Top.Mail.Ru

Вызваліцца ад мітусні штодзённасці

Аўтар: Яўгенія Шыцька
15.01.2026 | 14:07
Старонкі XV Мінскага міжнароднага Каляднага форуму

Оперны форум у Вялікім тэатры Беларусі завяршыўся гала-канцэртам, прысвечаным 100-годдзю Ірыны Архіпавай. Тым вечарам выступілі лаўрэаты Міжнароднага конкурсу вакалістаў імя М. І. Глінкі — больш за сорак гадоў яго журы ўзначальвала менавіта гэтая спявачка. Цяпер мастацкі кіраўнік і старшыня журы — Альбіна Шагімуратава. Салістка Марыінскага тэатра, заслужаная артыстка Расіі, народная артыстка Татарстана выступіла на сцэне Вялікага тэатра Беларусі ўпершыню. Да таго ж у оперы Пятра Чайкоўскага партыі Таццяны Ларынай і Яўгена Анегіна выканалі салісты Маскоўскага акадэмічнага музычнага тэатра імя К. С. Станіслаўскага і У. І. Неміровіча-Данчанкі Дзмітрый Зуеў (таксама ўпершыню на мінскай сцэне) і Наталля Петражыцкая... А чым яшчэ запомніўся XV Калядны форум?

«Майстар і Маргарыта» 

Спектакль Самарскага акадэмічнага тэатра оперы і балета імя Дзмітрыя Шастаковіча «Майстар і Маргарыта» Сяргея Слонімскага мінская публіка ўбачыла ў пастаноўцы народнага артыста Расіі Юрыя Аляксандрава. Лібрэта да оперы паводле рамана Міхаіла Булгакава напісалі Юрый Дзімітрын і Віталь Фіялкоўскі. Музычным кіраўніком пастаноўкі і дырыжорам-пастаноўшчыкам стаў галоўны дырыжор і мастацкі кіраўнік Самарскага тэатра Яўген Хахлоў. 

— Нам вельмі прыемна, што тэатру аказаны такі гонар, — другі раз пасля 2023 года ў нас у гасцях самарскі тэатр, — адзначыла генеральны дырэктар Вялікага тэатра Беларусі Кацярына Дулава. — Як і тады, калі мы ўбачылі «Любоў да трох апельсінаў» Сяргея Пракоф’ева, калектыў зноў прывёз назву, якой няма ў нашай афішы. Гэты твор цікавы і сцэнаграфічна, і музычна. Яго сцэнічны лёс дастаткова спецыфічны. Вельмі доўга ён быў не запатрабаваны, а потым з’явіўся ў афішы тэатра «Шастаковіч. Опера. Балет» і ўжо стаў уладальнікам прэміі «Маэстра» ў межах «Залатой маскі».

Дарэчы, Вялікі тэатр Беларусі прыме ўдзел у міжнародным фестывалі «Шастаковіч. Па-над часам» у Самары, дзе пакажа оперу Уладзіміра Солтана «Дзікае паляванне караля Стаха», а таксама нядаўнюю прэм’еру — «Арлеанскую дзеву» Пятра Чайкоўскага. У планах самарскага калектыву — выступленне ў Мінску падчас «Гастрольнага лета»... 

— Опера «Майстар і Маргарыта» мае няпросты лёс, — пацвярджае мастацкі кіраўнік тэатра «Шастаковіч. Опера. Балет» Яўген Хахлоў. — Пасля выканання ў Саюзе кампазітараў яе тут жа паклалі на паліцу на працяглы час — амаль на 50 гадоў. Кампазітар Сяргей Слонімскі быў упэўнены, што час выканання твора яшчэ не надышоў. Ён свядома выбраў для яго наватарскую музычную мову, якая, на маю думку, застаецца крыху авангарднай і сёння. Праз пэўны перыяд яна была прадстаўлена ў канцэртным выкананні ў Маскве, пазней пастаўлена ў Германіі, але не цалкам. І вось набыла паўнацэннае сцэнічнае ўвасабленне на сцэне Самарскага тэатра оперы і балета імя Дзмітрыя Шастаковіча. Пастаноўка «Майстар і Маргарыта» ўключае ў сябе паўнавартасны, задуманы кампазітарам, балетны дывертысмент, у рэчышчы якога вырашаны баль у сатаны. Мы паказвалі оперу ў Пецярбургу на Марыінскай сцэне, на гістарычнай сцэне Вялікага тэатра — усюды гэты спектакль выклікаў вялікі ажыятаж і павышаную ўвагу. 

Кампазітар задумаў кампактны аркестр, дзе ўсе артысты — салісты, а кожнаму персанажу акампаніруюць адпаведныя інструменты. Наватарская мова аўтара застаецца крыху авангарднай і сёння, упэўнены Яўген Хахлоў. Складанасць матэрыялу падкрэсліў і выканаўца партыі Понція Пілата Сцяпан Волкаў: 

— Музычная мова твора сапраўды своеасаблівая. Трэба было зразумець, што ж меў на ўвазе Сяргей Слонімскі. Я знайшоў у музыцы і партытуры драматургічную свабоду, што падштурхнула мяне на разняволенне як акцёра на сцэне. І мая праца над гэтай партыяй працягваецца дагэтуль. 

«Ацыс і Галатэя» 

Для выканання ў Камернай зале Вялікага тэатра прызначана опера Георга Фрыдрыха Гендэля «Ацыс і Галатэя», прэм’ера якой адбылася ў рамках Мінскага міжнароднага Каляднага опернага форуму. «Маленькая опера» 

(так сам кампазітар называў твор у лістах), барочны шэдэўр (што пацвярджаецца 300-гадовай гісторыяй існавання гэтай пастаралі), твор паўстае яскравым прыкладам адаптацыі антычнага сюжэта для англійскай публікі і працягвае выклікаць цікавасць сучасных пастаноўшчыкаў па ўсім свеце. Для гледача вопыт знаёмства з такім матэрыялам даволі спецыфічны, што паказвае практыка існавання твора ў афішах розных тэатраў блізкага замежжа. Кацярына Дулава напярэдадні прэм’еры выказала меркаванне: наўрад ці опера будзе выконвацца рэгулярна. Аднак калі цікавасць аўдыторыі будзе відавочная, то, пэўна, у Вялікім тэатры гэта ўлічаць. 

Аснова твора — сюжэт, распрацаваны Авідзіем. Міф распавядае трагічную гісторыю кахання марской німфы Галатэі і пастуха Ацыса. Раўнівы цыклоп Паліфем, закаханы ў німфу, забіў Ацыса скалой, але Галатэя ператварыла кроў каханага ў раку, Ацыс становіцца духам гэтай ракі... 

Між тым з асобнымі фрагментамі твора беларуская аўдыторыя знаёма — іх можна было пачуць падчас камерных канцэртаў і ў праграме фестывалю «Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў». Над паўнавартаснай пастаноўкай «Ацыс і Галатэя» працавалі дырыжор-пастаноўшчык Віталь Грышчанка, рэжысёр-пастаноўшчык Наталля Бараноўская, мастак-пастаноўшчык Любоў Сідзельнікава, хормайстар-пастаноўшчык Сяргей Аграновіч і балетмайстар-пастаноўшчык Анастасія Голешава. Занятыя вядучыя салісты оперы, галоўныя ролі — ва ўладальнікаў медаля Францыска Скарыны Таццяны Гаўрылавай і Юрыя Гарадзецкага, лаўрэата міжнародных конкурсаў Кірыла Панфілава. Задзейнічаны таксама артысты балета Дар’я Чуваргіна і Дзмітрый Уксуснікаў. У якасці німф, сябровак Галатэі, можна было ўбачыць артыстак Дзіцячага тэатра-студыі. Музыка прагучала ў выкананні камернага складу аркестра. 

У спектаклі Вялікага тэатра салісты спяваюць на англійскай мове, а хор як апавядальнік расказвае гісторыю на рускай (у адпаведных эпізодах гэта робяць і артысты), не парушаючы драматургічнай логікі, імкнучыся захаваць паэтычны настрой дзеі. Ну а мова пачуццяў у оперы «Ацыс і Галатэя» агульназразумелая: глыбокая эмацыянальная глыбіня і драматызм твора дапамагаюць гледачу наблізіцца да асэнсавання ідэалу кахання. Аднак паспрабаваць адчуць сілу пачуццяў можна толькі з умовай адхілення ад мітусні штодзённасці. 

Яўгенія ШЫЦЬКА

фота БелТА і з Telegram-канала Вялікага тэатра Беларусі

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю