Не закранаўся, бо там было шмат блытанага, негатыўнага. І гэта зразумела: станаўленне савецкай улады, як усё новае, рэвалюцыйнае, што ўваходзіла ў жыццё беларусаў, не магло абысціся без пэўных памылак, без перагібаў.
А як усё гэта асвятляць пры агульнай накіраванасці літаратуры на станоўчае, пазітыўнае адлюстраванне рэвалюцыйнай тэмы? Такое пытанне стрымлівала многіх пісьменнікаў, і яны альбо абыходзілі рызыкоўную тэму, альбо падавалі яе аднабакова, павярхоўна.
Віктар Праўдзін не пабаяўся заглыбіцца ў падзеі таго часу, дасканала іх вывучыць па розных гістарычных дакументах і паказаць аб’ёмна, праўдзіва, непрадузята. Пры гэтым ён не замахваўся на шырокія абагульненні. Узяў для мастацкага асэнсавання адзін канкрэтны год — 1919-ы, адзін канкрэтны рэгіён Беларусі (Дзісенскі павет) і ў цэнтр свайго твора паставіў трагічны лёс аднаго канкрэтнага чалавека — іерэя Канстанціна Жданава.
Канстанцін Жданаў служыў настаяцелем Свята-Успенскага храма, што на Шаркаўшчыне. Але па даносе былога царкоўнага старасты быў абвінавачаны ў контррэвалюцыйнай дзейнасці і пасаджаны ў турму. Данос падмацоўваўся яшчэ рашэннем Шаркаўшчынскай камуністычнай ячэйкі, дзе ў катэгарычнай форме гаварылася пра неадкладную ліквідацыю папа як ворага народа.
Аднак старшыня выканкама Дзісенскага павета не спяшаўся выконваць суровы прысуд. З аднаго боку, яго трывожыла тое, што людзі ў акрузе збіраюць подпісы пад просьбаю аб вызваленні Жданава, і, хто ведае, як яны адрэагуюць на крайнюю меру. А з іншага — быў і кар’ерысцкі разлік: а раптам бацюшку ўдасца сагітаваць і ён пяройдзе на наш бок? За ім людзі пацягнуцца, і вельмі многія. І тады вышэйшае начальства ацэніць яго старанні.
Але ні паддобрыванне ўлад, ні катаванні турэмных назіральнікаў не змянілі цвёрдую, прынцыповую пазіцыю Жданава — ён не адрокся ні ад Бога, ні ад веры. Трапіўшы за краты, бацюшка звыкла прыняў здзек з сябе як божае наканаванне. Хаця начамі не давалі спакою балючыя думкі аб тым, што творыцца сёння навокал. Прыгадваліся гістарычныя факты народных хваляванняў, што прыводзілі да бунтаў і змены самадзержцаў. Прыходзіла разуменне, што ў Расіі і цяпер адбываецца нешта падобнае. Аднак хацелася думаць, што за сённяшнім мярзотным абясцэньваннем чалавечага жыцця настане пара благаслаўлення, і тады прыйдзе да людзей разуменне, што без духоўнай апоры на закон Божы не дадзена чалавеку ўсталяваць адзіна правільную форму жыцця.
Гэтыя ісціны бацюшка спрабуе ўнушыць і маладому турэмнаму назіральніку Івану — воляю выпадку свайму былому прыхаджаніну, духоўнаму выхаванцу. Вайна жорстка перакруціла лёс гэтага хлопца. У свае васямнаццаць гадоў ён зведаў жахлівае смяротнае пекла. У гэтай калатнечы хлопец цудам выжыў. Знявечаны, пакалечаны, кінуты мясцовымі ўладамі на волю лёсу, спустошаны душою і целам, Іван азлобіўся на ўсё і ўсіх, апынуўся на раздарожжы.
Нечаканая сустрэча з Іванам у турме выклікала ў Жданава вострае жаданне зразумець, разгадаць сітуацыю, у якой аказаўся хлопец. І гэтае жаданне «само па сабе перарасло ў турботную, тужлівую трывогу, зрабілася падвойным, а то і патройным клопатам аб сваім выхаванцы».
Дыялогі бацюшкі з Іванам складаюць, на мой погляд, самыя эмацыянальныя, самыя кранальныя старонкі ў кнізе. І, бадай, самыя моцныя па псіхалагічным напружанні. А па сваім мастацкім узроўні яны блізкія да найлепшых узораў класічнай літаратуры. Тут, у гэтых дыялогах, чытач знойдзе шмат карыснага і для сваёй душы, і для больш глыбокага разумення навакольнага свету.
Акрамя гэтых двух ключавых герояў рамана аўтар стварыў цэлую галерэю іншых, супрацьлеглых персанажаў. Найперш гэта старшыня выканкама Дзісенскага павета Мікалай Ляскоўскі. Біяграфія гэтага прайдзісвета небагатая, але паказальная. Служыў у царскай арміі, дэзерціраваў, на нейкі час прымкнуў да банды Мішкі Япончыка. На пачатку 1917 года, калі пайшла пагалоска, што ў Петраградзе хутка пачнецца дзяльба нарабаванага буржуямі, кінуўся ў сталіцу.
