Top.Mail.Ru

Як Андрэю Трафімуку ўдалося адкрыць стратэгічныя нафтавыя радовішчы, якія выратавалі СССР

30.07.2025 | 09:18

У гады Вялікай Айчыннай вайны Андрэй Трафімук здзейсніў навуковы і вытворчы подзвіг: пад яго кіраўніцтвам у выніку настойлівых пошукаў у 1943 годзе ў Башкірыі было адкрыта некалькі магутных нафтавых радовішчаў, што забяспечыла бесперабойнае паступленне паліва на патрэбу Чырвонай арміі і тылавых прамысловых раёнаў. Менавіта ён адыграў найважнейшую ролю ў адкрыцці і асваенні Волга-Уральскай, Заходне-Сібірскай і Лена-Тунгускай нафтагазаносных правінцый СССР.


Будучы вучоны нарадзіўся ў 1911 годзе ў вёсцы Федзькавічы Рагазнянскай воласці Кобрынскага павета Гродзенскай губерні (цяпер Жабінкаўскі раён Брэсцкай вобласці) у беднай сялянскай сям’і. Калі хлопчыку было 4 гады, Трафімукі, ратуючыся ад Першай сусветнай вайны, збеглі ў далёкі сібірскі горад Ніжняўдзінск (цяпер Іркуцкая вобласць). Маці там хутка памерла ад тыфу, пракарміць усю сям’ю бацька не мог, і Андрэй апынуўся ў дзіцячым доме. У 1927 годзе ён скончыў сямігадовую школу-інтэрнат у Слаўгарадзе (Алтайскі край), затым яшчэ два класы ў Казані. А ў 1929-м паступіў на геалагічны факультэт Казанскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У.І. Ульянава-Леніна, дзе застаўся ў аспірантуры на кафедры мінералогіі.

Кроў зямлі

З 1930 года Андрэй Трафімук працаваў начальнікам навукова-даследчай партыі, якая займалася вывучэннем жалезных руд і баксітаў Урала. Аднак маладога геолага асабліва захапляла «чорнае золата» — нафта. Неўзабаве ён атрымаў прызначэнне ў адпаведную навукова-даследчую лабараторыю ў Ішымбаеўскім раёне (Башкірыя). Тут «кроў зямлі» нібы гуляла з людзьмі ў хованкі: з’яўлялася ў самых нечаканых месцах і знікала там, дзе павінна была быць адпаведна разведцы. Малады геолаг паставіў перад сабой задачу вызначыць заканамернасці гэтага незвычайнага радовішча, якія дазволілі б арганізаваць здабычу нафты.

Але для збору матэрыяла мала было шчырага жадання і запалу. Патрабаваліся вялікая цярплівасць і настойлівасць. Прыйшлося прагледзець 10 тыс. шліфаў (пласцінак таўшчынёй 0,001 мм, выразаных з узораў парод, якія праходзілі пры бурэнні свідравін), старанна, амаль што праз лупу, даследаваць усю гару Юрактау. У выніку быў выпрацаваны матэрыял, дзякуючы якому стала зразумелым, як трэба шукаць капрызную ішымбаеўскую нафту.

Тут, у Башкірыі, Андрэй Трафімук абараніў дысертацыю «Нафтаносныя вапнякі Ішымбая» і атрымаў вучоную ступень кандыдата геалагічных навук. На падставе комплекснага вывучэння нафтавых радовішчаў даказаў неабходнасць пошукаў «чорнага золата» ў Прыураллі. Бяссонныя ночы ў лабараторыі, за кнігамі, лажанне па гарах — усё гэта прынесла свой плён. У 1933–1939 гадах знойдзеныя радовішчы нафты выклікалі рэзкі ўздым яе здабычы. А ў 1940-м А. Трафімук быў прызначаны галоўным геолагам трэста «Ішымбайнафта».

