З 25 кастрычніка ў Галерэі мастацтваў Леаніда Шчамялёва працуе экспазіцыя дызайнерскіх дываноў-карцін «Ніці і сэнсы. Сучаснае прачытанне віцебскай традыцыі». Ініцыятыва праекта належыць аднаму з найстарэйшых прадпрыемстваў тэкстыльнай галіны ў краіне «Віцебскія дываны», кампаніі Prokover і прафесійнай супольнасці Design&Decor Club. Адна з мэт гэтага клуба — папулярызацыя дызайну і дэкарыравання інтэр’ераў у Беларусі і за мяжой.
У цэнтры выстаўкі ў галерэі Шчамялёва — новая калекцыя з болей як 20-ці тканых дываноў-карцін для інтэр’ера. Арганізатары падкрэсліваюць: гэта не пакрыцці для падлогі, а самастойныя арт-аб’екты ў сучасным выкананні. На іх думку, вырабы могуць зноў заняць сваё месца на сценах, выконваючы, зразумела, дэкаратыўную функцыю і з’яўляючыся часткай мастацкага рашэння прасторы.
Выстаўка «Ніці і сэнсы» прызначана нагадаць публіцы пра адзін з беларускіх брэндаў — віцебскія дываны. Для аднайменнага прадпрыемства гэты праект перспектыўны, таму што дэманструе магчымасці вытворчасці, а яшчэ — пошук новых ідэй ды імкненне да здзяйсненняў.
А дызайнерам удзел у стварэнні экспазіцыі дазволіў ажыццявіць свае задумы, абапіраючыся на традыцыі і прапаноўваючы знаходкі ў рэчышчы дызайнерскіх рашэнняў.
— Унікальны не толькі для галерэі Шчамялёва, але і для ўсёй рэспублікі праект ажыццёўлены дзякуючы супрацоўніцтву паміж вытворчай і мастацкай установамі, — адзначыла на цырымоніі адкрыцця выстаўкі дырэктар Музея гісторыі горада Мінска Галіна Ладзісава. — Праведзена вялікая карпатлівая праца. Між тым традыцыя прымянення твораў мастацтва ў вырабе дываноў не новая, і мы ведаем прыклады, калі карціны знакамітых аўтараў выкарыстоўвалі еўрапейскія дывановыя фабрыкі. Віцебск паставіў сябе ў гэты шэраг, стаўшы ў нас, напэўна, першапраходцам.
Частка экспазіцыі знаёміць з дыванамі па матывах сюжэтаў Амадэа Мадзільяні, Густава Клімта, Анры Маціса, Клода Манэ, Пабла Пікаса, Эдгара Дэга (за аснову былі ўзяты работы сусветна вядомых мастакоў), а другая прадстаўляе зробленае сучаснымі дызанейрамі: гэта Аза Тлеужава, Юлія Пазняк, Ганна Сушко, Алена Радкевіч, Ганна Александрова, Радаслава Мацко, Ганна Віннікава-Сыцэвіч і Кацярына Русь. Экспазіцыя не мае на ўвазе выразнага раздзялення, ды яно і не патрабавалася — адрозненні вырабаў заўважныя ва ўсім і не маюць неабходнасці ў падкрэсліванні. Наадварот, стваральнікі выстаўкі быццам хацелі падкрэсліць варыятыўнасць іх выкарыстання паасобку і ў шэрагу непадобных.
Між тым цэнтральнае месца ў экспазіцыі займаюць дываны, выкананыя паводле карцін ураджэнца Віцебска Леаніда Шчамялёва. У творах «Кветкі Віцебска», «Віцебск, якім я яго памятаю» і «Захапленне» народны мастак Беларусі выказаў любоў да радзімы.
Выстаўка «Ніці і сэнсы. Сучаснае прачытанне віцебскай традыцыі» будзе працаваць да 16 лістапада.
Яўгенія ШЫЦЬКА
Фота аўтара