіў шматлікія экскурсіі, падчас якіх знаёміў на вучэнцаў з прыроднымі ландшафтамі, флорай і фаўнай роднага краю. Дзякуючы Івану Іосіфавічу ў гімназіі пачаў працаваць гурток аматараў прыроды. Арганізаваў ён і рэгулярныя пасяджэнні настаўнікаў біялогіі, дзе абмяркоўваліся пытанні ўдасканалення педагагічнага працэсу, вывучэння прыроды краю, аховы рэдкіх відаў раслін і жывёл. У 1926 годзе ў гарадскім парку па ініцыятыве Івана Каханоўскага быў закладзены батанічны сад. Спачатку на яго тэрыторыіі налічвалася 309 відаў раслін, па дабраных адпаведна вучэбнай праграме гімназіі, але ўжо ў канцы 1920-х іх колькасць складала больш за 800. Вырошчваннем займаліся члены гуртка аматараў прыроды і гімназісты. У 1928 годзе ў батанічным садзе з’явіліся два новыя аддзелы. У адным былі сабраны 17 відаў жывёл і птушак. Навучэнцы праводзілі назіранні за іх паводзінамі, набываючы навыкі даследчай работы. У другім аддзеле займаліся вырошчваннем тутавага шаўкапрада.

Па ініцыятыве Івана Каханоўскага ў Гродне быў адкрыты гарадскі музей прыроды, заснавана Таварыства аматараў прыроды, рэгіянальны гісторыка-краязнаўчы часопіс «Нёман» (1935–1939). Іван Іосіфавіч быў яго сурэдактарам і рыхтаваў раздзелы, прысвечаныя ахове прыроды, помнікаў гісторыі і культуры, выкладанню прыродазнаўчых дысцыплін у школе.
Заасад
Пасля з’яўлення заалагічных аддзелаў сад пачалі называць біялагічным. Ён хутка разрастаўся — новыя экспанаты прывозілі мясцовыя паляўнічыя, настаўнікі, аматары прыроды. Аднак для гадаванцаў не хапала ежы і памяшканняў, таму Іван Каханоўскі звярнуўся да мясцовай улады з ідэяй стварыць на базе заалагічнага аддзела гарадскі заапарк. Прапанова была падтрымана, і ў 1929 годзе на тэрыторыі былога гарадскога велатрэка з’явіўся заасад. Іван Іосіфавіч часта прыходзіў сюды, знаёміўся з новымі насельнікамі, колькасць якіх у сярэдзіне 1930-х налічвала ўжо каля 400 відаў. Сярод іх былі і такія рэдкія, як леў, леапард, зубр.
Пасля аб’яднання Заходняй Беларусі і БССР з асад атрымаў статус «дзяржаўны» і іграў вялікую ролю ў культурна-асветніцкай дзейнасці. Яго далейшае развіццё спыніла Вялікая Айчынная вайна. Падчас нямецка-фашысцкай акупацыі заапарк быў разрабаваны. Самыя каштоўныя і рэдкія жывёлы вывезлі ў Кёнігсберг, астатніх знішчылі, большасць будынкаў разбурылі. А хутка не стала і заснавальніка заасада...
У кастрычніку 1942 года гродзенскія падпольшчыкі забілі нямецкага жандарма. Раз’ юша ныя гестапаўцы арыштавалі 100 чалавек, сярод якіх былі Іван Каханоўскі і яго шматдзетны сябар, настаўнік Юзэф Вявюрскі. Акупанты запатрабавалі неадкладнай выдачы вінаватых, інакш усе заложнікі будуць пакараны смерцю. Па шматлікіх просьбах жыхароў Гродна шэф гестапа Фром пагадзіўся расстраляць не 100, а толькі 25 заложнікаў — кожнага чацвёртага з арыштаваных. Каханоўскі з астатнімі вязнямі атрымаў магчымасць выйсці на волю, Юзаф Вявюрскі апынуўся сярод ахвяр...
Іван Іосіфавіч не мог дазволіць, каб шасцёра дзяцей засталіся без бацькі, разумеў, якое гора чакае сям’ю сябра. Ён прапанаваў уключыць сябе ў спіс пры гавораных да пакарання замест таварыша. Нямецкага афіцэра вельмі ўразіла гэта просьба і ён даў 10 хвілін на роздум, аднак Каханоўскі застаўся непахісным. У яго не было сям’і, сэнс жыцця заключаўся ў любімай працы і грамадскай дзейнасці, асноўнымі прынцыпамі якой былі клопат у першую чаргу аб агульнай справе, ахвяраванне сваімі інтарэсамі дзеля іншых. Дваццатага кастрычніка 1942 года краязнаўца, нястомны біёлаг і эколаг быў расстраляны ў раёне форта № 2 Гродзенскай крэпасці.
Аднаўленне
Здавалася, са смерцю Каханоўскага скончылася і гісторыя заапарка, ад якога амаль нічога не засталося, калі Чырвоная армія вызваліла Гродна. Але ня гледзячы на велізарныя цяжкасці, з якімі сутыкнулася краіна пасля вайны, Савет народных камісараў прыняў 15 жніўня 1944 года пастанову № 470 «Аб аднаўленні дзейнасці заказнікаў і заапаркаў».
Работы ў Гродзенскім заапарку пачаліся ўжо ў снежні 1944-га пад кіраўніцтвам былога старэйшага наглядчыка Бенедыкта Жыромскага. Першымі экспанатамі сталі два аслы, перададзеныя як цяглавая сіла, два алені і паўлін. Праз год былі пасаджаны 150 елак, расчышчаны дарожкі, абрэзаны дрэвы, адноўлены вадаправод і энергазабеспячэнне, тэрыторыя агароджана плотам.
Аднавіць калекцыю дапамаглі Белавежская пушча, Маскоўскі заацэнтр і іншыя заапаркі Савецкага Саюза. Хутка ў клетках і вальерах з’явіліся бурыя мядзведзі, лісы, ваўкі, янотападобныя сабакі, козы, трусы, дзікі аўстралійскі сабака, барсук, кабан, вярблюд, пугач, страусы, курапаткі. Першыя наведвальнікі ступілі на тэрыторыю заапарка 28 верасня 1946 года.

З 1948-га тут дзейнічаў гурток юннатаў, радыёвузел для лекцый. Быў створаны перасовачны філіял — Тэатр дрэсіраваных звяроў, які знаёміў жыхароў розных рэгіёнаў Беларусі з рэдкімі відамі жывёл. Гэта спрыяла росту папулярнасці Гродзенскага заапарка.
У 1952 годзе калекцыя складалася з 63 відаў жы вёл, а праз чатыры гады — са 101 віду. У 1989-м быў амаль дасягнуты перадваенны ўзровень — 326 відаў. Паводле апошніх падлікаў, калекцыя налічвае больш за 4000 відаў...
Дзякуючы самаадданай працы супрацоўнікаў за апарка і неабыякавых да яго лёсу людзей, раны, нанесеныя вайной, паступова загаіліся. Сёння Гродзенскі заапарк з’яўляецца адным са славутых турыстычных абъектаў Беларусі і папулярнай зонай адпачынку жыхароў горада, пра што калісьці і марыў Іван Іосіфавіч Каханоўскі...
Вольга САБАЛЕЎСКАЯ
Фота grodnonews.by, з архіва Гродзенскага запаведніка