Top.Mail.Ru

Вялікі тэатр Беларусі ажыццявіў новую пастаноўку «Яўгенія Анегіна»

Аўтар: Ларыса Цімошык
17.12.2024 | 18:41

Ёсць творы, успрыманне якіх карэкціруецца пад уплывам розных сітуацый, у тым ліку ў залежнасці ад узросту. Таму і перачытваюць некаторыя па некалькі разоў за жыццё. Да таго ж свае «прачытанні» прапаноўваюць творцы розных відаў мастацтва. Адзін з тых, хто ўзяў раман Аляксандра Пушкіна за аснову для ўласнага твора, — Пётр Чайкоўскі. Ён нават спрабаваў змяніць фінал у оперы «Яўгеній Анегін», але публіка на той час ужо засвоіла паэтычную версію з фармулёўкай «я другому отдана и буду век ему верна». І лірычная музыка адлюстравала чалавечую драму настолькі ярка, што твор Чайкоўскага набыў папулярнасць ва ўсім свеце. Але ж і опера, ужо як асобны твор, таксама мае права на «прачытанні». Вялікі тэатр Беларусі ажыццявіў новую пастаноўку «Яўгенія Анегіна» Чайкоўскага, восьмую за сваю гісторыю.


Мастацкая стыльнасць 

Гэта першае, што адзначыць наведвальнік тэатра, таму што візуальныя вобразы закладваюць аснову для ўспрымання оперы. І гэта тое, што ўразіць найперш: спектакль вельмі стыльны. Калі глядзець на строі галоўных герояў у розных дзеях (мастак па касцюмах Таццяна Лісавенка), то зразумела: удалая стылізацыя дае магчымасць абстрагавацца і робіць сутнасць спектакля больш умоўнай. Калі напачатку назіраем за жыццём у сядзібе Ларыных (з гераінямі ў сукенках з кветкавымі ўзорамі, якія былі ўзяты з часопісаў ХІХ стагоддзя), то напрыканцы вобраз Пецярбурга паўстае падчас балю-маскараду і задаецца гравюрамі колішняга Неўскага праспекта — яны перанесены на строі герояў. І гісторыя Таццяны і Яўгенія ўжо не здаецца далёкай ад нас. Галоўны мастак Вялікага тэатра Беларусі і мастак-пастаноўшчык «Яўгенія Анегіна» Любоў Сідзельнікава адзначыла: 

— Стварэнне спектакляў — гэта сумесная праца: і рэжысёрскі погляд на гісторыю, і адчуванне музыкі дырыжорам, хормайстрам ды іншымі датычнымі да пастаноўкі асобамі. Мы распрацоўвалі візуальную канцэпцыю, зыходзячы з пастаўленых задач і ўласнага погляду. Напачатку ў нас было пяць варыянтаў мастацкага афармлення. Хацелася стварыць гісторыю, якая б адпавядала і паэзіі Пушкіна, і таму часу, і музыцы Чайкоўскага. Каб візуальная карцінка рабіла зразумелай эпоху, у якую адбываецца дзеянне. Але трэба было паглядзець на яе вачыма чалавека, які жыве цяпер, і распавесці сучаснай мастацкай мовай, не адыходзячы ад праўды. 

Дынаміка і масавыя сцэны

І гэта дзіўна для лірычнай оперы «Яўгеній Анегін», бо нават сам кампазітар, ствараючы яе, быў упэўнены, што будзе цяжка зачапіць гледача, які любіць інтрыгі і сюжэтныя павароты. Аказалася, рух і дзеянне можна не толькі закласці ў сюжэце і музыцы, але і абазначыць на сцэне пастановачнымі сродкамі. Ніна Ламановіч, галоўны хормайстар тэатра, згадала:

— Гэта чацвёртая пастаноўка «Яўгенія Анегіна» ў маім творчым жыцці. Першая была, калі толькі прыйшла ў тэатр: на сцэне быў вобраз дома памешчыка са свечкай, самаварам, абаранкамі... А гэты спектакль не падобны ні на адзін з папярэдніх. Таму што цяпер іншыя тэхнічныя магчымасці сцэны, пастаноўшчыкі ўмела імі карыстаюцца. Тое, што тычыцца работы хору: нам трэба зрабіць так, каб паказаць пэўны пласт рускага жыцця. Хор разарваны, рухаецца часткамі з розных бакоў. Бо ў паэме Пушкіна вакол галоўных герояў шмат персанажаў. Рэжысёр шмат працавала над тым, каб гэта адчувалася і на сцэне. Дапамагаюць артысты хору. 

Больш музыкі Чайкоўскага

Яшчэ ў мінулым сезоне ў тэатры ішла старая версія «Яўгенія Анегіна», і фактычна без перапынку гледачам прапануюць новую: хто ведае і любіць оперу, можа параўнаць — і знойдзе адрозненні, не толькі знешнія. Цікава, што для выканання оперы падрыхтавалі тры склады салістаў, ёсць, напрыклад, славуты (з народнымі артыстамі ў пэўных ролях), ёсць больш малады, нават «эксперыментальны». Галоўны дырыжор Вялікага тэатра Беларусі Арцём Макараў распавёў:

— Для мяне гэта пяты «...Анегін». І кожны раз цікава. Думаю, што ёсць пэўныя складанасці для рэжысёра-пастаноўшчыка, таму што ўжо былі розныя версіі: і ў музычным тэатры, і ў драматычным. Рэжысёрам даводзіцца ўвесь час нешта прыдумваць, кожны раз мы бачым нейкія канцэпцыі. Праца мастака-пастаноўшчыка таксама мае вялікае значэнне. А паколькі гэта опера з танцавальнымі нумарамі — і ў нашай пастаноўцы адкрыты некаторыя кавалкі, якія часам скасоўваюць, таму вялікае значэнне мае праца балетмайстра-пастаноўшчыка. 

Успрыманню оперы дапамагае балет 

Ён нават дапамагае расставіць акцэнты, у прыватнасці ў сцэнах балю: тут у танцы кружацца паненкі ў чырвоных сукенках, але Таццяна выбрала ўбор такога ж колеру! Гэта той самы баль, дзе Анегін пабачыць былую знаёмую і вырашыць «закруціць» з ёй. Напэўна, на яго думку, наяўнасць мужа — не перашкода для кахання. І, магчыма, Таццяна адна з нямногіх, хто лічыць інакш (калі меркаваць па танцах)... Галоўны балетмайстар тэатра Ігар Колб прызнаўся: 

— Мясціны, дзе адбываецца дзеянне «Яўгенія Анегіна», мне вельмі блізкія: кожнае лета я знаходжуся ў Пушкінскіх гарах, Міхайлаўскім. І калі прыйшла прапанова аб сутворчасці падчас пастаноўкі оперы Чайкоўскага «Яўгеній Анегін», то першапачатковыя сумненні адышлі ўбок, таму што адкрылася магчымасць па-іншаму паглядзець на гэтую гісторыю. Ганна Дзмітрыеўна як рэжысёр у прынцыпе па-свойму глядзіць на любы твор, і купюры, якія адкрыліся ў музыцы Чайкоўскага, дазволілі мне больш шырока паглядзець на тое, што можа адбывацца на сцэне. 

Канцэптуальная ўмоўнасць

Калі анансуецца прэм’ера оперы, якая ў тэатры ідзе даўно і паспяхова, то кожны раз паўстае пытанне: а навошта нешта мяняць, калі ўсё «працуе»? Калі толькі не прапаноўваць нейкую радыкальную канцэпцыю... Але мы маем новую канцэпцыю, далёкую ад радыкалізму, і ўсё-такі з пэўнай ступенню ўмоўнасці, калі кожны можа прымераць вобразы на сябе. Чаму так? Ганна Маторная, галоўны рэжысёр тэатра і рэжысёр-пастаноўшчык спектакля, патлумачыла: 

— Задача была такая: стварыць спектакль на нейкі прамежак часу для пэўнай катэгорыі слухача. Таму што тыя, каму 40+, прыйдуць да нас заўсёды. Тыя, хто любіць Вялікі тэатр, — ужо нашы гледачы. Задача на сёння — стварыць такую партытуру спектакля, якая б магла зачапіць маладых людзей. Каб спектакль быў блізкім, зразумелым, шчымлівым. Але каб срэбра блішчэла, яго трэба чысціць. Сёння можна адбіць у моладзі жаданне прыйсці ў оперны тэатр толькі адным «Яўгеніем Анегіным». Я мяркую, што гэта найперш асветніцкая гісторыя. Гэта шэдэўр, звязаны з рускай культурай. Яна мае інтанацыйны складнік, пэўныя вобразы, якія захопліваюць і прымушаюць разважаць пра яе. «Энцыклапедыя рускага жыцця» — гэтага ніхто не адмяняе, у тых ці іншых касцюмах. Але «Яўгеній Анегін», на мой погляд, — гэта пра ўсіх нас. Таму што атачэнне, падобна «ларынскаму» ці «грэмінскаму», — вакол нас. Змяніліся толькі дэкарацыі і касцюмы. Але, якія б яны ні былі, сэнс застаецца той жа... Нам трэба было зрабіць так, каб «Яўгеній Анегін» стаў сцяжком, які б звяртаў увагу: людзі, паглядзіце, што вы робіце, што адбываецца вакол вас... 

Фота з сайта Вялікага тэатра Беларусі

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю