Выставачны праект паказвае зіму праз прызму поглядаў сучасных аўтараў і іх інтэрпрэтацыю культурнай спадчыны нашых продкаў — менавіта гэтыя дзве тэмы раскрываюцца ў экспазіцыі. «Зімняя казка» радуе гледача багаццем прадстаўленых відаў мастацтва — тут можна ўбачыць жывапіс і скульптуру, прадметы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і лічбавыя ілюстрацыі, а кульмінацыяй праекта з’яўляецца тэатр выцінанкавых ценяў і «НейраБатлейка», створаная пры дапамозе штучнага інтэлекту.
Аснову кампазіцыі складаюць работы сучасных беларускіх мастакоў: Марыны Анішчык, Веранікі Архіпавай, Ірыны Бельскай, Валерыі Бірала, Анастасіі Бурай, Мішы Дайліды, Яны Доўнар, Наталіі Еўтух, Таццяны Калькеевай, Таццяны Леановіч, Алены Ліпінскай і інш. Над дэкарыраваннем уваходнай зоны працавала Алена Ермаловіч (студыя-майстэрня «Smile House»).
Першая зала галерэі прысвечана беларускім калядным традыцыям, адлюстраваным у жывапісе, лічбавай ілюстрацыі і аб’ектах дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Праект Анастасіі Бурай «НАстроі» раскрывае структуру і стылістычныя асаблівасці жаночага строю пэўнага раёна. Гэтая серыя дэкаратыўных кампазіцый складаецца з 5 твораў, дзе кожная работа паказвае важныя і пераломныя моманты ў жыцці жанчыны.
Пачынаецца серыя з вобраза нявесты ў ляхавіцкім строі. Дзяўчына трымае ў руках кветкі шыпшынніку, які сімвалізуе маладосць, прыгажосць і каханне. На другой рабоце адлюстравана цяжарная жанчына ў пухавіцкім строі. Тут можна ўбачыць фрагмент арнаменту з сімвалам багіні-маці. Трэцяя гераіня паказана ў барысаўскім традыцыйным строі, яна трымае на руках дзіця, на другім плане — калыска і ручнікі з матывамі сям’і. Замужняя жанчына ў слуцкім строі стаіць каля лаўкі, тут жа атрыбуты Вялікадня, выкарыстаны матыў энергіі. Пяты вобраз, які падводзіць вынікі жыцця беларускіх жанчын мінулага, — гэта бабуля, якая трымае ў руках доўгі ручнік (метафара паказвае яе доўгае жыццё). Яна была ткачыхай, аб чым сведчыць ткацкі станок на заднім плане. Гэты сімвал паказвае тое, што, як ткачыха тчэ палатно, так і чалавек — свой лёс.
Аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя Алёны Сінкевіч «Жанчыны» з трох элементаў знаёміць гледача з аўтарскай тэхнікай пляцення вузламі. Разнастайныя калядныя маскі аўтарства Joynklne, выкананыя ў тэхніцы пап’е-машэ, прывабліваюць незвычайнымі формамі і дзіўнымі міфічнымі персанажамі.
Асноўным сюжэтам для жывапісных работ сталі традыцыі святкавання Калядак на тэрыторыі Беларусі. Не абышлося без казачных істот, чараўніцтва і алегорый. Мастакі працуюць у розных стылях. На выстаўцы можна ўбачыць работы ў кірунках экспрэсіянізм, імпрэсіянізм, анімалістыка, абстракцыя і інш.
Другая зала прысвечана чараўніцтву люстэрак, на якіх звычайна варожаць дзяўчаты ў калядную ноч, каб даведацца будучыню. Творцы папрацавалі над звыклымі для гледачоў формамі люстэрак і ператварылі іх у фантастычных істот, напоўненых містыкай і сапраўдным беларускім духам.
Араматызаваны тэатр выцінанкавых ценяў паглыбляе ў казачную атмасферу, якую дапаўняюць апавяданні беларускага Палесся ў выкананні Юрыя Жыгамонта. Гэта сапраўднае месца рэлаксацыі, дзе можна адпачыць пасля цяжкай працы, зрабіць расслабляльную аромапрактыку пад акампанемент народных казак.
Галоўнымі героямі «НейраБатлейкі» ад галерэі FARBA сталі каза як адзін з распаўсюджаных калядных сімвалаў, беларускі дух зімы — Зюзя, жанчыны-калядоўшчыцы і сыны зімы, якія хочуць захапіць святло Зямлі. Цікавая гісторыя з беларускім каларытам падыходзіць для сямейнага прагляду.
Выставачны праект працуе да 2 сакавіка.
Фота аўтара