Top.Mail.Ru

Выстаўка пра маладых герояў вайны працуе ў галерэі «Універсітэт культуры»

Аўтар: Лізавета Крупянькова
23.07.2025 | 07:00

Летапіс Вялікай Айчыннай вайны напісаны трагічнымі лёсамі цэлага пакалення. Асабліва кранаюць заўсёды гісторыі дзяцей — сведкаў і ўдзельнікаў жудасных падзей, сыноў і дачок палка, чые подзвігі назаўжды засталіся ў памяці народа. У іх гонар у мастацкай галерэі «Універсітэт культуры» працуе дакументальная фотавыстаўка «Юныя абаронцы Радзімы». 


Вайна ўварвалася ў жыццё савецкага народа і нікога не пакінула абыякавым. Кожны грамадзянін лічыў сваім абавязкам выступіць супраць фашысцкага рэжыму, не гледзячы на розныя жыццёвыя абмежаванні. Дзеці вайны выраслі вельмі рана. Іх дзяцінства, абпаленае народнай трагедыяй, скончылася ў чэрвені 1941 года. І гэта пакінула вечны след на сэрцы пакалення, якое ўступіла ў дарослае жыццё з попелам замест цацак.

Па розных ацэнках, у Вялікай Айчыннай вайне ўдзельнічала больш за 400 тысяч дзяцей і падлеткаў дапрызыўнага ўзросту. Гэта былі выхаванцы баявых падраздзяленняў, партызаны, падпольшчыкі, юнгі, медыцынскія сёстры, разведчыкі. Падчас баёў юныя героі ахвяравалі жыццём таксама, як і вопытныя байцы. Іх унёсак у Вялікую Перамогу не абмяжоўваецца подзвігамі на полі бою — яны працавалі ў тыле, дапамагалі забеспячэнню войскаў і інш.

У экспазіцыі прадстаўлены дакументальныя і фотаматэрыялы пра лёсы дзяцей, якія апынуліся ў самым эпіцэнтры трагедыі. Успаміны юных удзельнікаў вайны адлюстраваны праз унікальныя фотаздымкі, радкі з лістоў і вершаў. Наведвальнікі галерэі могуць пазнаёміцца з гісторыямі дзяцей-герояў — Валодзі Дубініна, Віці Карабкова, Вані Грышакова, Эрыка Лукьянава, Віталіка Чыжыкава, Аркадзя Каманіна, Дзмітрыя Острыкава, Сашы Капылова, Вані Кузняцова, Веры Конінай і іншых. Некаторыя дачакаліся светлага дня Перамогі, а хтосьці назаўсёды застаўся на полі бою. Гісторыі подзвігаў юных герояў, якія бачым у экспазіцыі, сталі асновай для шматлікіх літаратурных твораў. Так, напрыклад, подзвігу Уладзіміра Дубініна, удзельніку партызанскага атрада імя І. В. Сталіна, прысвечана аповесць Льва Касіля «Вуліца малодшага сына».

Акрамя дакументальных звестак на выстаўцы дэманструюцца жывапісныя работы юных мастакоў з розных рэгіёнаў Расіі. Сюжэтамі для твораў сталі гераічныя подзвігі, якія здзейснілі іх равеснікі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Большасць работ — партрэтны жывапіс, а таксама батальныя эпізоды.

Як адзначаюць арганізатары, выстаўка адлюстроўвае значны ўнёсак дзяцей у перамогу над нямецка-фашысцкімі захопнікамі і накіравана на фарміраванне гістарычнай памяці і патрыятычнае выхаванне дзяцей малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту. Экспазіцыя не толькі расказвае пра гераізм юных абаронцаў Айчыны, але і паказвае, што мужнасць,самаахвярнасць і вера ў перамогу не маюць узроставых межаў.

Праект арганізаваны сумесна з Расійскім ваенна-гістарычным таварыствам пры садзейнічанні прадстаўніцтва Рассупрацоўніцтва ў Рэспубліцы Беларусь.

Выстаўка працуе да 28 ліпеня.

Лізавета КРУПЯНЬКОВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю