Top.Mail.Ru

Вялікая Перамога — важная падзея для кожнага

Аўтар: Лізавета Крупянькова
11.02.2025 | 08:00

Нацыянальны мастацкі музей запрашае на выставачны праект «Сцяг Перамогі», прысвечаны святкаванню 80-годдзя Вялікай Перамогі і заканчэння Вялікай Айчыннай вайны. На мастацкіх палотнах — мужныя героі тых часоў у эпіцэнтры жорсткіх падзей, якія назаўсёды пакінулі крывавы след на старонках нашай гісторыі.Праект арганізаваны Расійскім клубам праваслаўных мецэнатаў і грамадскім аб’яднаннем «Рускае культурна-асветніцкае таварыства». Аўтарам канцэпцыі з’яўляецца член праўлення жывапіснай секцыі Маскоўскага саюза мастакоў, народны мастак Расійскай Федэрацыі, акадэмік Расійскай акадэміі мастацтваў Пётр Стронскі.



Праўдзівыя сведкі мінулага

Вялікая Перамога — важная падзея для кожнага — пакінула след у жыцці некалькіх пакаленняў. Штогод усё менш і менш застаецца жывых сведкаў крывавых часоў вайны, тых, хто на ўласным вопыце адчуў сапраўдную каштоўнасць міру. Але яркія жывапісныя палотны, маўклівыя скульптуры, пранікнёныя літаратурныя творы і дагэтуль знаёмяць нас — шчаслівае пакаленне мірнага неба — з жахамі, пакутамі і болем Вялікай Ачыннай вайны. Мастацкія помнікі гісторыі адзіныя здольны паказаць вайну ў сапраўдным яе абліччы, перадаць пачуцці пераможцаў і пераможаных, сказаць, што ўсе мы ў чымсьці пацярпелі паражэнне, цана якому — чалавечае жыццё.


— Дзякуючы творчасці мастакоў, скульптараў, пісьменнікаў, рэжысёраў мінулага і сучаснасці, сёння мы можам дакрануцца да подзвігу народа, які стаў на абарону сваёй Радзімы ў той нешчаслівы 1941 год, можам убачыць вочы людзей, якія святкавалі Вялікую Перамогу ў 1945-м, можам паглядзець на мясціны, якія сёння з’яўляюцца помнікамі, сведкамі страшэнных падзей вайны, — выступіла на адкрыцці праекта кансультант упраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Надзея Аўдзей.

Натхніцца на подзвіг

Выстаўка адкрылася ў Нацыянальным мастацкім музеі невыпадкова. Установа літаральна паўстала з попелу, год за годам вяртаючы экспанаты страчанай у ваенны час калекцыі мастацкай галерэі.

— Трэба зрабіць акцэнт на перасоўным фармаце выставачнага праекта. Вельмі каштоўна, што ён вярнуўся ў нашы дні, бо дазваляе ахапіць вялікую колькасць рэгіёнаў, краін і людзей, — расказала генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Ганна Конанава. — «Сцяг Перамогі» ўжо быў падняты ў чэрвені 2024 года ў Музеі гісторыі Магілёва, а ў ліпені — верасні — у Музеі абароны Брэсцкай крэпасці. Мы вельмі ганарымся, што ў такі важны год не толькі для нашай краіны, але і для ўсяго свету выставачны праект «Сцяг Перамогі» працуе ў Нацыянальным мастацкім музеі. Выстаўка заклікае натхніцца патрыятычнымі мастацкімі творамі.


Пра наш агульны чалавечы лёс

У асабліва цяжкія хвіліны на фронце, калі надзея пакідала салдат, многія з іх прыходзілі да веры. Яны знаходзілі ў ёй сілы і мужнасць, падтрымку і палягчэнне перад тварам смерці. На адкрыцці выставачнага праекта прысутнічаў ганаровы госць — настаяцель прыхода храма ў гонар Усіх святых і ў памяць аб ахвярах, якія паслужылі выратаванню Айчыны нашай, протаіерэй Фёдар Поўны.

— Высокае мастацтва павінна захоўваць гісторыю і асоб, адлюстроўваць духоўны стан чалавека, інакш яно становіцца дэкаратыўным. Мастацтва — гэта адзін з дзейсных спосабаў для народа захоўваць гістарычную праўду. Толькі праз 80 гадоў мы пачынаем асэнсоўваць уплыў Вялікай Айчыннай вайны на наш агульны чалавечы лёс, аднак чым далей мы адыходзім ад тых жудасных падзей, тым менш праўды застаецца вакол нас. І ў такім выпадку чалавек можа звяртацца толькі да мастацтва, якое шчыра паказвае ўсе цяжкасці, выпрабаванні, гора і пакуты, адлюстроўвае ўсю сутнасць вайны, захоўваючы пачуцці тых, хто прайшоў праз агонь і кулі.


Гэта было даўно, гэта было нядаўна

У экспазіцыі прадстаўлена больш чым 40 жанравых твораў сучасных мастакоў Расіі, прысвечаных падзеям ваеннага часу: партрэты ветэранаў, ілюстрацыі да літаратурных твораў пра вайну, пейзажы, нацюрморты, філасофска-сімвалічныя кампазіцыі на ваенную тэматыку. Сярод аўтараў выстаўкі — народныя мастакі Расійскай Федэрацыі Пётр Стронскі, Антон Сцякольшчыкаў, Людміла Юга, заслужаны мастак РФ Аляксандр Полазаў, правадзейны член Расійскай акадэміі мастацтваў Аляксей Буртасенкаў, ганаровы член Расійскай акадэміі мастацтваў Барыс Сяргееў і іншыя.

Уражвае стылістычная разнастайнасць твораў. На выстаўцы можна ўбачыць работы ў кірунках рэалізм, экспрэсіянізм, гарадскі пейзаж, натуралізм, таксама графіку і батальны жанр. Большую частку экспазіцыі складае партрэтны жывапіс — у вачах і постацях людзей мастакі адлюстравалі цяжар ваенных выпрабаванняў. Гэта даніна павагі тым, хто ахвяраваў жыццём дзеля Перамогі. Тут сустракаюцца безаблічныя героі —зборныя вобразы ветэранаў, удоў і сірот і рэальныя асобы, якія пакінулі след у гісторыі. Менавіта праз лёс чалавека можна паказаць гора і боль канкрэтнага народа і ўсяго чалавецтва. Маці, якая пахавала маладога сына, забітага ў няроўным баі, зразумее іншую маці, нават калі паміж імі тысячы кіламетраў і размаўляюць яны на розных мовах. Маўклівая постаць ветэрана (адзін з самых распаўсюджаных вобразаў пасля маці) паказвае ціхую радасць за мірнае неба і шчасце маладога пакалення.


Народны мастак Расійскай Федэрацыі Пётр Стронскі ў жывапіснай форме ўвасобіў памяць пра свайго бацьку — ён і чатыры яго браты ваявалі на розных франтах Вялікай Айчыннай вайны. Мастак адлюстраваў свайго бацьку за сталом, перад ім ляжаць «трохвуголкі», якія дасылаў матулі з поля бою. На гэтым фоне праносяцца ўспаміны, як матуля праводзіць сваіх сыноў на фронт. Другі твор акадэміка расказвае пра марскога пехацінца, з якім мастак быў знаёмы асабіста. Георгій Шырокаў абараняў і Ленінград, і Маскву, і Новарасійск.

Батальныя сцэны на карцінах расійскіх мастакоў уражваюць прапрацаванасцю дэталяў, дынамікай і прыгнечанай атмасферай, якая перадае настрой і пачуцці народа падчас вайны.

На выстаўцы «Сцяг Перамогі» глядач можа прасачыць храналагічную паслядоўнасць ваенных падзей — ад нападу фашысцкіх захопнікаў на тэрыторыю СССР да асэнсавання вынікаў вайны праз дзесяцігоддзі. Значная частка агульнай гісторыі, вялізная чалавечая трагедыя, рана ад якой не зацягнулася і праз 80 гадоў. Подзвіг нашага народа падчас Вялікай Айчыннай вайны заўсёды будзе натхняць і з’яўляцца крыніцай творчых тэм і для прафесійных мастакоў, і для юных творцаў.

Праект працуе да 24 лютага.

Лізавета КРУПЯНЬКОВА

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю