Пасля прачытання кнігі Кацярыны Купрыянавай «Казкі, якія мяняюць нас» з’яўляецца думка: якія б перашкоды ні ўзнікалі на тваім шляху, усё можна пераадолець, калі верыць у свае сілы і не здавацца. У кожнай метафарычнай казцы хаваецца надзея на лепшае. І ўсё ж галоўны пасыл кнігі — несці ў гэты свет па-сапраўднаму добрае і вечнае, бо тое, што «мы аддаём, застаецца з намі, што пакідаем сабе, знікае».
У анатацыі пазначана, што гэта «зборнік метафарычных гісторый, якія парадуюць дзіця, якое жыве ў кожным з нас». Героі не толькі прадстаўнікі расліннага (Кветка, Бяроза і іншыя), жывёльнага (Ластаўка, Цвыркун, Янот і г. д.) і навакольнага светаў (Мора, Бераг і інш.), якія насамрэч увасабляюць нас, людзей, але і казачныя персанажы — Пачвара, Эльф і Адзінарог, а яшчэ філасофскія катэгорыі — Любоў, Недавер, Значнасць, Рэўнасць, Разлука, Чараўніцтва. І ўсе яны надзелены чалавечымі рысамі.
Праз зразумелыя кожнаму чытачу сюжэты аўтар паказвае, чаму мы часам губляемся ў цемры, перастаём верыць у свае сілы, не можам адчуць сябе любімымі і шчаслівымі. Здаецца, сваімі гісторыямі Кацярына Купрыянава спрабуе вылечыць душу кожнага, хто, як гераіня казкі «Лабірынт душ», заблукаў у тупіках жыцця і спрабуе выбрацца з цемры. На прыкладзе гераіні аўтар паказвае, як важна, каб побач знайшоўся той, хто паверыць у цябе і падтрымае, што і зрабіла чараўніца Фру-Фру, калі выратавала дзяўчыну. Тая была ў адчаі, калі ў яе руцэ раптам з’явілася свечка — сімвал веры і надзеі ў тое, што яшчэ не ўсё страчана. А пасля гераіня заўважыла рознакаляровую крэйду і пачала ствараць прыгожыя карціны на сценах лабірынта. «Калі мне не наканавана адсюль выбрацца, — падумала яна, — тады я правяду апошнія гадзіны свайго жыцця за любімым заняткам». Менавіта дзякуючы радасці, якая з’явілася падчас малявання, душа дзяўчыны зноў расквітнела, што дазволіла ёй выбрацца з цемры. А яе пейзажы, створаныя на халодных камянях чорнага лабірынта, сталі рэальнасцю, бо чараўніца ажывіла малюнкі дзяўчыны.
Вельмі кранае казка «Вясна, Лета, Восень, Зіма і зноў Вясна», дзе расказваецца, як Любоў шукала ідэальную пару. З цікавасцю сочыш за тым, як складваліся адносіны Салаўя і Бэзу, Мора і Берага, Лавачкі і Ліхтара... На іх прыкладах пісьменніца паказвае, што перашкаджае захаваць любоў... Аўтар дорыць чытачу надзею: «Многія да сёння шукаюць Любоў, чакаюць яе, клічуць, не разумеючы, што Любоў не трэба шукаць. Яна паўсюль!»
Мяркую, кожны, знаёмячыся з персанажамі казак, пазнае ў іх сябе, бо героі перамагаюць фобіі, пераадольваюць унутраныя бар’еры і такім чынам раскрываюць свае найлепшыя якасці. Асабліва аўтару гэтых радкоў спадабалася гісторыя «Дом», дзе адзін з герояў — Янот — ніяк не мог знайсці паразуменне з іншымі насельнікамі і змагаўся са сцяной неразумення, літаральна разбіраючы яе (а насамрэч сябе) па цаглінках, бо сам яе пабудаваў з-за сваіх страхаў. Дзякуючы Чараўніцтву, якое раптам завітала ў гэты халодны і негасцінны дом, Янот сапраўды паверыў, што можа стаць шчаслівым тут і цяпер. Ён прыйшоў да высновы: «не варта спрабаваць змагацца з рэальнасцю, імкнуцца змяніць ці выправіць штосьці ці кагосьці, трэба мяняць сябе!»
Пэўна, кожны, прачытаўшы гэты зборнік, паглыбіцца ў шматгранны свет пачуццяў. Невыпадкова кніга змяшчае столькі чароўных ілюстрацый, якія непарыўна звязаны з сюжэтамі казак і спрыяюць самарэфлексіі. Мастачка Карына Волкава настолькі па-майстэрску ўпрыгожыла гэтыя гісторыі, што нават беглае знаёмства з кнігай, паглыбляе ў свет метафарычных вобразаў і алегорый.
Ірына ПРЫМАК