У Дзісне з’явіўся адразу пасля вызвалення горада ад немцаў. У кішэні меў ужо партыйны білет камуніста і, на ўсякі выпадак, мандат на ўстанаўленне ў горадзе савецкай улады, які ён скраў у забітага камісара. Нечакана нават для яго самога праявіліся арганізатарскія здольнасці. На мітынгах, на людзях стараўся паказаць сябе перакананым рэвалюцыянерам. Ляскоўскага заўважылі, паставілі на чале павета, дзе ён і праявіў сябе ва ўсёй красе.
Другім, вельмі непрывабным, а калі гаварыць больш моцна, то агідным персанажам з’яўляецца кіраўнік шаркаўшчынскіх камуністаў Маляўка. Імя яго ў рамане практычна не называецца. І гэта невыпадкова. Аўтар справядліва палічыў, што дастаткова аднаго прозвішча, якое адпавядае яго знешняй і ўнутранай сутнасці. Плюгавы дэспат-недамерак, узрошчаны рэвалюцыйным бязладдзем, ён штодня выкрываў і арыштоўваў ворагаў народа. Акрамя таго, не грэбаваў займацца вымагальніцтвам і рабаўніцтвам.
Вельмі яскрава, каларытна выпісаны яшчэ адзін несімпатычны персанаж — начальнік мясцовай міліцыі Франц Харэвіч. Гэта — бяздумны і бязлітасны службіст, які перакананы: трэба каб былі і тыя, хто ўсялякія загады партыі выконвае. Пра яго Іван кажа, што гэткі будзе забіваць, будзе ганіць Бога, смяяцца, здзекавацца з папоў і вернікаў. А калі настане час і смерць замахнецца на яго сваёй крывавай касой, абавязкова ўспомніць Бога…
Цікава, што ўсе гэтыя маласімпатычныя персанажы даволі цвяроза ацэньваюць саміх сябе. Вось, напрыклад, што кажа адзін з іх:
«...мы ўсе паганыя звяругі аднаго лесу. Ваўкі ж, як вядома, жалю не маюць, яны ні перад кім не вінавацяцца і вінаватых не шукаюць. Ваўкі робяць тое, што лепш за ўсё ўмеюць...»
Напэўна, нехта можа сказаць, што гэта не тыпова, не масава для нашай рэспублікі. Згодзен, такія гора-кіраўнікі былі далёка не ўсюды, можа, нават у асобных раёнах.
Але ж яны былі. І мы павінны ведаць і гэты бок праўды. Горкай праўды. І заслуга аўтара ў тым, што ён нам сказаў гэтую праўду.
Калі працягваць гаварыць пра мастацкія вартасці і знаходкі рамана, то мне хацелася б яшчэ адзначыць такі цікавы прыём аўтара, як, вобразна кажучы, поліфанічны погляд на адну і тую ж падзею. Прынамсі, пра тое, як адбываўся расстрэл турэмных вязняў, апавядаюць пяць розных удзельнікаў гэтага супрацьпраўнага судзілішча. І кожны з іх дадае нейкую новую дэталь, новую падрабязнасць, новы штрых.
У выніку агульная карціна вымалёўваецца аб’ёмна, ярка.
Добра, што раман заканчваецца на аптымістычнай ноце. У Дзісну прыязджае губернскі следчы, камуніст Белік, каб разабрацца ў злачынствах і перавышэннях мясцовымі ўладамі сваіх паўнамоцтваў. І чым больш следчы паглыбляецца ў расстрэльную справу, тым больш дзівіцца бесчалавечнасці, абыякавасці, гідкаму п’янству і разбэшчанасці тутэйшых кіраўнікоў. Прычым свае злоўжыванні і відавочныя злачынствы яны падаюць як рэвалюцыйныя дасягненні. У іх калектыўнае прыняцце любога рашэння, нават расстрэлу, лічыцца найвышэйшым законам.
Следства скончылася тым, што Ляскоўскі і ўсе яго хаўруснікі былі арыштаваны і аддадзены пад суд. Акрамя таго, следчы прапанаваў жыхарам павета пісьмова выказаць прэтэнзіі да былых і цяперашніх кіраўнікоў. І паабяцаў, што кожная скарга будзе разгледжана і, калі нешта зроблена незаконна, вінаватыя будуць пакараны, а нанесеныя страты кампенсаваны.
На самым пачатку я сказаў, што Віктар Праўдзін не пабаяўся адкрыць адну з самых складаных старонак нашай гісторыі і мастацкімі сродкамі глыбока, аб’ектыўна даследаваць яе. І гэтае даследаванне прывяло да вельмі важнага выніку, які агучыў адзін з герояў рамана:
«Я рады, што з вашай дапамогай шмат хто ўжо за кратамі. Значыцца, савецкая ўлада зусім не гэткая, якой убачылі яе тутэйшыя людзі...»
Зіновій ПРЫГОДЗІЧ