Дзеля разгрому ворага

У гады Вялікай Айчыннай вайны найважнейшай задачай для дзяржавы стала забеспячэнне нафтай — асноўнай сыравінай пры вытворчасці паліва для танкаў і самалётаў, у якім фронт меў вострую патрэбу. Сітуацыя ўскладнялася тым, што нямецкія войскі дайшлі да Волгі і Паўночнага Каўказа і фактычна адрэзалі Бакінскія радовішчы Азербайджана — асноўных пастаўшчыкоў нафты ў той перыяд. У Грозным пад націскам ворага была распачата частковая эвакуацыя прадпрыемстваў ва ўсходнія рэгіёны СССР. Ішоў дэмантаж нафтаздабываючага абсталявання. Краіна задыхалася без паліва, «кроў зямлі» патрэбна была як паветра.

share_-1023291847.jpg

Андрэй Трафімук распрацаваў стратэгію асваення башкірскай нафты. Ён выказаў гіпотэзу аб яе наяўнасці ў пластах дэвонскага перыяду Карлінска-Кінзебулатаўскай зоны і, нягледзячы на сумненні шматлікіх дасведчаных навукоўцаў, пачаў бурэнне свідравін. Пад яго кіраўніцтвам восенню 1943 года было адкрыта надзвычай эканамічнае і перспектыўнае Кінзебулатаўскае радовішча. 

Біёграф Андрэя Аляксеевіча Л. Магілёўскі апісвае гэтую падзею так:

«У падрыхтаваную свідравіну № 5 апусцілі тарпеду — 30 кг толу. Пасля яе выбуху над зямлёй імгненна ўзнік вялізны чорны грыб вышынёй у паўсотні метраў. Ён стаяў нерухома, толькі шапка яго павольна, плаўна калыхалася з боку ў бок. Здавалася, што менавіта яна выдае той глухі, нізкі гул.

Тэрыторыя, якая прылягала да буравой, кішэла людзьмі... Ва ўсіх быў прыўзняты, святочны настрой... Тоўсты слуп нафты, узняўшыся на вышыню 10-павярховага дома, дажджом рассыпаўся далёка навокал. І ўсё стала чорным ад яго — машыны, зямля, людзі, нават суседняя рэчка Тайрук. Стоячы каля яе, можна было назіраць з’яву прыроды, не апісаную ні ў адным падручніку геаграфіі, — нафтапад.

Нафце, разбуджанай выбухам тарпеды, мала было адной свідравіны. Яна прабіла сабе ў беразе шчыліну, з якой каскадам лілася ў раку... Здавалася, што нафта, якая мільёны гадоў тамілася пад зямлёй, нафта, якую чалавек так цярпліва і ўпарта шукаў, жадае ўзнагародзіць сябе за доўгі палон, а людзей — за працу, настойлівасць і смеласць.

...Сем дзён біў фантан. Толькі на восьмыя суткі ўдалося яго ўтаймаваць — заліць барытавым растворам, спусціць калону, усталяваць засоўку — і ператварыць у нармальна дзеючую свідравіну. Неўзабаве тысячы тон кінзебулатаўскай нафты пацяклі туды, дзе яна была так патрэбна ў гэты цяжкі для Радзімы час».

Пасля А. Трафімуком былі адкрыты і іншыя буйныя радовішчы нафты Башкірыі. Напрыклад, 26 верасня 1944 года знойдзена велізарнае Туймазінскае радовішча. Гэта падзея таксама стала выдатным дасягненнем геолагаў ваеннага часу.

Адкрыцці ваенных гадоў, шырокае прымяненне новых тэхналогій выкрыцця і іспытаў нафтагазаносных гарызонтаў (саляна-кіслотная апрацоўка вапнякоў, законтурнае і ўнутрыконтурнае завадненне) дазволілі рэзка павялічыць здабычу нафты і забяспечыць нашы танкі і авіяцыю нафтапрадуктамі. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР «Аб прысваенні звання Героя Сацыялістычнай Працы працаўнікам нафтавай прамысловасці» ад 24 студзеня 1944 года «за выдатныя заслугі ў справе павелічэння здабычы нафты, выпрацоўкі нафтапрадуктаў, разведкі новых нафтавых радовішчаў і бурэнне нафтавых свідравін» 32-гадовы вучоны быў удастоены гэтага ганаровага звання з уручэннем ордэна Леніна і медаля «Залатая Зорка». «Адна думка займала нас — зрабіць усё магчымае для дапамогі фронту, для найхутчэйшага разгрому ворага. У адказ на высокую ўзнагароду ўсе свае сілы, усе свае веды і вопыт я аддам справе выяўлення багацця Радзімы, памнажэння яе славы і моцы» — прызнаўся пасля ўзнагароджання А. Трафімук газеце «Советская Башкирия».

DSC04648.jpg

У 1970-я гады ў Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі пачалі збіраць інфармацыю аб таленавітым земляку. Для збору экспанатаў была арганізавана камандзіроўка ў Новасібірск, дзе жыў вучоны. Паводле слоў загадчыцы навукова-экспазіцыйнага аддзела музея, Андрэй Трафімук з жонкай з вялікай цеплынёй прынялі гасцей з Беларусі і перадалі дастаткова сур’ёзныя рэчы, самыя каштоўныя з якіх можна ўбачыць у пастаяннай гістарычнай экспазіцыі. Усяго ў фондах музея захоўваецца каля 40 памятных прадметаў: фатаграфіі, дакументы, кнігі, брашуры, рукапісы артыкулаў, інструменты, якімі карыстаўся вучоны ў экспедыцыя.

За свае заслугі перад Радзімай Андрэй Аляксеевіч атрымаў шмат дзяржаўных узнагарод: шэсць ордэнаў Леніна, два ордэны Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэн Кастрычніцкай Рэвалюцыі, дзве Дзяржаўныя прэміі СССР, Дзяржаўную прэмію Расійскай Федэрацыі і інш.

Дасягненні ў мірны час

Пасля заканчэння вайны А. Трафімук працаваў на розных пасадах. Бліскучая інтуіцыя вучонага і тонкае веданне геалагічнага працэсу дазволілі яму паспяхова кіраваць геолагаразведкай. У выніку яго карпатлівай навуковай і даследчай работы ў 1946 годзе было адкрыта Баўлінскае, у 1949-м — Серафімаўскае нафтавыя радовішчы. У 1949-м ён бліскуча абараніў доктарскую дысертацыю, а праз год узначаліў геалагічную службу Міністэрства нафтагазавай прамысловасці СССР. Пазней працаваў дырэктарам Усесаюзнага нафтагазавага навукова-даследчага інстытута ў Маскве: распрацаваў аб’ёмна-генетычны метад ацэнкі прагнозных рэсурсаў нафты і газу і адным з першых ужыў матэматычныя метады даследаванняў у геалогіі.

У 1957 годзе знакаміты вучоны пераехаў у Новасібірск, дзе стаў дырэктарам Інстытута геалогіі і геафізікі Сібірскага аддзялення Акадэміі навук СССР, які ўзначальваў да 1988-га. Тут Андрэй Трафімук прапрацаваў больш за 40 гадоў, падчас якіх навукова абгрунтаваў методыку пошуку радовішчаў нафты і газу ва ўмовах Сібіры і Далёкага Усходу, садзейнічаў адкрыццю і распрацоўцы нафтагазаносных правінцый у Заходняй Сібіры, Якуціі, на Крайняй Поўначы.

DSC06426.jpg

Уклад нашага земляка ў развіццё навукі і эканомікі СССР неацэнны, але галоўным застаецца яго навуковы подзвіг, які дазволіў пераламіць ход Вялікай Айчыннай вайны і прыблізіць Перамогу над нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Нават у аддаленні ад роднай Беларусі ён спрыяў яе вызваленню.

Вольга САБАЛЕЎСКАЯ

Фота Андрэя ФЕАКЦІСТАВА, з архіва Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея, mln.by

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю