Паколькі многія камандзіры загінулі, камандаванне на сябе бралі нестраявыя афіцэры. З адным з іх Канстанцін Сіманаў пазнаёміўся, не здагадваючыся, што хутка стане сведкам яго гібелі. Пра гэта згадваў у кнізе «Разные дни войны. Дневник писателя. 1941 год»: «Палкоўнік-пагранічнік раптам сказаў, што сёння забіла аднаго пісьменніка — Шапавалава.
І я ўспомніў батальённага камісара —пагранічніка, які заходзіў да нас у клуб пісьменнікаў. Успомніў машыну, пагранічніка побач з ёй і зразумеў, што быў сведкам гэтай смерці».
Хто ж ён, гэты батальённы камісар, а да ўсяго пісьменнік Шапавалаў? Іван, па бацьку Еўдакімавіч. Нарадзіўся 26 студзеня 1907 года па цяперашнім тэрытарыяльным падзеле ў вёсцы Бежаўка Бурынскага раёна Сумскай вобласці Украіны. Юнацкія гады яго праходзілі як бы на сумежжы трох славянскіх народаў. Ніхто асабліва не задумваўся, прадстаўніком якой нацыі ён з’яўляецца. Школу 2-й ступені скончыў у Смаленску, працаваў на гарадской жывёлабойні, а 3 снежня 1923 года добраахвотна пайшоў у армію.
Праўда, журналіст Васіль Феранц (газета «Книга и мы», 1995, № 5) канстатуе іншае: «17-гадовы Іван Шапавалаў працуе на заводзе ў Ліпецку...» Яго артыкул «Пясняр граніцы» цікавы тым, што аўтар спасылаецца на гаворку з сынам Івана Шапавалава Ігарам. З яе відаць, якім пісьменнік быў не толькі ў творчасці, але і ў жыцці: «Бацька выдатна маляваў і ляпіў, любіў музыку, спяваў, выдатна іграў на гітары. <...> Ён неаднаразова атрымліваў на стралковых спаборніцтвах прызы, якія захоўваюцца ў мяне і цяпер... Узнагароджаны імянной шашкай — быў добрым коннікам. У запісной кніжцы бацькі я знайшоў такі запіс, які вельмі мне запомніўся: „Вышэйшае задавальненне ў жыцці — пазнаваць шчасце; шчасце — у рабоце, менавіта работа дазваляе пазнаваць, вывучаць...“»
Спачатку Іван Еўдакімавіч служыў у часцях асобага назначэння тагачаснай Смаленскай губерні, потым — у губваенкамаце. З 1925 года звязаў лёс з Беларуссю. Спярша служыў у адной з часцей у Полацку, а пасля перайшоў у пагранічныя войскі: пагранатрад у Жыткавічах, застава непадалёку ад Турава. З лютага 1938 года — Мінск. Наведваў літаратурнае аб’яднанне Чырвонай Арміі і Флоту пры Доме афіцэраў Беларускай ваеннай акругі, паступіў на завочнае аддзяленне Літаратурнага інстытута імя М. Горкага ў Маскве. Чаму выбраў гэтую вышэйшую навучальную установу, здагадацца няцяжка, бо, нягледзячы на малады ўзрост, навічком у літаратуры не быў.
За кароткі час асвоіў розныя жанры: паэзія, проза, нарыс. І заўважаны быў хутка. Ужо ў 1934 годзе прынялі ў Саюз пісьменнікаў Беларусі. Паколькі пісаў па-руску, уваходзіў у рускую секцыю. Галоўная праблематыка твораў — жыццё граніцы. Гэта відаць не толькі па публікацыях у перыёдыцы, але і па кнігах, што выйшлі ў Мінску: як паэтычных «Товарищи» (1932), «Дзержинцы» (1934), «Время близится» (1937), паэме-аповесці «Ян Рендя», так і празаічных. Аб увазе да творчасці Івана Шапавалава сведчыць і тое, што асобныя яго творы ўключаны ў «Антологию белоруской литературы» і «Альманах русской поэзии ССПБ». Тэма абароны Радзімы, мужнасці савецкіх пагранічнікаў загучала і ў вершы «О валенках и о геройстве», апублікаваным у ваенна-абарончым літаратурна-мастацкім часопісе «Наготове», які выходзіў у Мінску ў 1932–1933 гадах.
У трохтомнай анталогіі «Скрыжалі памяці», складзенай Алесем Бельскім, творы падаюцца ў арыгінале: па-беларуску ці па-руску. Іван Шапавалаў — не выключэнне. Але ў каментарыі асобныя з іх змешчаны ў перакладзе Віктара Гардзея. У тым ліку і названы вышэй. Мяркую, што лепш падаць урыўкі яго, як у арыгінале, так і ў перастварэнні па-беларуску. Каб адчуць, наколькі Віктар Гардзей уважлівы да арыгінала, і адначасова ўбачыць, як яму ўдалося захаваць яго танальнасць у іншай мове.
У Івана Шапавалава:
Но голос дежурного
забирается внутрь,
В постели становится
неуютно, колко.
Часовые стрелки
чуть-чуть разошлись.
(Поменьше которая,
от большей отстала).
В загадку ночи черной
ушли
Часовой
и его подруга
из вороненой стали.
У Віктара Гардзея бездакорнасць перакладу навідавоку. Аднак, ацэньваючы яго высока, асаблівае майстэрства прысутнічае менавіта ў гэтым эпізодзе:
Ды голас дзяжурнага,
у кожны заляцеўшы кут,
Зрывае з пасцелі,
што стала адразу няўтульнай.
Гадзінніка стрэлкі
па крузе ішлі,
Зліліся, як лічбу «12»
дасталі.
Прапалі ў завеі,
у белай імгле
Вартавы
з сяброўкаю яшчэ
з варанёнае сталі.
Каб сказаць, што «гадзінніка стрэлкі па крузе ішлі, // Зліліся, як лічбу „12“ дасталі», трэба мець асаблівы паэтычны густ, якім і валодаў Віктар Канстанцінавіч. Разам з тым заўважаецца і іншае. Як бы ні стараўся Віктар Гардзей, ён не мог (ды і не меў на гэта права) адысці ад першаасновы. Пафаснасць Івана Шапавалава нярэдка ператваралася ў рытарычнасць, мела і зваротны бок. Пішучы аб тым, што важна, у чым ён быў перакананы, незаўважна збіваўся на дэкларатыўнасць. Завастрэнне сітуацыі прывяло да таго, што баладны лад твора, які асабліва адчувальны ў другой частцы яго, выглядае надуманым. Не прапусціць парушальніка граніцы —высакародная справа. Але сведчанне «гад», «шпіёнская морда» наўрад ці заслугоўвае таго, каб знявечыць сябе.
Дый не зразумелае стаўленне героя (а сапраўды гэты пагранічнік — герой) да высокай узнагароды:
Калі ж у шпіталь
яму, бязногаму,
Прынеслі ордэн
Чырвонага Сцяга,
Вымавіў:
— Гэта ж надта многа!..
За што?..
Якая ж тут адвага?..
Разетку ўзяў
у схуднелыя
пальцы,
Сказаў сам сабе
(аб усім здагадаўся):
— Але ж як інакш?..
Ён бы мог ...
зматацца?!
А у валёнках...
у валёнках
не дагнаць яго, гада.
Калі гаварыць аб празаічных творах Івана Шапавалава, то сярод іх вылучаецца «Большевики границы». Не зважаючы на тое, што назва запалітызаваная, ён праўдзіва расказаў аб працэсах, якія адбываліся ў 30-я гады мінулага стагоддзя на беларускім Палессі. Адметнасць твора і ў тым, што ў ім сюжэтна злучаны матэрыялы, якія на першы погляд паяднаны быць не могуць. Аднак прычына ў тым, што дзеянне адбываецца ў мясцінах, дзе дзяржаўная граніца падзяляе два лады жыцця. На абароне сацыялістычных заваёў стаіць N-ская пагранічная застава, якую ўзначальвае Андрэй Лунгін. Але ён не толькі не застаецца ўбаку аб тагачаснага вясковага жыцця, але і ў цэнтры яго, бо адбываецца важая падзея — калектывізацыя.
Вобразы Лунгіна і яго жонкі Дашы, якая чакае дзіця, — творчая ўдача Івана Шапавалава. Каларытнымі атрымаліся Сцяпан Шчур, Кузьма Хаміцэвіч, Рыгор Калмановіч і іншыя, якія вагаюцца: уступаць у калгас ці не ўступаць.
А поруч — пагранічнікі. Таксама розныя і непадобныя між сабой, але аб’ядноўвае іх важнасць справы, якой прысвяцілі сябе. Ёсць у аповесці яшчэ адзін герой — палеская прырода. Пра яе пісьменнік таксама апавядаў з веданнем. Бо, няма сумнення, пісаў пра блізкае яму. Пра тое, праз што прайшоў. І калі чытаеш, як «меж болотом и лесом притаилось человечье гнездо: изба, домашние постройки, гумно...», яскрава ўяўляеш, што ў гэтым месцы і размешчаны лясны кардон.
Пераехаўшы ў Маскву, Іван Шапавалаў з 1939 года працаваў у палітупраўленні пагранічных войск НКУС СССР. Заставаўся песняром граніцы. Не ў апошнюю чаргу гэта было звязана і з яго службовымі абавязкамі. Аднак не толькі таму.
З 1906 да 1914 года ў Расіі выходзіў «Пограничник», заснаваны указам Мікалая ІІ. У верасні 1939 года выхад яго аднавілі. Ён стаў ваенна-палітычным выданнем Палітычнага ўпраўлення Пагранічных войск НКУС СССР. У 1940 годзе Івана Шапавалава прызначылі загадчыкам літаратурнага аддзела. Несумненна, для яго новых твораў шмат давала назапашанае ў час службы ў пагранічных войсках. Новыя ж уражанні атрымліваў у камандзіроўках. Шмат даў і ўдзел у вызваленчым паходзе Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь. Гэтыя падзеі, зразумела, прасіліся ў новыя творы.
Не адпускала ад сябе і аповесць «Большевики границы», якую можна лічыць яго галоўным творам. Яна вытрымала два выданні. Яе паклаў у аснову лібрэта оперы «Пограничники», музыку да якой напісаў кампазітар Аляксей Туранкоў. Узяўся і за працяг аповесці. Паспяхова завяршыў, а рукапіс аддаў у Дзяржаўнае выдавецтва БССР. Твор ухвалілі, выхад кнігі быў запланаваны на чэрвень 1941 года. Нават паспеў атрымаць сігнальны асобнік.
І тут настала 22 чэрвеня 1941 года.
З пасведчаннем часопіса праз два дні накіраваўся ў раён Брэста, дзе пагранічнікі, як вядома, першымі ўступілі ў бой з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Ці верыў, што вайна з Германіяй будзе нядоўгай? Як і большасць савецкіх людзей, быў упэўнены ў гэтым. Супрацоўнікі «Пограничника» таксама. Іначай навошта пасылалі б яго ў камандзіроўку расказваць пра абаронцаў? А ў душы жыла і насцярога, што ворага разграміць будзе нялёгка.
Гэта відаць з яго ліста, пасланага жонцы, якая з сынам і дачкой адпачывала на поўдні. Цытую па матэрыяле Васіля Феранца: «Прывучай дзяцей да працы... Трымайся мужна, жадаю табе сілы і вытрымкі. Моцна цісну руку, мой таварыш, маці маіх дзяцей. Мы жывём у цяжкі, але вялікі час, пражывём яго так, каб не было сорамна за сябе ў гэтыя грозныя дні».
Зрабіў прыпіску сыну: «Ігар! Ты яшчэ малы, але цяпер старэйшы мужчына ў сям’і. Беражы маці і сястру. Старанна вучыся. Гэта цяпер самае галоўнае. Будзь дужым, за бацьку табе сорамна не будзе...»
Не да аповеду пра пагранічнікаў было, калі даведаўся, у якое нялёгкае становішча трапілі часці Чырвонай Арміі перад пераўзыходзячымі сіламі праціўніка. 26 чэрвеня 1941 года батальённы камісар Іван Шапавалаў узяў на сябе іншы важны абавязак, а ў нечым і больш істотны. Узначаліў калону пагранічнікаў, якія ўцалелі пасля таго, як гітлераўцы разграмілі савецкія заставы.
Іх збіраліся перафарміраваць у тыле ў новыя атрады. З цяжкасцямі дабраліся да лесу пад Барысавым. Нечакана на калону наляцела варожая авіяцыя.
— Уцякайце ў лес! — раздаўся яго гучны голас, а сам стаяў і назіраў, як выконваюць яго каманду.
У гэты момант побач упала нямецкая бомба. Гэта тое, што і расказаў пра апошні дзень жыцця 34-гадовага Івана Шапавалава Канстанцін Сіманаў. Азіраючыся на пройдзены шлях Івана Еўдакімавіча, лішні раз упэўніваешся: сказанае ім пра галоўнага героя аповесці «Большевики границы» Андрэя Лунгіна тычыцца і яго самога:
«Он изучил и полюбил границу. Как-то назначили его, учтя „долголетнюю службу на границе“, в Минск. Он не выдержал там и двух месяцев, подал рапорт с просьбой вернуть на границу. В УПО его поняли: послали вот на эту заставу...
Хорошо на границе. Чем? Черт его знает, как объяснить. Да и нужно ли объяснять? Он нужен именно здесь — и всё».
Патрэбен быў Іван Шапавалаў і літаратуры з праблематыкай, якой прысвяціў сваю творчасць. А што не заўсёды дасягаў неабходнага майстэрства, сказваўся ўзрост. На жаль, лёс больш пражыць не дазволіў.
Алесь МАРЦІНОВІЧ