Top.Mail.Ru

Яднанне паэзіі і фотамастацтва

Аўтар: Лізавета Крупянькова
16.10.2025 | 17:00
адчуць дыханне прыроды

Выстаўка «Пад крылом Страцім-лебедзя», прысвечаная птушкам у паэзіі Максіма Багдановіча і фотамайстэрству Вячаслава і Таццяны Алешка — прадстаўнікоў адной з самых вядомых дынастый фатографаў у Беларусі, працуе ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча. Праект можна наведаць да 15 лістапада.

У экспазіцыі прадстаўлены фотаздымкі птушак, якія пражываюць на тэрыторыі Беларусі і ў многіх асацыіруюцца з беларускімі краявідамі. Каля кожнай работы размешчаны QR-код, перайшоўшы па якім, можна пазнаёміцца з адпаведным творам Максіма Багдановіча і паслухаць спевы птушкі. Вобразы птушак, якія сустракаюцца ў творчасці паэта — гэта частка нашай прыроды, увасабленне лірычнага героя і сімвалы роднага краю.

Вячаслаў Алешка (1939–2018) з’яўляецца адным з першапраходцаў у здымках айчыннай дзікай прыроды. 

З дзяцінства Вячаслаў Іосіфавіч захапляўся прыгажосцю навакольнага свету. Асноўную частку хатняй бібліятэкі фатографа складалі кнігі пра прыроду, майстэрства фатаграфіі. Пазней Вячаслаў Алешка і сам стаў аўтарам сямі выданняў. Першая кніга «З любоўю да прыроды» выйшла ў 1977 годзе. А фотаальбомы майстра «Спатканне з лесам» (1985) і «Беларусь запаведная» (2007) прынеслі Алешку славу фотамайстра, які глыбока і паэтычна адлюстроўвае прыгажосць і ўнікальнасць роднай прыроды. Пейзажы, карціны палявання, знятыя ў розных кутках Беларусі, неаднаразова дэманстраваліся аўтарам на выстаўках ў Полацку, Гродне, Брэсце, Віцебску, Магілёве, Слуцку, Салігорску, Клецку, Рэчыцы, Баранавічах, Мінску і Вільнюсе, публікаваліся ў альбомах, часопісах, календарах, буклетах.

Таццяна Алешка прадоўжыла справу Вячаслава Іосіфавіча толькі пасля яго смерці ў 2018 годзе. Фатаграфія дапамагае ёй падтрымліваць небачную сувязь з бацькам, бачыць свет яго вачыма і захоўваць сямейную гісторыю. Таццяна з’яўляецца членам Клуба фатографаў. У 2024 годзе адбылася яе першая персанальная фотавыстаўка ў Рускім музеі фатаграфіі (Ніжні Ноўгарад). Творца фатаграфуе жывёл і птушак не толькі ў Беларусі, але і падчас падарожжаў па ўсім свеце, каб захаваць унікальныя моманты жыцця прыроды. Таццяна працягвае справу бацькі, выкарыстоўваючы назапашаны досвед для папулярызацыі прыроды і прыцягнення ўвагі да няўстойлівай раўнавагі ў адносінах чалавека і жывёльнага свету.

Лізавета КРУПЯНЬКОВА

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю