Арт-праект «Brain fashion’25» творчага аб’яднання Concept/Art/Confession Group (C/A/C Group) дэманструецца ў Мемарыяльным музеі-майстэрні Заіра Азгура пры супрацоўніцтве з галерэяй «АртПорт». Выстаўка аб’ядноўвае некалькі мастацкіх серый «Brain Fashion» і «Reconstruction of mind».
Concept/Art/Confession Group складаецца з прафесійных прадстаўнікоў жывапісу, скульптуры і фатаграфіі. Гэта ўнікальны праект на прасторы СНД, дзе рэалізаваны розныя жанры і віды мастацтва. Удзельнікі аб’яднання лічаць, што сінтэз мастацтваў дапамагае больш ёмістаму і комплекснаму мастацкаму выказванню, што надае праектам шматграннасці. Ідэолаг і стваральнік аб’яднання — Алег Шобін. Удзельнікі праекта: Андрэй Бялоў, Аляксей Шлык, Максім Макарэвіч, Антон Нічыпарук, Святлана Шалай, Ірэн Кова, Базінато і інш. C/A/C Group працуе ўжо больш за дваццаць гадоў. У творчым партфоліа аб’яднання — удзел у шматлікіх прэстыжных выстаўках і мерапрыемствах у Беларусі, Кітаі, Германіі, Італіі, Расіі і інш.
Арт-праект «Brain fashion’25» прысвечаны візуалізацыі жыццёвага шляху праз эстэтыку моды і алегорыі падарожжа. Пакрытыя пацінай бронзавыя аб’екты, адлюстраваныя на палатне прадметы абутку сімвалізуюць доўгі шлях чалавека. Аб’екты ў абстрактных формах нагадваюць скажоныя сілуэты дарагіх ботаў, якія служаць наіўнай алегорыяй жыццёвых выпрабаванняў і досведу. Мастакі даследуюць тэму незаўважанай раскошы як вечнасці і запрашаюць гледача прыгледзецца да маршчын на дэфармаванай скуры і знайсці прыгажосць у слядах вечнасці. Гэты раздзел падкрэслівае ідэю пра тое, што сапраўдная каштоўнасць хаваецца не ў люксавых брэндах ці знешнім глянцы, а ў перажытым вопыце і ўнутранай трансфармацыі асобы. Праз кантраст матэрыялаў і тэматыкі — ад маналітных формаў да зношаных прадметаў — прымушае задумацца аб прыродзе матэрыяльнага, шляху чалавека і яго эвалюцыі. Матэрыялы становяцца метафарай часу, памяці і духоўнага росту. Узаемадзеянне паміж тактыльнасцю аб’ектаў і іх сімвалізмам стварае прастору для разважанняў пра тое, як формы і матэрыялы адлюстроўваюць нашы ўнутраныя станы і жыццёвыя маршруты.
Праект «Brain fashion’25» аб’ядноўвае некалькі мастацкіх серый Concept/Art/Confession Group.
У знакавай серыі «Reconstruction of mind» (2012–2022) мастакі выкарыстоўваюць чыстыя матэрыялы і мінімалізм формаў, ствараючы гештальт — цэласнае ўспрыманне твора як адзінага аб’екта. Жывапісныя палотны тут выступаюць як візуальныя маналіты, якія падкрэсліваюць унутраную структуру і тэкстуру матэрыялаў. Шматслойныя арт-аб’екты ствараюць прастору для разважанняў пра матэрыяльнасць як спосаб выказвання і адлюстравання ўнутранага свету, расказваюць пра тое, як прадметы могуць стаць метафарай чалавечага досведу.
Праект працуе да 1 лістапада.
Лізавета КРУПЯНЬКОВА
Фота аўтара