Top.Mail.Ru

Вынік пошукавай працы

Аўтар: Раман Сэрвач
23.01.2025 | 17:36

Пабачыў свет чарговы — другі па ліку — выпуск перыядычнага зборніка артыкулаў «Архіўны дыялог». Кніга, падрыхтаваная Нацыянальным архівам Рэспублікі Беларусь (выдавец — мінскі «Колорград»), змяшчае пад адной вокладкай матэрыялы Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Архіўны дыялог: Архівы пра людзей, людзі ў архівах», II Скалабанаўскіх чытанняў «Краязнаўчы рух праз прызму архіўных крыніц», а таксама круглых сталоў, што адбыліся на пляцоўцы Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь.


Адразу варта зазначыць, што ўсе гэтыя навуковыя канферэнцыі, круглыя сталы прыцягнулі да ўдзелу самых вядомых навукоўцаў, архівістаў, даследчыкаў Беларусі. Плёнам сваіх росшукаў падзяліліся кандыдаты гістарычных навук Зінаіда Антановіч («Інфармацыйны патэнцыял і праблемы даследавання рэгістрацыйна-ўліковай дакументацыі органаў канфесіянальнага кіраўніцтва хрысціянскіх канфесій канца XVIII — пачатку XX ст.»), Аляксандр Бараноўскі («Дакументы Цэнтральнага навуковага архіва НАН Беларусі як крыніца па гісторыі краязнаўчага руху на Віцебшчыне ў другой палове 1920-х гг.»), Мікалай Півавар («Новыя імёны ў краязнаўстве: супрацоўнікі Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці як даследчыкі Віцебшчыны»; «„Будзьце здаровенькі...“: В. Скалабан у маім лёсе і краязнаўстве Беларусі»), дактары гістарычных навук Аляксей Літвін («Цэнтралізаванае кіраванне партызанскім рухам у гады Вялікай Айчыннай вайны: пошук аптымальных рашэнняў»), Аляксандр Гужалоўскі («Удзел беларускай моладзі ў VI сусветным фестывалі моладзі і студэнтаў 1957 г. у Маскве») і інш. 

Старонкі новага выпуску «Архіўнага дыялогу» напоўнены процьмай адкрыццяў. Аўтары дакладаў і выступленняў — кожны ў межах сваёй арыгінальнай тэмы — прарабілі вялікую пошукавую працу. Несумненна, зборнік будзе карыстацца попытам і ва ўніверсітэцкіх аўдыторыях, і сярод гісторыкаў акадэмічнага асяроддзя. Шкада, што наклад другога выпуску «Архіўнага дыялогу» здзейснены тыражом усяго толькі 70 экзэмпляраў. Калі ўлічыць, што разам сабраны артыкулы 54 аўтараў, якія будуць не супраць мець зборнік у сваёй прыватнай бібліятэцы, то, відавочна, кніга мала ў якую бібліятэку краіны трапіць. А яшчэ ж самі архівы, ВНУ, іншыя навуковыя і даследчыцкія цэнтры... Што ўжо казаць пра тое, што плён працы шэрагу аўтарытэтных беларускіх навуковых пляцовак будзе вядомы ў Расіі і іншых краінах свету!

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю