Top.Mail.Ru

Выйшла ў свет унікальнае літаратурна-мастацкае выданне

05.02.2026 | 11:04
Іх подзвіг назаўжды ў сэрцах нашчадкаў

Гэта ўжо другая кніга праекта Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і Саюза пісьменнікаў Беларусі, выдадзеная пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Мэта праекта «Паэзія Подзвігу» —ушанаваць памяць аб тых, хто змагаўся за свабоду і незалежнасць нашай Радзімы.

Пры стварэнні зборнікаў выкарыстаны рэдкія фатаграфіі з фондаў Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Кнігі будуць карысныя шырокаму колу чытачоў, могуць выкарыстоўвацца пры правядзенні знакавых мерапрыемстваў аб Вялікай Айчыннай вайне.

Асновай для зборніка «Паэзія Подзвігу», які нядаўна выйшаў з друку, паслужылі творы аўтараў, большасць з якіх з’яўляюцца членамі Саюза пісьменнікаў Беларусі. Вершы былі адабраны па выніках творчага конкурсу, праведзенага Беларускім дзяржаўным музеем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў межах серыі мерапрыемстваў, прысвечаных 80-годдзю Вялікай Перамогі. 

Кніга аддае даніну павагі нашым продкам, чые подзвігі назаўжды застануцца ў сэрцах нашчадкаў. Адбіраючы вершы для гэтай паэтычнай кнігі, арганізатары праекта імкнуліся назаўжды захаваць у памяці імёны тых, хто ваяваў за незалежнасць нашай Радзімы.

У паэтычны зборнік увайшлі вершы 22 аўтараў. У кожнага з іх свой стыль, але ўсіх паэтаў аб’ядноўвае памяць пра Вялікую Айчынную вайну і пераасэнсаванне падзей мінулых гадоў, у тым ліку і трагедый іх сем’яў. У сваіх творах яны выказваюць глыбокую падзяку нашым дзядам і прадзедам за мірнае жыццё, напоўненае звонкім смехам дзяцей, шумам беларускіх лясоў і золатам спелых палёў. Гэтая цішыня — бясцэнны дар, найвялікшая спадчына, заваяваная тымі, хто 80 гадоў таму падарыў усім нам магчымасць жыць. Жыць без страху, без болю страт, без разбуральнага рэха вайны, якое, на шчасце, знаёма нам толькі па кнігах і фільмах.

Учытваючыся ў радкі сучасных паэтаў аб вайне, адчуваеш не парадны пафас, а ціхі, пранізлівы шэпт, які ідзе з самых глыбінь душы. У гэтых вершах няма месца бравурным маршам, толькі боль страты, складзены ў простыя, шчырыя словы. У сваёй творчасці сучасныя паэты асэнсоўваюць тэмы вайны і міру, супрацьпастаўляючы суровую рэальнасць канфліктаў і прыгажосць паўсядзённага жыцця. Іх лірыка адлюстроўвае як шнары, пакінутыя вайной, так і падзяку за магчымасць жыць у мірны час.

У вершах Вольгі Алізар мы знойдзем глыбокія разважанні пра мірнае і ваеннае жыццё, пра два супрацьлеглыя паняцці:

Вельмі цяжка і ў думках, сябры,уявіць, 

Як магчыма з’яднаць два няроўныя словы: 

Гэта дзеці, якім моцна хочацца жыць,

І вайна, што нясцерпныя ставіць умовы.

Многія паэты, чые вершы ўвайшлі ў зборнік «Паэзія Подзвігу», у сваіх творах заклікаюць шанаваць мірнае неба над галавой.

Андрэй Дарожкін запамінаецца вершам пра знакаміты цыкл карцін «Лічбы на сэрцы» народнага мастака СССР і Беларусі М. А. Савіцкага. Гэтыя творы паэт убачыў у пастаяннай экспазіцыі Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, і яны пакінулі глыбокі след у яго душы:

Стаяў там, нібы невідушчы, 

Ды жахі запомніў усе... 

І тыя бязвінныя душы 

У маёй стуль жывуць пакрысе.

Васіль і Марына Лайковы некаторыя свае вершы прысвяцілі родным, удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны. 

Паэты памятаюць пра стойкасць і мужнасць продкаў, пра іх нязломны дух, які дазволіў краіне, якая ляжала ў руінах і страціла кожнага трэцяга жыхара, адрадзіцца і расквітнець. Яны ганарацца, што жывуць на гэтай цудоўнай зямлі, у краіне з багатай гісторыяй і чароўнай прыродай.

Запрашаем вас адкрыць для сябе свет паэзіі, дзе словы ажываюць і становяцца мостам паміж мінулым і сучаснасцю, дзе кожны верш — крок да разумення нашай гісторыі і даніна павагі яе героям. Няхай радкі стануць напамінам аб тым, што нават у самыя няпростыя часы чалавек здольны на найвялікшыя здзяйсненні. У кнізе 

«Паэзія подзвігу» вы знойдзеце не толькі ўспаміны пра гераічныя бітвы і пакуты, але і светлыя моманты надзеі, каханне і адзінства, якія дапамагалі людзям пераадольваць самыя цяжкія выпрабаванні. Кожны аўтар, прадстаўлены тут, робіць свой унікальны ўклад у агульную карціну памяці аб Вялікай Айчыннай вайне і вызваленні Беларусі.

Дар’я ЛЁСАВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю